Людзі, як птушкі
14.07.2012
—
Новости Общества
|
...Займець дамок — на лецішчы (а лепш, вядома ж, дом — у вёсцы альбо на хутары), пасадзіць там сад і насеяць кветак, шмат папрацаваць, каб давесці ўсё да ладу... І аднойчы, пад вечар, скасіць траву... А назаўтра прачнуцца на досвітку, выйсці на двор і... На поўныя грудзі, хапіўшы пахаў, прахалоды і птушыных спеваў, раптам адчуць, што ты — у раі... "Так, так, так...", — потым, калі вернешся ў хату, сумна пацвердзіць гадзіннік і тым самым дасць зразумець, што час твой <І>тут — абмежаваны. І раю (нейкага іншага, не зямнога) ужо не будзе. РэкламаСталіца, субота, рынак. І чаго ж тут толькі няма! Якой хочаш садавіны, якой хочаш гародніны, а ўжо ягад... — Чайнічку!.. Купіце ў нас чайнічку! — заклікае дзяўчынка гадкоў чатырох. — Сама назбірала? — пытаецца люд у маленькай "прадавачкі". — А як жа! — паказвае ручкі тая. Значыць, трэба купіць. Бабуля яе ў пакецікі насыпае ягад — каму слоік, два, каму шкляначку. А заадно з замілаваннем распавядае, што малую ў горад, а тым больш на рынак, браць дужа ж не хацелася — думалі, перашкаджаць ім будзе. А выйшла — якраз наадварот: дапамагае, бо купляюць людзі іх "чайнічку". Праходзячы міма... нават буйнейшых чарніц. Не ўсё мёд... Падстаў для зайздрасці было багата. Ну, па-першае, Вера (а ўжо ж мажная, важная, кроў з малаком) усур'ёз закахалася і, трэба разумець, узаемна, бо выходзіла замуж. Па-другое — за такога ж, як сама — высокага, прыгожага, адукаванага... Па-трэцяе — са сваёй жылплошчай і грашыма, бо тое ж вяселле, з запрашэннем нават далёкай Верынай радні, ён браў на сябе. Як і мядовы месяц... Ля мора... І, вядома ж, не Мінскага... Загар на ім яшчэ змыцца не паспеў — мы, раней шапачна знаёмыя, выпадкова сустрэліся — у чарзе. Так што грэх было не павітацца, не спытаць, што новага ў іх сямейцы, як жывуць-пажываюць? — Ды нармалёва, — з вышыні свайго росту (а таму на ўсю шматлюдную гандлёвую залу) адказаў той зайздросны жаніх. — Днём на працы абое, а па вечарах... Тэлевізара няма пакуль, дык мы ў карты з жонкай рэжэмся. Правіла такое: хто дурань — той лезе пад стол і тройчы кукарэкае... Дык вы не паверыце: Верка мая ўвесь час там сядзіць, бо дурная ж дурная... Зусім гуляць не ўмее... Падстаў для зайздрасці было багата. А не засталося. І, здаецца, ніводнай, бо яно ж і сапраўды — не ўсё тое мёд, што салодкае, не ўсё тое золата, што здалёку блішчыць. Вялікая розніца Гэту гісторыю (з канверта) можна пачаць, як казку. Кшталту "Жылі-былі бацькі і гадавалі яны дзвюх прыгожых дачок. Абедзвюх вывучылі, абедзвюх аддалі замуж: адну — у Нямеччыну, другую — у суседнюю вёску..." Надоечы (што вельмі рэдка здараецца) яны ў бацькоўскай хаце сустрэліся, усе разам сядзелі за сталом, гаманілі. "Замежніца", у прыватнасці (ад радасці рот не закрываўся), так, без пахвальбы, распавяла, што летась яны з мужам адпачылі ў Альпах, сёлета во — у Беларусь прыехалі, а на той год Парыж плануецца, бо трэба ж на ўласныя вочы Джаконду ў Луўры пабачыць, Венеру Мілоскую, на Эйфелеву вежу падняцца, ля Сены пахадзіць... Сястра тутэйшая, пачуўшы пра яе, толькі заўсміхалася, бо кароўка ў гаспадарцы, свінні, куры з куранятамі, "з паўвалочкі" бульбы з жукамі... Ды і лішніх грошай на Парыж той няма — двое дзяцей пад людзі... Але ж на сене яны — кожны гадок! І ўсёй сямейкай. ...Сена там і сена тут. Розніцы — нават ні літаркі! Аднакласнікі Лёс звёў (у школе за першай партай), лёс развёў, бо яна пасля сельскагаспадарчай акадэміі вярнулася ў родную вёску, а ён, пасля ваеннай, — паездзіў па Расіі, ажаніўся... Абое, можна сказаць, пражылі жыццё. Надоечы ў школе сустрэліся: паўспаміналі, пасмяяліся, пагаварылі пра жыццё, пра жонак-мужоў-дзяцей. — Ты в отпуске уже была? — спытаў, між іншым, прыезджы. — Не, у канцы ліпеня, — адказала яна. — А это когда? — Гэта праз месяц — у ліпені, — паўтарыла яшчэ раз. А ён... пакрыўдзіўся, сказаў: — Да брось ты цепляться за этот язык, говори па-человечески... Всё равно нет смысла. Россия по-любому подомнет всех... Калі б гэта казаў хтось іншы, яна, відаць, зразумела б і махнула рукой: сабака брэша — вецер носіць. А так... Свой гэта, свой, тутэйшы! І такі чужы! А суддзі хто? Лета, вечар, праспект. І грэх, маючы вольную гадзінку, не прайсціся, а прайшоўшыся, не "зачапіцца" вокам за рэкламны шчыт. Фрагмент фасада на ім, тры балконы ў прыгожых кветках і заклік: "Минск ждет твоего участия". Але ж ці "дождется"? Бо "участие" (ну згадзіцеся!) гэта неяк... ніяк, гэта, як той казаў, не чапляе... Куды лепш было б напісаць па-беларуску і штось канкрэтнае. Кшталту: "Пасадзі на балконе кветкі! Упрыгож свой горад". ...Лета, вечар, той жа праспект і вокны насцеж. — Ну-у!.. Аддай мяч! — нясецца з нейкага, прычым верхняга. — Адзін на адзін!.. Забі-вай!.. Такі момант!.. Мазіла — ну хто ж так б'е?! ...У першым выпадку, была, так бы мовіць, "наглядная агітацыя", у другім — футбол, чэмпіянат свету. І ў абодвух, як водзіцца, найлепшыя гульцы сядзелі... на канапе. Ахвота жаць... Гэтая матулька, відаць, як многія (ці нават усе!), спала і бачыла: вось дачка яе вырасла, вось скончыла інстытут, вось сустрэла прыгожага, разумнага хлопца (абавязкова з прыстойнай сям'і)... Вось ён, на каленях (а чаму б і не?!) просіць яе рукі. Вось яны, яе бацькі (абавязкова — разам з ягонымі!) ладзяць вяселле, дапамагаюць маладым абжывацца і гадаваць унукаў... Аднак гады ішлі, а дачка замуж — не. Ці не таму спадзевы ў маці змяніліся: аніякіх зяцёў і ніякіх унукаў яна больш не хацела. Хацела, каб дачка была толькі з ёй. Не, тая не адмаўлялася, Божа барані — прыязджала, дапамагала, але ж сустрэла такі чалавека, і зацяжарала, і нарадзіла... Бабуля немаўля тое бачыла: прыехала першы раз пакупаць і, можна сказаць, тым абмежавалася. Гэта значыць, унучцы, адзінай, ніколі нічога не шыла, не вязала, не пякла, не купляла (на дні народзін хіба грошай давала)... Ніколі не пакінула дзіця ў сябе (на ноч, на дзень-другі каранціну ў садку, на выхадны ці на тыдзень канікулаў). Так дзяўчынка і вырасла... А бабуля — сапраўды пастарэла: часцяком хварэе цяпер, амаль не выходзіць з дому і ўсім суседкам скардзіцца, што ўнучка — вельмі няўдалая: ніколі не абдыме яе, не пацалуе, не хоча прыязджаць — не мае да яе ні кроплі шкадобы, ні кроплі любові... А скуль ім узяцца, калі яны — як... грошы. Калі меў іх і ўклаў — у найнадзейнейшы з банкаў (у дзіцячае сэрца), значыць, ёсць яшчэ шанс забраць, нават з працэнтамі. Калі ж не меў... Ахвота жаць. Не пасеяўшы. Чалавек, які разумее — Прыпынак аўтавакзал "Усходні", — аб'явіў кіроўца і, спыніўшыся, падабраў аж дваіх пасажыраў: худзенькую, сівенькую бабцю з вёскі (на твары, на ручках "напісана") і яе "сынка" (амаль такога ж ссівелага, хоць яшчэ і не старога). Далікатна трымаючы пад локаць, ён правёў матулю да пярэдніх месцаў — усадзіў. Тая ўладкавалася, шчасліва ўсміхнулася, паглядзела на людзей паблізу, на свабоднае месца насупраць. Сказала: — А ты, сынок, не садзіся, пастой... Можа, хто старэнькі зойдзе. ...Слова інтэлігент, паводле слоўніка — ад лацінскага іntеllіgеns, іntеllіgеntіs — спецыяліст, чалавек разумовай працы, які разумее, які ведае. Вось гэта, апошняе, ці не пра ўсіх нашых вясковых бабуль і дзядуляў, якім так уласціва інтэлігентнасць — зноў жа паводле слоўніка — далікатнасць. У абыходжанні. Дочкі-маці Паліклініка, даўжэзны калідор з безліччу дзвярэй... І, здаецца, ля кожных — чарга... Без яе ў кабінеты заходзяць хіба свае — людзі ў белых халатах, пераважна — жанчыны... У адной з іх (гадоў 45-ці) — каса каронай... Як у Лесі Украінкі... Ці Юліі Цімашэнкі... Зрэшты, не (жанчына павярнулася спінай), здаецца, не так, бо за першай касой у яе яшчэ адна... Хоць і значна танейшая... Сплецена вельмі прыгожа — з "прывязкай" да "мясцовасці", з падборам па ходу... Сам — лічы, на патыліцы нізавошта б такое не зрабіў! Значыць, нехта з майстроў пастараўся — у цырульні... Альбо... дома. Мама... Як некалі. Для каго? Субота, ранак і рынак — гандлёвыя рады. Дзяцюк паміж іх — ну хоць ты ў рэкламе здымай, бо ўсё на ім ну такое чысценькае, такое напрасаванае (нават джынсы са стрэлкамі). І сам бездакорна прычасаны, бездакорна паголены... Цікава: гэта ён сам?.. Для сябе?.. Ці для некага іншага? Альбо іншы? Хто вельмі любіць... Для яго. Пытанне Рашотка — невялічкая, з пластмасы — ляжала ў ракавіне ў цёткі, у стрыечнай сястры, у свекрыві... Таму, займеўшы свой кут, акурат такую ж купілі і мы. Штодня, гадамі ставілі на яе свой посуд, штодня спалосквалі, часцяком вымывалі (добрасумленна, шчоткай), зрэдку мянялі на новую. — А навошта яна? — ставячы кубак ад кавы, спытала днямі замежніца-госця. — ? Не знайшлася, што адказаць... Думаю. Птушкі, як людзі... Зімой гэтая хатка — старая, маленькая, але ж ля азёр і амаль што ў лесе — стаіць пустая. Затое летам — кітайскае насельніцтва: дзеці з'язджаюцца, дзеці дзяцей і нават унукі ўнукаў... Днямі адзін з іх, чатырохгадовы, цэлы дзень на веласіпедзе гойсаў — без шапачкі. Пад раніцу капрызіць стаў, жаліцца, што вушка баліць. Бабуля як магла суцяшала, чым магла — палячыла, а каб іншых не будзіць, ухутала малога ў старую вялікую хустку — вынесла ў двор. І хадзілі яны там, і сядзелі, нават падрамалі ў стажку... Пасля чаго малы з тыдзень распавядаў, як ноччу дыхала кароўка (у суседскім хляве), як падалі з неба зоркі, як шумеў у яблынях вецер. А галоўнае (амаль даслоўна), як прачнуўся ў буслянцы бусел, як пацалаваў сваю бусліху і адразу паляцеў на балота, каб што-небудзь смачнае прынесці сваім бусляняткам. ...Усё тое ж штораніцы (ці трэба казаць?) рабіў дзядуля гэтага хлопчыка. І ягоны бацька. Некалі (спадзявацца ж можна) акурат тое самае будзе рабіць ён сам. Валянціна Доўнар Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Займець дамок — на лецішчы (а лепш, вядома ж, дом — у вёсцы альбо на хутары), пасадзіць там сад і насеяць кветак, шмат папрацаваць, каб давесці ўсё да ладу... І... |
|