У ЛЕС ПА ЧАРНІЦЫ,. 21.by

У ЛЕС ПА ЧАРНІЦЫ,

27.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

альбо Хуткасць збору залежыць... ад канкурэнцыі!

Наша сям'я — перакананыя ягаднікі. Зрэшты, нічога дзіўнага. Бацькі — абое з вёскі. Толькі тата — з беларускай, а мама — з расійскай. Самі прывыклі з дзяцінства збіраць дары лесу — і нас з братам прывучылі. Таксама з самага юнага ўзросту. Спачатку — у кубачкі, навыперадкі. Затым — у бітончыкі. Былі ў нашым дзяцінстве такія — двух-, трохлітровыя, металічна-эмаліраваныя, для малака. І зараз перад вачыма, хаця ў рэальнасці даўно ўжо саржавелі і выкінуты за непатрэбнасцю. Карацей, мой стаж ягадніка (падумаць толькі!) — не менш за 30 гадоў. А значыць, можна і параўноўваць, і высновы рабіць.

Не, і грыбнікі мы — таксама. Але ж калі яшчэ тыя грыбы масава пойдуць. Ды і ці будуць. А ягады — вось яны. Ужо не першы дзень — аб'ект пільнага клопату тых, хто вольны ад працы. Ну, а астатнія імкнуцца наведаць лясы-бары-балоты ў выхадныя.

Прыемна патрапляць у ягадныя мясціны першымі. Пры ўмове, што чарніцы паспелі ўжо. Летась атрымалася. А вось сёлета... Нехта зарана пусціў слых, што яны паспелі ўжо. І народ ірвануў... Хтосьці — для сябе збіраць, хтосьці — для продажу, а хтосьці — для здачы ў нарыхтоўчыя пункты (тыя ж крамы райспажыўтаварыстваў). Але...

На мой погляд, усё ж ранавата, ранавата... Недарэмна ж пачаткам збору чарніц у Мінскай вобласці выбралі 30 чэрвеня. Ды толькі ці шмат хто будзе чакаць гэтай даты? Калі ягады — вось яны, сінеюць завабліва...

Карацей, бліжэй да 30-га мы былі ўжо не першымі і нават не дваццаць першымі. Зрэшты, на палянках-прагалінах ягады і сапраўды паспелі ўжо. Практычна паспелі. А ў густым лесе спелыя амаль напалову былі разбаўлены зялёнымі. Сустракаліся нават сінія, але з зялёнымі бачкамі.

Але гэта не спыняла аматараў "ціхага палявання" (можна ж так сказаць пра збор ягад, а не толькі грыбоў?). Ды і не такое яно было і ціхае... А палове сёмай раніцы лес поўніўся галасамі. Па лясной накатанай дарозе даволі часта невялікімі групамі шпацыравалі ягаднікі (з'езды-спускі сёлета зрылі бульдозерамі дашчэнту, і машыны давялося пакідаць на абочыне трасы). Гукалі то Сярожу (з такім надрывам, быццам чалавек цэлы дзень блукаў па балоце па пояс у твані!), то Волю... Ну, апошнюю сапраўды не варта было губляць — усё ж вадзіцель (серабрыстай іншамаркі!). І дзейнічалі ягаднікі таксама па-свойму. Хтосьці захоўваў адлегласць, а хтосьці, згледзеўшы мора чарніц, лез ледзь не пад рукі, імкнучыся схапіць як мага больш. Апошняе назірала на свае вочы.

У лесе, куды мы выправіліся па ягады, надараліся і балоцістыя ўчасткі, і плямы без ягадніку. Праўда, найчасцей зарослыя бруснічнікам. Крыху пахадзілі, пакуль выйшлі на адну невялікую палянку, другую... Пасля ўбіліся ў балота, дзе раслі глянцава-чорныя ягады (іх бабуля чамусьці называла "цыганкамі"). І зноў накіраваліся ў пошукі, дзе чарніцы буйнейшыя і дзе іх болей.

