zvarot@zvyazda.minsk.by - Што людзі пішуць. 21.by

zvarot@zvyazda.minsk.by - Што людзі пішуць

09.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Шчаслівай дарогі

...Нехта з вялікіх казаў: "Загавары, каб я ўбачыў цябе і даведаўся, хто ты".

Некалі культурай у адзенні, паводзінах, стылі жыцця вылучаліся інтэлігенты. Але ж найперш іх пазнавалі па мове.

Што цяпер? Прыслухайцеся да гутаркі так прыгожа апранутых людзей, і, баюся, знікне знешняя прыгажосць, бо часта з іх з вуснаў не зрываюцца, а менавіта сыплюцца такія словы, што ўсё навокал імгненна чарнее. Лаянка льецца з усіх бакоў: на вуліцах, у транспарце, на стадыёнах, льецца з вуснаў мужчын і жанчын, маладых і старых. Ды што там — нават дзяцей, асабліва — у час гульняў... Яны, баюся, так часта чуюць ненарматыўныя словы, што лічаць іх цалкам нармальнымі.

Чуюць ад дарослых, ад нас.

Між тым, ужываючы ненарматыўную лексіку, мы перш за ўсё зневажаем сябе. Ісус Хрыстос сказаў: "Не тое апаганьвае чалавека, што ўваходзіць у яго вусны, а тое, што з іх выходзіць".

Ужыванне "брудных" слоў вядзе да гарманальных парушэнняў, асабліва — у жанчын.

Што да мужчын, то ім, як сцвярджаюць вучоныя, пагражае ранняя імпатэнцыя.

Але самае страшнае, што пад уздзеяннем брыдкаслоўя храмасомы актыўна мяняюць сваю структуру, у малекулах ДНК выпрацоўваецца "адмоўная праграма", якая перадаецца нашчадкам на генным узроўні. Вучоныя называюць такі працэс "праграмай самаліквідацыі".

Раздражняцца, сварыцца, а тым больш мацюкацца шкодна і небяспечна не толькі для чалавека, але і для ўсяго жывога свету. І наадварот. Неяк чытала, што, напрыклад, на Мальце лечыць людзей не толькі мяккі і цёплы клімат, марскія брызы, чыстая вада і сонца. Цэркваў там столькі ж, колькі дзён у годзе, а таму галоўным лекавым сродкам з'яўляецца... паветра, бо яно — намоленае.

Некалі ненарматыўнай лексікі наша мова не мела наогул. Сведчаннем таму і народная мудрасць. Вы чулі: "Чым брыдкае слова сказаць, лепш язык выплюнуць", "Што сказаў, тое святое", "Добрае слова — што посах у рукі".

І вось гэта, дарэчы, чыстая праўда.

Вёска мая Хатынічы — самая вялікая ў раёне. У ёй каля 30 вуліц. Тая, па якой праходзіць дарога Ганцавічы — Пінск, цягнецца кіламетраў на шэсць.

Раённыя маршрутныя аўтобусы маюць тут тры ўзаконеныя прыпынкі, міжгароднія — толькі адзін, у цэнтры вёскі. Таму едзеш, на прыклад, аўтобусам Мінск — Пінск, праязджаеш свой дом, а потым амаль тры кіламетры ідзеш да яго пехатой. Для людзей маладых гэта, вядома ж, не адлегласць. А вось для пажылых ды ў дрэннае надвор'е...

Таму я, напрыклад, яшчэ задоўга да вёскі падыходжу да кіроўцы, і не шкадуючы чароўных ветлівых слоў, прашу зрабіць ласку, спыніцца... Кажу, што буду вельмі ўдзячнай... А ўбачыўшы, што словы мае пачуты, поўнай жменяй "сыплю" чалавеку пажаданняў — здароўя, дабра, шчаслівай дарогі сёння і заўсёды.

Кіроўцам крыху дзіўнавата чуць беларускую мову (дажыліся!). Але ж словы мае спрацоўваюць: я выходжу там, дзе бліжэй да дома. Аўтобус і яго пасажыры з добрым настроем едуць далей.

Я гэта да таго, наколькі важна быць уважлівымі і міласэрнымі адно да аднаго, наколькі добра было б жыць у краіне з "намоленым" паветрам.

А між іншым, чысціня яго залежыць не ад некага іншага... Толькі ад нас.

Ірына Рудкоўская,

в. Хатынічы, Ганцавіцкі раён.

Птушкі як людзі

...Буслянка ўзвышалася над воданапорнай вежай, і туды перад кожным Дабравесцем прыляталі птушкі, што ўмомант рабілася першай навіной: "Прыляцелі... Буслы прыляцелі! Радасць якая! Вясна...".

Пералётныя, між тым, кружылі над зямлёй — ладзілі сваё гняздо.

Так было гадамі, нават дзесяцігоддзямі. Аднак летась вежу... знеслі.

Пара буслоў доўга кружляла над вёскай — быццам паверыць не магла, што няма іх дома...

Але ж ёсць радзіма!

І птушкі пачалі з нуля. На радасць нам яны аблюбавалі тэлеграфны слуп непадалёк ад дома і ўзяліся за працу. Пацешна глядзець было, як цягнуць-падымаюць верхавіну зрэзанай вішні, як зносяць галінкі, сухую траву, як стараюцца паспець... Як урэшце на талаку да іх з "будматэрыяламі" ў дзюбках спяшаюцца вераб'і...

Буслы паспелі — пабудавалі свой дом, вывелі птушанят, але на гэтым іх беды не скончыліся. Аднойчы пад вечар над вёскай зашугала навальніца, пачалася страшная залева. Раніцой мы з жахам убачылі, што буслянка, у якую ўкладзена столькі працы, ляжыць на зямлі; трое ладных птушанят просяць дапамогі,

Мы зрабілі ўсё, што змаглі: на высокі навес зацягнулі ўсланае сенам кола ад легкавушкі, пасадзілі туды буслянят.

Увесь гэты час дарослыя птушкі з трывогай кружылі над разбураным гняздом, сачылі за нашай працай... Калі ж яна скончылася і каля новай буслянкі нікога не засталося, птушкі асмялелі і... прыляцелі да малых з першымі жабкамі і чарвякамі.

Вось так, нягледзячы ні на што, яны не здрадзілі радзіме, вось так гадавалі і выгадавалі сваіх дзяцей!

...Цяпер яны недзе далёка. Але ж, напэўна, збіраюцца дадому? Магчыма, каб зноў усё пачаць нанова...

Наталля Савіна,

в. Аздзяцічы, Барысаўскі раён.

Кватэрнае пытанне

З кааператыва выключыць могуць... Калі...

У майго мужа з'явілася магчымасць памяняць працу. На новай абяцаюць большы заробак. Але ж на старой сфарміраваны ведамасны кааператыў, пачалося будаўніцтва дома з выкарыстаннем ільготнага крэдытавання. Пытанне: ці застаецца муж у складзе ЖБК, калі пяройдзе на працу ў іншую арганізацыю?

І. Грышэвіч, г. Мінск.

Калі работнік на законных падставах прыняты ў члены жыллёва-будаўнічага кааператыва, то выключаны з яго ён можа быць толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.

Палажэннем аб арганізацыях забудоўшчыкаў (зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2008 года № 43) вызначана (п. 21), што член арганізацыі забудоўшчыкаў можа быць выключаны з гэтай арганізацыі, у прыватнасці, у выпадках сістэматычнага неўнясення грашовых сродкаў для фінансавання будаўніцтва, рэканструкцыі, набыцця дома (калі фінансаванне ажыццяўляецца самастойна членам арганізацыі забудоўшчыкаў) або паявога (калі фінансаванне будаўніцтва, рэканструкцыі, набыцця дома ажыццяўляецца арганізацыяй забудоўшчыкаў) і іншых узносаў.

