Бабры: жывёла карысная ці шкодная?. 21.by

Бабры: жывёла карысная ці шкодная?

03.11.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэтыя фотаздымкі зрабіў у кастрычніку наш даўні чытач, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук Сяргей ЛАДУЦЬКА. На адным — бабровая запруда каля вёскі Багушоўка Гродзенскага раёна, на другім — дрэвы, якія знішчаны бабрамі ў гэтым жа раёне каля возера Вераўское.

Вось што распавёў Сяргей Мікалаевіч у гутарцы з карэспандэнтам "Звязды":

— Шмат гадоў таму я пазнаёміўся з бабрамі, як цяпер кажуць, віртуальна, прачытаўшы "Палескія рабінзоны" Янкі Маўра. Запомнілася, як Мірон і Віктар у хатцы баброў знайшлі схованку кантрабандыстаў. І вось прыкладна з дзясятак гадоў таму на Ніжнім возеры ў Гродзенскім раёне я ўпершыню ўбачыў хатку бабра, якая была зусім не такая, як уяўлялася па кнізе Янкі Маўра. Гэта проста куча ламачча, але вакол яе лёд быў вельмі тонкі, і падысці блізка да гэтай хаткі было немагчыма.

З той пары пасяленні баброў значна пашырыліся. На адносна крутых берагах возера Вераўское (Салацкае), што на адлегласці 5-6 кіламетраў ад Парэчча, бабры бязлітасна знішчаюць асіны і вербы. Хаткі бабры тут не будуюць, бо жывуць у норах. Пасля іх "работы" берагі возера становяцца няўтульнымі: там валяюцца і гніюць ствалы паваленых тоўстых дрэў.


А сёлета ўлетку бабры збудавалі запруду на раўчуку, альбо меліярацыйнай канаве, якая пракладзена праз поле ад вёскі Казіміроўка ў бок Багушоўкі, што за дзесяць кіламетраў ад Гродна. Вада паднялася амаль на метр і заліла частку поля, падышла да насыпу чыгункі. Калі пойдзе турыстычны цягнік з рэтра-паравозам у гонар 150-годдзя Беларускай чыгункі, то турыстам можна будзе паказваць гэтую запруду, якую добра відаць з вокнаў вагона. Такім чынам, атрымаецца турыстычны аб'ект. А вось тое, што бабры затапілі частку кукурузнага поля, — гэта ўжо дрэнна.

Гадоў 20 таму на Гродзенскім рынку прадавалі шмат самаробных бабровых шапак, нягледзячы на забарону палявання на гэтых жывёл. А цяпер гэтыя шапкі выйшлі з моды, што таксама прывяло да распаўсюджвання гэтых жывёл...

Вышэйзгаданае поле, аб затапленні якога паклапаціліся бабры, знаходзіцца на тэрыторыі СВК "Гожа".

— Гэта сапраўды сур'ёзная праблема? — цікаўлюся ў старшыні сельгаскааператыва Эдмунда БАЛЮКА.

— Вельмі сур'ёзная. І яна не толькі датычыцца гэтага поля, якое мы не можам заараць. Летам у Пальніцы бабры зрабілі такую запруду, што аўтобус не мог прайсці. А ўвогуле на тэрыторыі нашай гаспадаркі цяпер каля дваццаці бабровых плацін, якія ствараюць шмат праблем з падтапленнем земляў.

— Якія меры прымаеце?

— А што мы можам зрабіць? Хіба што мужчыны абуваюцца ў боты і разбіраюць запруды. Але сёння разабралі — заўтра бабры робяць іх зноў. Паляўнічыя бабрамі цяпер не цікавяцца. Ды і не толькі з паляваннем, напэўна, звязана вырашэнне "праблемы баброў", а найперш з навядзеннем парадку на меліярацыйных каналах, тэрыторыях, якія павінны даглядацца з улікам гэтых жывёл. Гэта падкошванне расліннасці, карчаванне кустоўя, стварэнне неабходных умоў для сцёку вады... Мы звярталіся на Скідальскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якое павінна ўтрымліваць у належным стане меліярацыйныя каналы, аднак дзейсныя меры не прымаюцца.

Згодна з інфармацыяй Гродзенскага абласнога лесагаспадарчага аб'яднання, толькі плошчы ляснога фонду, якія падтоплены бабрамі, сёння складаюць у вобласці каля 1890 гектараў.

— Кожнаму лясгасу, арганізацыям Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, прыватным паляўнічым гаспадаркам даводзяць пэўныя заданні па здабычы баброў. Але тут трэба вельмі акуратна сябе паводзіць, не кідацца ў крайнасці. Калі вывелі бабра (у пачатку мінулага стагоддзя рачны бабёр стаў рэдкім відам — Б.П) — трэба зберагаць яго, а пачнеш зберагаць — ён ужо шкодзіць, — зазначае галоўны ляснічы Гродзенскага абласнога лесагаспадарчага аб'яднання Эдуард ЛІГЕР.


— Бабёр — вельмі прыгожая, разумная жывёла, і нельга "перагібаць палку" з іх здабычай. Вялікіх праблем, на мой погляд, яны не ствараюць. А дзе ёсць пагроза сельскагаспадарчым угоддзям, іншым тэрыторыям, дык у многіх выпадках трэба рабіць стаўку не на паляванне, а на своечасовую работу землекарыстальнікаў па папярэджанні падтапленняў, належны догляд за меліярацыйнымі каналамі, — лічыць галоўны паляўніцтвазнавец Гродзенскага лясгаса Сяргей РУДНІК.