І раптам — цуд перад вачыма! Вось сапраўды ногі самі вынеслі! Велікаватая палянка — і ўся-ўся сіняя! Прычым ягад не тое каб шмат, а вельмі шмат! І звісаюць яны з невысокіх кусцікаў цэлымі гронкамі.

"Колькі жыву, а такое ўпершыню бачу!" — маланкай праносіцца ў галаве. А пастава ўжо аўтаматычна прымае "позу ягадніка", і абедзве рукі пачынаюць спрытна сашморгваць чарніцы, ссыпаючы ў падвязанае вядзерца.

Ух, здаецца, я ніколі ў жыцці не збірала іх з такім спрытам! Да таго ж адна з жанчын, што знаходзілася метраў за дзесяць, раптам, аддзяліўшыся ад сваёй таварышкі, імкліва пачала рухацца насустрач. Ці вокліч сцішана-захоплены яна пачула, ці згледзела мае імклівыя рухі... Але факт застаецца фактам: набліжалася канкурэнтка.

Спрабуючы "ачарціць" як мага шырэйшы радыус, рухаемся насустрач. Няма часу нават кінуць позірк на гадзіннік, хаця адчуваю, што стаўлю асабісты (а можа, і не толькі) рэкорд па зборы чарніц на хуткасць. І тут акурат у вока з усяго размаху ўлятае... камар! Ой, ды няма калі яго даставаць! Крыху адсоўваю пазногцем убок, каб не замінаў глядзець, і — працую, працую абедзвюма рукамі...

І вось мы з канкурэнткай сышліся літаральна нос да носа. Але... Няма калі нават яе разгледзець — можа, хто знаёмы? Дружна "грабём" ягады. Маўчым зацята. Поўная цішыня. Ніякіх вам: "Ой, колькі ягад! Праўда, нам пашанцавала? А вы даўно тут?" Не да гэтага. Бо вакол — цэлае мора чарніц.

І вось мернае літровае вядзерца іх, буйных і сакавітых, накідана. Па маіх адчуваннях — дык хвілін за дзесяць. Усё больш павольнымі робяцца рухі. Чарніц на палянцы яшчэ шмат. Нават калі прайсціся па ўласных слядах і выбраць да адной.

Гэтак жа раптоўна знік імпэт і ў канкурэнткі. Яна павольна разварочваецца і прастуе да сваёй таварышкі. А ў той, відаць, таксама нядрэнныя ягады, бо за ўвесь час нашага маўклівага імправізаванага спаборніцтва яна практычна не зварухнулася з месца.

Ужо зусім не спяшаючыся, дабіраем сваю тару. Не, не дзесяцілітровыя вёдры — амаль напалову меншыя. Для сябе, не для здачы. У адрозненне ад тых дзвюх жанчын, якія разважаюць услых пра невысокія заробкі і магчымасць хоць крыху падзарабіць. І пра тое, што вельмі нізкі кошт прыёму выставілі сёлета райспажыўтаварыствы. Таму, маўляў, лепш накіравацца на базар альбо на трасу, дзе, калі пашанцуе, дадуць у 2-3 разы больш.

Прызнаюся: думка крыху падзарабіць на ягадах узнікала і ў мяне. Толькі, здаецца, пакуль той адпачынак, іх днём з агнём не адшукаеш. Бо калі мы ўжо вярталіся назад, дык збіліся з ліку, колькі машын стаяла на абочынах. Ну што ж, чарніцы сёлета, як ніколі, карыстаюцца папулярнасцю. І стварыў жа хтосьці ў прыродзе такі цуд!

... Перапрацаваўшы набранае, засталіся цалкам задаволеныя паездкай. І хуткасцю збору — таксама! Вось што робіць нават у лесе... канкурэнцыя!

Святлана АДАМОВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
альбо Хуткасць збору залежыць... ад канкурэнцыі!
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика