Зрабіў Юрась
14.09.2012
—
Новости Общества
|
Нарачанскага разьбяра Юрася Камандзірчыка многія ведаюць па яго адмысловых працах. На іх стаіць подпіс майстра: "Зрабіў Юрась".
...Далёкі 1961 год. Красавік. Савецкія людзі святкуюць першы палёт чалавека ў космас. У кожным горадзе і вёсцы, ды што там, у кожнай сям'і гавораць пра слаўнага касманаўта Юрыя Гагарына... А ў невялікай беларускай вёсачцы Спарыжжа, што на Брагіншчыне, у сям'і Камандзірчыкаў сваё свята: пасля дзвюх дачок і сына нарадзіўся яшчэ адзін хлопчык. Назвалі яго Юрасём (дарэчы — так ён просіць называць сябе і сёння). У гонар таго, аб кім гаварыў тады ўвесь свет — Юрыя Аляксеевіча Гагарына. Камандзірчык-старэйшы плёў кошыкі з лазы, Юрасёва мама працавала на пошце. Часта тата браў з сабой малодшага сына на рыбалку, вучыў вудзіць. Помніць і сёння майстар маляўнічыя берагі Брагінкі, яе спакойную і чыстую ваду, моманты дзіцячай радасці, калі выцягваў рыбу і хваліўся тату ўловам. У школе зімой на ўроках працы Юрась з сябрамі рабіў шпакоўні. Вясною развешвалі іх у школьным садзе і назіралі, як птушкі займалі сабе кватэры. Праз колькі дзясяткаў гадоў гэтыя ўспаміны ўвасобяцца ў кампазіцыі "Шпакі прыляцелі", якая сёння месціцца ў Мядзеле на беразе возера Мястра.
Напэўна, менавіта тады, у Варонежы, майстар зразумеў, чым будзе займацца ўсё астатняе жыццё. Разьбой па дрэве... Потым зноў быў будаўнічы тэхнікум, на гэты раз ужо ў Светлагорску. Пазней вучыўся ў Кобрынскім мастацкім вучылішчы. У войску Юрась пасябраваў з разьбяром Васілём Лявіцкім з Львоўшчыны. Украінец працаваў віртуозна, мог з дрэва выразаць арлоў і іншых птушак. Шмат што па разьбярстве пераняў ад яго наш майстар. А ўсяму, што зараз умее, навучылі кобрынскія выкладчыкі. Затым хлопец нядоўга працаваў у калгасе на Пастаўшчыне. Адтуль пераехаў у Мазыр, дзе працаваў выдатны народны майстар Мікалай Мікітавіч Пушкар. Асноўны акцэнт Пушкар рабіў на традыцыйных беларускіх матывах, гісторыі і побыце беларусаў. З той пары, як Юрась пазнаёміўся з працамі майстра, беларускасць цікавіць і яго самога. ...1986 год. Чарнобыльская бяда. Людзі з'язджаюць з Гомельшчыны. Юрась з сям'ёй — таксама. Прытуліў іх курортны пасёлак Нарач. Там разьбяр уладкоўваецца сталяром. ***
...Гартаючы фотаздымкі прац, якія Юрась прынёс на інтэрв'ю, я злавіў сябе на думцы, што ў большасці з іх прысутнічае гэткі дзядок-дабрачок. Знешне нечым падобны да Юрася. Пра гэта я яму сказаў. Ён толькі пасмяяўся і адказаў "Мажліва, гэта і так". Можна бясконца пералічваць Юрасёвы творы. Спынімся на некаторых, астатнія можна пабачыць у інтэрнэце. Дастаткова ў пошуку набраць "Юрась Камандзірчык". Дык вось, адной з ранніх прац майстра была скульптура "Галіна". Як яна з'явілася? Калі Юрась працаваў над кутком адпачынку ў санаторыі "Нарач", краязнаўца Міхаіл Чарняўскі даў пачытаць зборнік вершаў Максіма Танка, дзе паэт апісвае легенду, адкуль паходзяць нарачанскія азёры. Згодна з версіяй, ад няшчаснага кахання ў дзяўчыны Галіны з рук выпала люстэрка і разбілася на шмат частак, якія ператварыліся ў азёры Нарач, Мястра, Баторына. Гэтая скульптура зараз упрыгожвае тэрыторыю санаторыя "Нарач". Дарэчы, там жа былі і "Рыбак з сомам", і "Рыбак з вёсламі", копіі якіх зараз знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу. — Аднойчы адпачывалі ў санаторыі расіяне. Убачылі майго "Рыбака з вёсламі", і ён ім вельмі спадабаўся. Спадабаўся таму, што госць — сам рыбак. Яму, як і майму рыбаку, часта ў рыбалцы не шанцуе: то хвалі на Неўскім заліве высокія, то вецер магутны дзьме. Карацей, заказалі копію і забралі з сабой у Піцер, — расказвае разьбяр. — Туды адправілася і лава, на якой выразаны словы "ўся сямейка ўмесце, дык і душа на месцы". Заказчыкі — вялікая сям'я, у якой пяцёра дзяцей. Расіяне прасілі Юрыя, каб надпіс быў абавязкова на беларускай мове, так бы мовіць, каб не забываць Беларусь. Ёсць яго працы ў Рызе. Туды паехаў "Касалапы", які сядзіць на дрэве і сустракае гасцей. На радзіме таксама хапае ягоных твораў. Напрыклад, два гады таму да майстра звярнуўся галоўны ўрач санаторыя "Белая Русь" Алег Іванавіч Бяндасаў. Папрасіў распрацаваць і зрабіць куток адпачынку, які назвалі "беларускі куток". Юрый паказаў адміністрацыі свае ідэі. Далі згоду. Хутка на тэрыторыі здраўніцы з'явіўся цэлы драўляны ансамбль. Яго адметнасць у тым, што на кожным навесе ёсць беларускія прымаўкі. Упрыгожваюць творы майстра і ўезд у санаторый "Журавушка". Там стаіць выразаны з дрэва "Дзед з жоравам". Той, хто яго ўбачыць, адразу зразумее, адкуль пайшла назва здраўніцы. Летась Юрый працаваў над творамі "Шпакі прыляцелі" і "Дзед з сомам", якія можна пабачыць у Мядзеле. Пра шпакоў пісаў вышэй, а вось на другую скульптуру Юрыя натхніў здымак 1968 года, на якім зняты рыбак з Мядзела Клімовіч, які вылавіў на возеры Нарач сома даўжынёй два з паловай метры. Нядаўна разьбяр закончыў працу над уязным знакам у Мядзел. — Летась на свяце рыбы старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Іванавіч Даніленка прапанаваў мне распрацаваць уязны знак у Мядзел і такі, каб у ім былі адлюстраваны гісторыя і побыт людзей азёрнага краю. Юрась не раз праязджаў каля месца, дзе затым павінен быў узнікнуць знак. Спыняўся. Стаяў, думаў, нічога канкрэтнага ў галаву не лезла. І вось аднойчы, калі майстар чарговы раз праязджаў каля месца — "бац!" — азарэнне: цэлая карціна знака ў галаве намалявалася за адну секунду. Усе часцінкі мазаікі склаліся ў адно цэлае. Там жа майстар накідаў эскіз, паказаў кіраўніцтву раёна. Ідэя была ўхвалена, і разьбяр узяўся за працу. Неўзабаве збоку курортнага пасёлка Нарач з'явілася цуда-кампазіцыя. Увышыню — 5,7, удаўжыню — 5 метраў, дыяметр дубовай асновы — 80 сантыметраў. Матэрыял: ясень і дуб. На кампазіцыі ўвасобіліся: гісторыя ў гербе Мядзела — замак, які сімвалізуе былую веліч горада, дата першай згадкі пра яго — 1324, і нарачанскі рыбак на чоўне з ветразем. У невад да яго трапілі традыцыйныя віды рыб, якія водзяцца ў азёрах нарачанскага краю: акунь, ёрш, шчупак, краснапёрка, сіг, сом, рапушка і, вядома, цар Нарачы — вугор. Спачатку Юрась хацеў абысціся адным шчупаком. Але, паглядзеўшы, як невад гарманіруе з блакітным небам, якое нібы возера, дапаўняе агульную карціну кампазіцыі, вырашыў напоўніць снасці рыбай. Творыць сваё хараство Юрась на лецішчы, у дзесяці кіламетрах ад возера. Яго памочнікі — бенза- і электрапіла, даводзіць твор да "таварнага" выгляду стамескамі. Даўно адмовіўся ад сякеры, якой можна "параніць" скульптуру, таму яны ў яго і паржавелі. Ведае Юрась, што рабіць, каб скульптура прастаяла даўжэй: яна не павінна датыкацца да зямлі, каб паветра гуляла пад скульптурай. Па магчымасці над ёй павінен быць дэкаратыўны дах ад дажджу; не забываць насычаць спецыяльнымі антысептычнымі "касторкамі". Колькі каштуе адзін экзэмпляр? Пра гэта спытайце ў самога аўтара. Адзінае дадам ад сябе, прыгожыя і якасныя рэчы каштуюць нятанна. Юрасёвы работы — якраз такія: прыгожыя, адметныя і якасныя. Над чым працуе разьбяр сёння? Над цікавым праектам. Скажу толькі, што праз некаторы час жыхары і госці азёрнага краю пабачаць гэты твор. — Я буду выразаць, пакуль рукі трымаюць інструмент. А жадання займацца любімай справай, упэўнены, хопіць на ўсё жыццё! — кажа Юрась. *** ...Мне, гісторыку, адразу відаць, хто ведае гісторыю. Юрась — з такіх. Ён беспамылкова называе стагоддзе заснавання сваёй малой радзімы, цікава расказвае пра Вялікае Княства і ведае нямала пра многія падзеі мінуўшчыны краіны. Размаўляе, што рэдкасць сёння, на мове продкаў — беларускай. Усе надпісы на працах піша на ёй жа. Нярэдкі госць у сельскай бібліятэцы, дзе вышуквае цікавыя беларускія прымаўкі і іншы матэрыял для сваіх работ. Распытвае ў людзей сталага века пра іх мінуўшчыну і побыт, а потым веды ўвасабляе ў сваіх творах. Упэўнены, што кожная Юрасёва праца можа стаць брэндам нарачанскага краю. А можа, яны ўжо ім і сталі, таму што выявы Юрасёвых скульптур даўно прыжыліся на сувенірных значках і каляндарыках аб Нарачы. Аляксандр СЯНЮЦЬ, к.п. Нарач. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нарачанскага разьбяра Юрася Камандзірчыка многія ведаюць па яго адмысловых працах. На іх стаіць подпіс майстра: "Зрабіў Юрась". Працы ў разьбяра хапае, заказы...
|
|