На Гродзеншчыне, паводле ацэнкі абласнога лесагаспадарчага аб'яднання, цяпер налічваецца каля 6700 баброў. У гэтым паляўнічым сезоне, напрыклад, Гродзенскаму лясгасу дазволена здабыць 22 баброў, а ўвогуле на тэрыторыі вобласці — 898. Прычым пераважная частка гэтага задання (617) даведзена Беларускаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў

Старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Валянцін ПАЛЯНЧУК добра знаёмы з бабровымі "фокусамі":

— У Гродзенскім раёне ва ўрочышчы Святое балота, што за дзесяць кіламетраў ад вёскі Азёры, ёсць вялікі масіў, дзе раней былі торфараспрацоўкі. Дык бабры ўжо так папрацавалі, што цяпер там людзі сядзяць з вудачкамі.

У савецкі час Валянцін Палянчук працаваў у брыгадзе, якая адлоўлівала баброў:

— Заключаліся дагаворы, прыязджалі, як правіла, расіяне і закуплялі бабровыя шкуры. Для адлову баброў ствараліся спецыяльныя брыгады, члены якіх праходзілі навучанне і атрымлівалі пасведчанне бабралова. Толькі ім і дазвалялася адлоўліваць бабра, хаця былі і браканьеры. У іх, відавочна, быў таксама наладжаны збыт. А што датычыцца законных брыгад, то яны здабывалі дазволеную колькасць баброў і здавалі шкуры пры гарантаванай аплаце.

— Выгадна было?

— Стымул лавіць бабра быў. На тыя грошы, памятаю, за бабра давалі ад 90 да 120 рублёў. Нават з улікам немалых затрат на здабычу бабра гэта былі някепскія цэны.

— А сёння?

— Баброў цяпер значна больш, чым тады, і, зразумела, разумная рэгуляцыя колькасці гэтых жывёл павінна быць, інакш яны будуць захопліваць усё новыя тэрыторыі. Аднак попыт на іх вельмі скараціўся. Мы абавязваем сваіх егераў лавіць бабра, выдаём ліцэнзіі, калі ёсць ахвотныя. Кагосьці з паляўнічых, пэўна, цікавяць мяса ці бабровы струмень. Магчыма, ёсць у іх і каналы збыту пушніны. Вось, напрыклад, візітоўка маскоўскага Дома моды галаўных убораў. Праўда, цана, якая прапануецца пасрэднікам за бабровыя шкуры, хіба што кампенсуе паляўнічаму затраты на ліцэнзію, пуцёўку, здабычу бабра і перадпродажную падрыхтоўку шкурак. А ад беларускіх вытворцаў заказаў на іх мы не маем. Ніхто не даваў і прапаноў па закупцы бабровага струменю, што выкарыстоўваецца ў фармацэўтычнай і парфумернай прамысловасці.

Дарэчы, арганізацыя нарыхтоўкі і закупкі пушніны, мяса бабра, а таксама выкарыстання бабровага струменю прадугледжана Планам мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні рэсурсаў бабра рачнога, які зацверджаны ўрадам. Аднак рэальных заказаў у арганізацыях, якія займаюцца здабычай баброў, дагэтуль не атрымлівалі. Праўда, у Гродзенскім абласным лесагаспадарчым аб'яднанні карэспандэнту "Звязды" паказалі нядаўняе даручэнне міністэрства "забяспечыць здачу шкур бабра лесапаляўнічымі гаспадаркамі на Віцебскі мехавы камбінат у аб'ёме 50 % ад узгодненых планаў адабрання бабра рачнога ў паляўнічым сезоне 2012-2013 гадоў".

— Мы пакуль такога заказу не маем, хаця, калі будзе прымальная закупачная цана, гатовы падключыцца, — паведаміў Валянцін Палянчук. — Бабровая пушніна вельмі якасная, ноская, і, наколькі ведаю, сёння існуюць тэхналогіі яе выкарыстання не толькі для ўжо не модных, цяжкіх па вазе шапак, але і для больш лёгкіх і элегантных галаўных убораў.

Ды і самі паляўнічыя гаспадаркі, якія займаюцца здабычай баброў, павінны праяўляць больш ініцыятывы па пошуку рынкаў збыту, а не толькі чакаць прапаноў і заданняў, лічыць начальнік аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай, выкарыстаннем земляў, расліннага і жывёльнага свету, недраў і асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар САК:

— Мы не чынім перашкод паляўнічым гаспадаркам пры ўзгадненні планаў здабычы баброў. У некаторых рэгіёнах магчымы нават дадатковыя заданні. Але пры гэтым наша задача — захаваць баброў, не стварыць пагрозу гэтаму віду, што ўжо здаралася на тэрыторыі былога СССР. Таму прыродаахоўная служба супраць прапановы аб выключэнні бабра з нармаваных відаў жывёл, здабыча якіх патрабуе ліцэнзіі.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтыя фотаздымкі зрабіў у кастрычніку наш даўні чытач, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук Сяргей ЛАДУЦЬКА. На адным...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика