Чароўны дзьмухавец. 21.by

Чароўны дзьмухавец

29.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэта ён радуе нашы вочы, лечыць ад многіх хвароб і нават... “частуе” смачнай салатай

Летам мы можам хадзіць па траве і кветках, асабліва ў сельскай мясцовасці, колькі хочам. І ходзім, часцей за ўсё занятыя сваімі думкамі і клопатамі, не зважаючы на тое, што пад нагамі — жывое хараство, без якога нельга ўявіць наша жыццё і якому няма цаны. Проста мы прывыклі, што наша родная прырода настолькі шчодрая, i гэтае яе рознакаляровае жывое багацце, ад водару якога злёгку кружыцца галава і становіцца прыемна на сэрцы, быццам ты апынуўся ў незвычайным свеце, успрымаем як звычайную з’яву і абавязковасць. Асабіста я, калі стаю, зачараваны хараством летняга лугу, поля, лесу, часта ўспамінаю сваю паездку ў Егіпет, дзе адчуў пякельны подых пустыні Сахары, запоўненай мёртвым пяском, нясцерпную гарачыню сухога паветра, якім мне, беларусу, што жыве ў зялёным свеце, вельмі цяжка было дыхаць.

Таму, каб не ачарсцвець душою ў наш тлумны час, каб не прыйшла да вас абыякавасць, калі крочыце па лузе, полю, узлеску або завіхаецеся на сваёй дачы, па магчымасці часцей спыняйцеся. І здзіўляйцеся, не саромейцеся гэтага добрага, аптымістычнага пачуцця. Бо тое, што летам вакол нас, — самая вялікая таемнасць, зачараванне і сіла прыроды. Такое жыве ў кожнай кветачцы, травінцы, расліне, якія клапатліва аздобілі любы куточак Беларусі.

...З цікавасцю назіраю, як адкрывае для сябе чароўны і незвычайны свет, як захапляецца ім дзяўчынка Аленка, якая прыязджае летам у вёску да сваёй бабулі. І ў чым, думаеце, адкрывае? У звычайным адуванчыку, ці дзьмухаўцу, як называюць яго ў народзе.

— Бабуля, ідзі хутчэй да мяне! — крычыць дзяўчынка, стоячы на ўзмежку агарода. — Паглядзі, якія тут сонейкі, і вельмі іх шмат.

Бабуля падыходзіць да ўнучкі і адразу разумее, чым выклікана яе захапленне. Увесь узмежак быццам затканы пяшчотным жоўтым колерам — гэтак шчодра зацвілі дзьмухаўцы. Ну проста не ўзмежак, а жывое покрыва, ад якога нельга адарваць вачэй.

— Сапраўды, вельмі прыгожа, — кажа бабуля. — Гэта, Аленка, адуванчыкі, вельмі мілыя кветачкі, яны цвітуць з вясны да восені і надта падабаюцца ўсім. І табе, бачу, таксама падабаюцца.

— Яны ж быццам маленькія сонейкі.

Але па твары бабулі можна здагадацца, што гэтае жоўтае покрыва на агародзе побач з дбайна апрацаванымі градкамі ёй не ў радасць. Сапраўды, для вяскоўцаў і асабліва дачнікаў дзьмухаўцы перш за ўсё пустазелле. Яго трэба, не марудзячы, выкопваць з каранямі, бо вельмі жывучае і можа разысціся па ўсім агародзе. І зараз бабуля ўжо гатова ўзяцца за такую работу.

А захапленне ўнучкі? Як яна ўспрыме тое, што добрая бабуля можа пазбавіць яе гэтай прыгажосці? Цяжка будзе стрымаць слёзы, калі вострая рыдлёўка без ніякага жалю пройдзецца па гэтых свежых зялёненькіх лісціках, па надзвычай даліткатных жоўтых кветачках, якія так вабяць да сябе пчол.

Тут бабуля падрыхтавала ўнучцы цікавы сюрпрыз: спляла з гэтых кветачак вянок.

— Ну вось, Аленка, будзе ў цябе сонечны вяночак. Дай сваю галоўку, мы яго тут акуратна прыладзім.

Маленькі цуд з’явіўся на агародзе. Мілы дзіцячы тварык, белыя валасы, атуленыя жывым вяночкам з пяшчотных кветачак. Ніяк не хацела расставацца з ім Аленка. Сабралася спаць, дык паклала вяночак сабе на падушку. Праўда, калі праз некаторы час Аленка зноў прыехала да бабулі і адразу ж пабегла да сваіх “сонейкаў” — ледзь на расплакалася. Там, дзе раней раслі прыгожыя кветачкі, стаялі белыя шарыкі.

— Бабулька! — закрычала дзяўчынка. — А дзе ж мае кветачкі, хто іх вырваў?

— Ды ніхто, — адказвае бабуля. — Кветачкі адцвілі, колькі ім трэба, і ператварыліся ў гэтыя пушыстыя шарыкі. Дзьмухні на адзін з іх — убачыш, што будзе.

Аленка дзьмухнула, і з шарыка ва ўсе бакі разляцеліся лёгкія, вясёлыя пушынкі, крыху падобныя на маленькія парашуцікі.

— Вой, як цікава! — запляскала ў далоні Аленка. — Можна, яшчэ падзьму?

— Можна, таму людзі і называюць кветку дзьмухаўцом. А гэтыя пушынкі — насенне, яно разляціцца навокал, апусціцца на зямлю, і там вырастуць новыя кветачкі. Толькі не трэба, каб іх шмат залятала на наш агарод. Тады тут цесна будзе і моркве, і бурачкам, і агуркам...

Ах, добрая і мудрая бабуля! У такой складанай сітуацыі яна — тонкі псіхолаг і знаўца дзіцячай душы. Далікатна і зразумела тлумачыць унучцы, якая ад дзьмухаўца карысць, якая шкода. Хто з нас на лугах, палянах, лясных вырубках не быў зачараваны жоўтымі разлівамі гэтых раслін! Адуванчык — адна з самых распаўсюджаных раслін на нашай планеце. Карысць ад яго велізарная, ды пра гэта не ўсе ведаюць. У народнай медыцыне гэтыя самыя дзьмухаўцы ўжываюць пры лячэнні многіх захворванняў. Рыхтуюць розныя настоі, адвары, мазь, нават сокі...

А мы з жонкай у вёсцы з ранняй вясны і да восені смакуем з дзьмухаўцоў незвычайныя салаты: дробна наразаем іх свежыя лісточкі, дадаём парэзаную ашпараную крапіву, цыбулю, запраўляем смятанай — у вялікай місцы з такой арыгінальнай стравай не застаецца і лыжкі.

Вось як бывае ў прыродзе. Адзін і той жа адуванчык “выступае” ў самым розным “абліччы”. Асабіста я вельмі разумею і схільны раздзяліць захапленне гарадской дзяўчынкі Аленкі, якая ў звычайным дзьмухаўцы бачыць вясёлае сонейка...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта ён радуе нашы вочы і лечыць ад многіх хвароб
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика