Па шведскім замку мяне вадзіў... кот
27.03.2013
—
Новости Общества
|
Цяжка пачаць з чаго-небудзь аповед пра візіт у Швецыю — занадта шмат убачыў у гэтай прыгожай краіне таго, што хочацца расказаць. Лепей за ўсё, відаць, пайсці ад адной падзеі да другой у храналагічным парадку. Тады пачнем з таго, што пра Швецыю ведаюць, напэўна, усе, з Нобелеўскай прэміі. Вячэра разам з каралём Так атрымалася, што мой першы дзень у паўночнай краіне супаў з уручэннем Нобелеўскай прэміі, а гэта вялікая падзея для ўсёй Швецыі. Зразумела, што трапіць на яе асабіста, як і амаль усе шведы, я не мог. Але ж гэтага і не трэба. У былых вікінгаў ёсць традыцыя: яны глядзяць узнагароджанне па тэлевізары ў прамым эфіры. Пры гэтым усе пэўным чынам удзельнічаюць у тым, што там адбываецца. Асабліва гэта тычыцца другой часткі цырымоніі, калі ўсе прысутныя пераходзяць у вялікую залу, дзе іх чакае банкет. Тыя, хто сядзіць перад тэлевізарам, таксама гатуюць шмат смачнай ежы і спецыяльна далучаюцца да вячэры, у якой, зразумела, удзельнічае і каралеўская сям'я. Атрымліваецца такая добрая, высакародная ўсеагльная сямейная вячэра. Краіна, дзе перамог сацыялізм Праз пару дзён, пасля размоў з мясцовымі жыхарамі і шпацыру па горадзе, я даведаўся, як шведы жывуць. Швецыю часта называюць краінай, дзе перамог сацыялізм. Але ж не трэба разумець яго ў савецкім кантэксце. Дзяржава мае развітую рынкавую эканоміку, капіталістычны лад жыцця. Рэч у тым, што тут вельмі моцная сацыяльная абарона насельніцтва. Людзі — самае каштоўнае. Тут магутныя прафесійныя саюзы, якія сочаць за тым, каб ніхто не парушаў правоў работнікаў. Тут паўсюль, нават у невялікіх гарадках (у адным з якіх я і жыў) прадугледжана практычна ўсё для максімальна камфортнага жыцця кожнага чалавека. Нам ёсць чаму павучыцца. Напрыклад, ва ўсіх грамадскіх месцах (асабліва дзяржаўных) абавязкова ёсць пандусы для інвалідаў, нават калі там толькі дзве прыступкі. Ці яшчэ: надпісы ў розных арганізацыях (муніцыпалітэтах, музеях і гэтак далей) дублююцца побач спецыяльным шрыфтам для сляпых. Да таго ж кожны (!) святлафор дае не толькі светлавы сігнал, але і гукавы. Акрамя гэтага, шведы вельмі любяць сваю прыроду. І глядзяць яе. Кожны заканадаўча мае права на знаходжанне, напрыклад, у лесе для пікніку ці проста для любавання краявідамі, але павінен пасля сябе пакінуць месца ў тым жа выглядзе, што і да яго прыходу. Іначай вялікія штрафы. Тым больш што ёсць шмат лясоў у прыватнай уласнасці. І гэта павага да прыроды выхоўваецца з дзяцінства. Замак на беразе Балтыйскага мора Кальмарскі замак быў закладзены яшчэ ў канцы ХІІІ стагоддзя. Гэта сэрца горада. Не геаграфічна, а гістарычна. З яго Кальмар і пачаўся. Тут быў адзін з асноўных пунктаў абароны ад Даніі. Таму ў 1545 годзе замак быў перабудаваны з улікам самых сучасных фартыфікацыйных ведаў. Хоць гэта не выратавала: падчас Кальмарскай вайны 1611-1613 гадоў датчане захапілі крэпасць. Паступова, з-за пераносу мяжы, замак страціў сваё значэнне і доўгі час быў то складам, то турмой. Пасля яго адрэстаўравалі, і цяпер там музей. Гэта вельмі прыгожае і велічнае збудаванне на беразе Балтыйскага мора. І прыемна змрочнае, як усё сярэднявечнае, тым больш што я яго аглядаў увечары. Масіўныя форты, якія ахоўваюць кожны рог і паказваюць ворагам рашучасць барацьбы, здольны застрашыць любога. Цяжка ўявіць, што некалі гэту цытадэль змаглі захапіць. Уваход у галоўнае збудаванне ўжо быў зачынены, але ўсё астатняе можна аглядаць круглыя суткі. Пры ўваходзе на тэрыторыю замка, каля месца, дзе падымаўся мост, мяне сустрэў рыжы кот. Мы павіталіся, і ён кудысьці знік. Пакуль я праходзіў праз доўгі земляны насып, жывёліна нейкім чынам зноў апынулася перада мною, выслізнуўшы са сцяны. Я зразумеў, што ён тут гаспадар. Куды ісці далей, я не ведаў. Кот паглядзеў на мяне (як быццам са словамі: "Ну добра, хадзем") і пакрочыў па снезе ў нейкую арку і наверх. Я за ім. Той азірнуўся, паглядзеў, ці іду, і пабег далей. Ён вывеў мяне на насып, дзе можна было прайціся і пазнаёміцца з замкам з вышыні. Кот гасцінна правёў мяне па ўсёй тэрыторыі і зноў нечакана знік. "Востраў млыноў" і бежанцы Самы доўгі мост у Швецыі (трошкі больш за 6 кіламетраў) — Эландскі. Ён звязвае Кальмар і востраў Эланд. Неафіцыйная назва гэтай тэрыторыі — "востраў млыноў". Рэч у тым, што на востраве безліч ветракоў. Большасць з гэтых пабудоў вельмі старыя, але частка дагэтуль працуе. Вядомы Эланд яшчэ і тым, што ўлетку становіцца курортам, — з усёй Еўропы сюды едуць адпачываць. Аднак мяне тут зацікавіла іншае. Я знайшоў недахоп у сацыяльнай палітыцы Швецыі. На востраве ёсць лагер бежанцаў. З усяго свету, дзе ідуць войны ці адбываюцца канфлікты, прыязджаюць сюды людзі. Наглядчык лагера, калі даведаўся, што я з Беларусі, паказаў мне двух рускамоўных хлопчыкаў гадоў сямі-васьмі, што бегалі ў той час каля нас. Я запытаўся ў іх, адкуль яны. Адзін адказаў, што з Чачні, другі — з Арменіі. Па іх словах, бацькі пераехалі сюды толькі тры месяцы таму. Дзяржава прадастаўляе ім сціплае жыллё (невялікія аднапавярховыя дамочкі на дзве сям'і, дзе на кожнай палове ёсць пакой і кухня) і выплачвае нядрэнныя дапамогі. Працаваць жа бежанцам забаронена, пакуль урад не вырашыць, ці дазволіць застацца гэтым людзям у краіне. А такі перыяд можа цягнуцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. У выніку атрымліваецца, што гэтыя людзі не працуюць і жывуць за кошт падаткаў шведаў. Мне здаецца, што гэта калі-небудзь вылезе шведам бокам, бо большасць насельнікаў такіх лагераў (асабліва ў апошні час) — іншаземцы з далёкіх, у тым ліку і ментальна, краін. Карабель, які 333 гады праляжаў пад вадой Цяпер колькі слоў хачу сказаць пра сталіцу Швецыі — Стакгольм. Каб апісаць яго прыгажосць, патрэбна асобная публікацыя, а таму раскажу толькі, куды, на маю думку, абавязкова трэба схадзіць, калі там апынецеся. У першую чаргу, зразумела, гэта музей "Васа". Там знаходзіцца карабель, які ў 1628 годзе патануў у гавані Стакгольма ў дзень першага рэйса і быў падняты з дна ў 1961-м. Судна адрэстаўравана і на 95% складаецца з арыгінальных частак. Карабель цалкам драўляны і з'яўляецца сапраўдным творам мастацтва, з вялікай колькасцю скульптур і аздаблення. Рай для дзетак Яшчэ адно месца, куды варта зазірнуць усёй сям'ёй, — гэта музей казак Астрыд Ліндгрэн "Юнібакен". Тут шмат маленькіх дамочкаў, па якіх можна гойсаць, як хочаш, і адчуваць сябе то Карлсанам, то Пэпі Доўгайпанчохай, то яшчэ кім-небудзь. Можна сесці ў "магічны цягнік" і паехаць па ўсіх казках... А пасля на спецыяльнай дзіцячай сцэне вам пакажуць які-небудзь спектакль. Калі вы і вашы дзеткі адчуеце, што выгаладаліся, то можна наведаць прыгожы рэстаран з рознымі ласункамі. Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара. г. Кальмар — востраў Эланд — г. Стакгольм Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цяжка пачаць з чаго-небудзь аповед пра візіт у Швецыю — занадта шмат убачыў у гэтай прыгожай краіне таго, што хочацца расказаць. Лепей за ўсё, відаць, пайсці ад...
|
|