Сістэматычным неўнясеннем грашовых сродкаў для фінансавання будаўніцтва, рэканструкцыі, набыцця дома (калі фінансаванне ажыццяўляецца самастойна членам арганізацыі забудоўшчыкаў) або паявога (калі фінансаванне будаўніцтва, рэканструкцыі, набыцця дома ажыццяўляецца арганізацыяй забудоўшчыкаў) і іншых узносаў прызнаецца неўнясенне членам арганізацыі забудоўшчыкаў указаных сродкаў і ўзносаў у поўным аб'ёме на працягу двух перыядаў запар, вызначаных дагаворам на будаўніцтва, рэканструкцыю, набыццё дома, які прадугледжвае графік унясення плацяжоў (для грашовых сродкаў), або агульным сходам (для ўступнага, паявога і іншых узносаў).

Вышэйназванае палажэнне і іншыя нарматыўныя дакументы не змяшчаюць у якасці падставы для выключэння члена ЖБК з кааператыва яго звальненне або пераход на працу ў іншую арганізацыю.

Віктар САВІЦКІ.

Рэха

Каб засталася памяць...

5 снежня 1942 года партызанскай брыгадай Лявонава быў разгромлены нямецкі гарнізон у мястэчку Чарэя. Фашысты потым кожны наступны дзень бамбілі вёску, але вярнуць страчаныя пазіцыі так і не змаглі.

У памяць аб тых днях, аб гераізме партызан у сямідзясятыя гады ўжо мінулага стагоддзя на нашым сельскім Доме культуры ўстанавілі памятны знак...

А потым у Чарэі быў расфарміраваны сельскі Савет, ліквідаваны саўгас. У гэты ж час знікла з будынка і мемарыяльная дошка.

Нам, жыхарам вёскі, вельмі хацелася б, каб яе вярнулі, каб засталася памяць, але зрухаў у гэтай справе пакуль няма. Горш за тое, у хуткім часе можа не стаць і людзей, якія памятаюць пра вызваленне мястэчка, пра партызан, пра камандзіра танка маёра Папова, пахаванага ў нас, у брацкай магіле, пра камандзіра брыгады Лявонава...

Дык, мабыць, "Звязда" дапаможа нам узнавіць справядлівасць?

Па даручэнні вяскоўцаў

Рыгор Ярашкевіч,

в. Чарэя, Чашніцкі раён

Па мову...

...Ішлі яны берагам,

Лес дзе-нідзе...

І раптам сустрэў іх

дапытлівы дзед:

— Куды вы так, хлопцы?

Пяшком?.. Басанож?..

— Па мову, дзядуля.

— Па мову? Няўжо ж?

— Ды ў горадзе нешта

Яе не чуваць.

Дык родную пойдзем

па вёсках шукаць.

Ці ёсць яна ў Зблянах?

— Ды, кажуць, жыве,

бо хто ж ад народа

яе адарве?!

Яшчэ Панямонцы

гутораць на ёй,

збіраючы ў лесе

грыбы за ракой.

— А Пескаўцы?..

Хочам і тамака быць.

— І ў Пескаўцах,

думаю, будзе шчэ жыць.

Гамоняць на ёй

Шаўдзіні і Шаршні,

Бурносы, Дакудава,

Орля, Гузні.

— Мы хочам дабрацца

яшчэ і туды,

бо родная мова

з крынічнай вады...

І хлопцы ўздоўж Нёмна

ідуць і пяюць.

А сосны ім водар

і сілы даюць.

Вітае гудзенне

пчалы ды чмяля,

і бусел крылом ім

махае здаля.

Задуму іх дуб

старажытны ўхваліў:

іх сэрцы агнём

векавым распаліў.

І дзяцел адобрыў

юначы імпэт.

А гэта ішлі

музыкант і паэт.

І хораша хлопцам

Пад небам было,

дзе ўсё наваколле

буяла, цвіло...

...У вёсках над Нёмнам

яны пабылі,

збіралі па слоўцы,

дзе толькі маглі:

на вуліцы, у хатах,

на лузе, у полі —

для мовы здабыць каб

найлепшае долі!

Уладзімір Васько.

г. Ліда

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шчаслівай дарогі ...Нехта з вялікіх казаў: "Загавары, каб я ўбачыў цябе і даведаўся, хто ты". Некалі культурай у адзенні, паводзінах, стылі жыцця вылучаліся...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика