«Эканомны» дом вуліцу не грэе. 21.by

«Эканомны» дом вуліцу не грэе

18.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Трэба імкнуцца да таго, каб кожны квадратны метр жылля быў энергаэфектыўным

Вось ужо некалькі гадоў запар мясцовыя газеты ў Гродне друкуюць спіс аб'ектаў капітальнага рамонту жыллёвага фонду, у тым ліку і тыя, якія будуць уцяпляцца за кошт бюджэтных сродкаў. І цяпер у розных мікрараёнах абласнога цэнтра можна ўбачыць, як гэта робіцца. Прычым дом становіцца не толькі вельмі "эканомным", але і больш прыгожым. Сёлета ў спісе "шчасліўчыкаў", якія дачакаліся так званай тэрмашубы, каля 40 шматпавярховак — у асноўным пабудовы 1960-1980-х гадоў. Быццам і нямала, але гэта мізэрна ў параўнанні з рэальнымі маштабамі праблемы.

Паводле разлікаў галоўнага інжынера інстытута "Гроднаграмадзянпраект" Рышарда КАЦЫНЕЛЯ, толькі ў абласным цэнтры цеплаахова старых дамоў дасць эканомію энергіі, якая перавышае сярэднегадавую магутнасць Гродзенскай ГЭС — пры тых жа выдатках і адсутнасці бягучых затрат па эксплуатацыі.

— Маштабы гэтай праблемы мы ўбачылі, калі з дапамогай цеплавізара вывучылі сітуацыю са стратамі цяпла ў жылых дамах, пабудаваных за апошнія 50 гадоў. Вынік шакіраваў: цепластраты праз сцены ў старых цагляных будынках у чатыры разы большыя ў параўнанні з дамамі, пабудаванымі па нормах 2011 года. А панэльныя дамы 116-й серыі страчваюць яшчэ больш.

Рышард Кацынель прапануе параўнаць два жылыя дамы ў Гродне, якія з дапамогай цеплавізара былі даследаваны на прадмет страт цяпла пры тэмпературы на вуліцы мінус 12 градусаў:

— Ва ўцепленым доме сярэдняя тэмпература на вонкавай паверхні сцяны склала мінус 9,3 градуса, што блізка да нормы. А вось у другім, панэльным доме, дзе награвальныя прыборы (рэгістры) забетанаваны ў сценах — усяго мінус 3 градусы. Гэта значыць, што другі дом, па сутнасці, грэе вуліцу: страты цяпла праз яго сцены ў 4 разы большыя ў параўнанні з уцепленым будынкам.

Атрымліваецца, што за ацяпляльны сезон праз адзін квадратны метр сцяны страчваецца 200 кілават-гадзін, альбо 0,17 Гкал энергіі. У маштабах горада, вобласці, рэспублікі гэта выліваецца нават не ў ручаі, а ў рэкі энергарэсурсаў.

Толькі на Гродзеншчыне ў абслугоўванні ЖКГ цяпер знаходзіцца 11 мільёнаў квадратных метраў жылля, у тым ліку палова старога. І калі гэты стары фонд уцяпліць, то можна зберагчы ў год 440 тысяч мегават-гадзін цеплавой энергіі, што раўнацэнна круглагадовай працы цеплакрыніцы магутнасцю 50 МВт. Для параўнання: сярэднегадавая магутнасць нядаўна пабудаванай Гродзенскай ГЭС — 12  МВт. Пры гэтым тэрмін акупнасці цеплааховы жылых дамоў складае ўсяго два-тры гады. А калі акупяцца затраты на гідраэлектрастанцыю?

— Так, у Гродне ўжо робяцца першыя крокі ў кірунку цеплавой рэабілітацыі будынкаў — далёка не на ўсіх, але на многіх ужо ўцеплены тарцы, якія з'яўляюцца найбольш праблемнымі па энергастратах. Аднак, на мой погляд, важнасць гэтай праблемы — спачатку прасіць у Расіі газ па зніжаным кошце, а потым яго дарэмна спальваць — у краіне яшчэ не ўсвядомлена, — лічыць Рышард Кацынель. — Асабліва з улікам уступлення Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, калі цэны на энергарэсурсы будуць усюды аднолькавыя. Рана ці позна, але і нам не пазбегнуць сусветных цэн на газ. Таму мая прапанова: уключыць цеплаахову старых будынкаў у Канцэпцыю дзяржаўнай жыллёвай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2012—2015 гады, якая цяпер распрацоўваецца. Гэта, дарэчы, актуальна не толькі для жылля, але і аб'ектаў аховы здароўя, дзіцячых садкоў, школ, бытавых карпусоў прамысловых прадпрыемстваў.   Рышард Кацынель прапанаваў параўнаць два жылыя дамы на прадмет страты цяпла: няўцеплены (зверху) і ўцеплены (знізу). Чым таўсцейшая сцяна, тым халадней звонку.

— Гэта тычыцца старых будынкаў. А новыя? Інстытут "Гроднаграмадзянпраект", як вядома, быў адным з першапраходцаў энергаэфектыўнага домабудавання ў Беларусі. Два гады таму "Звязда" расказвала пра першы такі дом у Гродне. Ці пацверджаны праектныя разлікі яго эксплуатацыяй?

— Калі яшчэ засталіся скептыкі, то вось канкрэтныя лічбы да іх увагі. 69-кватэрны дом па вуліцы Дзяржынскага ў Гродне спажывае ў 5-6 разоў менш цеплавой энергіі ў параўнанні з асноўнай масай жылля ў рэспубліцы. І прыкладна ў 2-2,5 раза менш, чым у дамах сучаснай стандартнай забудовы. Згодна з Комплекснай праграмай па праектаванні, будаўніцтве і рэканструкцыі энергаэфектыўных жылых дамоў у Рэспубліцы Беларусь на 2009-2010 гады і на перспектыву да 2020 года (пастанова ўрада № 706, 1 чэрвеня 2009 года), энергаэфектыўным лічыцца жылы дом з удзельным спажываннем цеплавой энергіі не больш за за 60 кВт.г на квадратны метр за год і ў перспектыве да 2020 года — да 30-40 кВт.г/м. кв. Дык вось, ужо цяпер расход цяпла на нашым энергаэфектыўным "першынцы" складае 36 кВт.г на м.  кв. Добры паказчык, на ўзроўні падобнага шматкватэрнага жылля ў Еўропе, хаця ўжо і не найлепшы. У прыватнасці, на адной з міжнародных канферэнцый у Мінску прагучала, што ў Германіі ўжо не разглядаюцца праекты дамоў з расходам цеплавой энергіі больш за 30 кВт.г на м. кв. А ў Аўстрыі і Швейцарыі, паводле звестак жыллёва-камунальных службаў, усе муніцыпальныя дамы будуюцца з цепласпажываннем толькі 15 квт.г/м. кв.

— Чым жа адрозніваюцца энергаэфектыўныя будынкі?

— Аптымізацыяй усіх энергетычных працэсаў, найперш — укараненнем прыточна-выцяжной вентыляцыі з рэкуперацыяй. Дзякуючы рэкуператару халоднае паветра, што падаецца ў памяшканне, награваецца за кошт цеплаабмену з адпрацаваным паветрам, якое адтуль выдаляецца.

Некаторыя жыльцы энергаэфектыўнага дома па вуліцы Дзяржынскага спачатку не разумелі, чаму ў кватэры цёпла, а батарэі... халодныя. Аказваецца, апошнія былі, так бы мовіць, адключаны аўтаматыкай энергазберагальнай сістэмы, якая звязана з прыточна-выцяжной вентыляцыяй і адказвае за падачу цяпла ў кватэру. У выніку яго паступае не многа і не мала, а менавіта столькі, колькі трэба для камфортнага пражывання. Пры гэтым гаспадары кватэры самі рэгулююць цеплавы рэжым у кожным з пакояў, ды і на кухні. А значыць, рэальна ўплываюць на эканомію энергарэсурсаў.

Дарэчы, летась жыльцы гэтага дома ўключылі ацяпленне толькі перад Новым годам. Ці ж гэта не доказ адзіна правільнага шляху ў домабудаванні?!

Тым больш што сёння нельга заплюшчваць вочы на праблему новага будаўніцтва: з прымяненнем герметычных вокнаў цалкам парушаецца тэмпературна-вільготнасны рэжым кватэр. Адсюль — вільгаць на сценах, з'яўленне канцэрагеннай цвілі, зваротнае зацягванне халоднага паветра праз вентканалы санвузлоў. Ідуць масавыя скаргі і нават судовыя разборы. Патрабаванне ж адчыняць для праветрывання вокны — гэта ва ўрон цеплаахове.

Такім чынам, у дамах, якія пабудаваны па новых нормах, галоўныя страты адбываюцца ўжо не праз сцены, а праз сістэмы вентыляцыі. Гэтыя страты дасягаюць 53 працэнтаў (!) ад агульнага спажывання цяпла. Выйсце адно: укараняць вентыляцыю з рэкуперацыяй, як гэта зроблена ў вышэйзгаданым энергаэфектыўным доме.

— Але чаму ж энергаэфектыўнае домабудаванне не становіцца ў нашай краіне масавым?

— Тармажэнне адбываецца з-за таго, што за кошт сістэмы вентыляцыі і рэкуперацыі дом становіцца прыкладна на 7 працэнтаў даражэйшым. Але ж пры гэтым трэба мець на ўвазе, што потым, падчас эксплуатацыі дома, львіная доля кошту цеплавой энергіі цеплавырабляльным прадпрыемствам датуецца дзяржавай. Мінулай зімой насельніцтвам аплачвалася ўжо менш за 10 працэнтаў (53 тысячы рублёў пры кошце 1 гігакалорыі па Гродзенскай вобласці 558 тысяч рублёў). Дык чаму б не накіраваць гэтыя датацыі адразу на сістэмы вентыляцыі і рэкуперацыі, тым самым удвая скараціўшы расход цеплавой энергіі?

Да таго ж, кошт такіх сістэм у энергаэфектыўных дамах можна знізіць, калі адмовіцца ад імпарту і наладзіць у сябе масавую вытворчасць рэкуператараў — напрыклад, на гродзенскім заводзе "Гандальмаш". А на прадпрыемстве "Гродна Азот", каб зрабіць таннейшай цеплаахову будынкаў, даўно пара арганізаваць вытворчасць поліўрэтану. Гэта вельмі проста робіцца, і такое рашэнне, дарэчы, ужо больш за 20 гадоў таму падказана вучонымі з Уладзімірскага НДІ поліўрэтану. Аднак пакуль уся сыравіна для пенапласту ўвозіцца за валюту па імпарце.

Акрамя таго, заслугоўвае ўвагі вопыт урада Масквы, які для зацікаўленасці жыльцоў у будаўніцтве энергаэфектыўных дамоў прыняў рашэнне на 5 гадоў вызваляць такіх ініцыятараў ад аплаты камунальных паслуг. І гэта ў Расіі, якая "сядзіць" на паліве. Тым больш дрэнна, што ў кірунку энергаэфектыўнага домабудавання так марудна рухаемся мы.

Сапраўды, надышоў час пытанні будаўніцтва энергаэфектыўных дамоў і цеплааховы старога жылфонду абазначыць аднымі з важнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай жыллёвай палітыкі на сучасным этапе. Пры гэтым новае жыллё трэба будаваць энергаэфектыўным не ў невялікай долі ад агульнага аб'ёму, а ўсё, да апошняга квадратнага метра. Бо гэта — неадкладнае пытанне энергетычнай бяспекі краіны.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трэба імкнуцца да таго, каб кожны квадратны метр жылля быў энергаэфектыўным Вось ужо некалькі гадоў запар мясцовыя газеты ў Гродне друкуюць спіс аб'ектаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика