«Няхай і твайго бацьку заб’юць». 21.by

«Няхай і твайго бацьку заб’юць»

22.06.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Зоя Сідараўна Нядбайла даўно атрымлівае заслужаную пенсію, але працягвае працаваць урачом-траўматолагам. Яна ўспамінае першыя дні вайны і акупацыю нашай сталіцы гітлераўцамі. Восенню Зоя збіралася пайсці ў першы клас, а пакуль хадзіла ў дзіцячы сад, дзе яе маці працавала выхавальніцай.

— Мы жылі ў прыватнай хаце на вуліцы Маляўшчыцкай, гэта за цяперашнім ЦУМам. Калі немцы пачалі бамбіць Мінск 22 чэрвеня 1941 года, была паніка. Пра планавую эвакуацыю, пра якую пастаянна хвалілася начальства, у мітусні ўсе забыліся. Эвакуіравалі толькі адказных работнікаў. Сярод іх быў мой дзядзя Уладзімір Дрывоцінаў, які працаваў у Наркамаце фінансаў БССР. Яго сын Барыс Уладзіміравіч Дрывоцінаў потым стаў прафесарам, вядомым вучоным у галіне медыцыны.

Дзядзя Валодзя Дрывоцінаў з сям’ёй жыў у двухпавярховым драўляным бараку ў Грушаўскім пасёлку Мінска. Перад эвакуацыяй ён заскочыў да нас і папрасіў маму, якая была яго роднай сястрой: “Ніна, калі зможаш, захавай нашы рэчы. Як вернемся назад — спатрэбяцца”.

Па Мінску акупанты развесілі аб’явы, што насельніцтва павінна здаць радыёпрыёмнікі. За невыкананне загаду — расстрэл.

Праз некалькі дзён мама наняла вазок, і мы паехалі на кватэру дзядзі Валодзі. Тут ужо гаспадарыла суседка Вольга Дабравольская з п’янымі паліцаямі. Мы пагрузілі тое-сёе з рэчаў, а самае каштоўнае — швейную машынку “Зінгер” — Вольга не аддала, паабяцала аддаць пазней.

Сярод рэчаў дзядзі Валодзі быў радыёпрыёмнік. Тата схаваў яго ў нішу ў склепе.

Дабравольская напісала данос.

Тату выклікалі ў паліцыю, якая месцілася насупраць цяперашняга Рускага драматычнага тэатра, і загадалі неадкладна здаць прыёмнік.

Выцягнуўшы нейкія правады, тата зрабіў яго няспраўным і здаў.

Даведаўшыся, што прыёмнік няспраўны, Вольга Дабравольская зноў заявіла, што той прыёмнік быў замежны і добра працаваў.

Тата сцвярджаў, што іншага прыёмніка ў нас ніколі не было, бо такія рэчы меліся толькі ў начальства.

А суседка дзядзі Валодзі стаяла на сваім.

Тату пагражаў расстрэл.

Я валялася ў нагах Дабравольскай, цалавала калені, прасіла забраць назад заяву.

Ды яна была няўмольнай: “У мяне мужа няма, няхаў і твайго бацьку заб’юць немцы”.

У паліцыі я заўважыла знаёмага паліцая.

Перад вайной ён вучыўся на юрыдычным факультэце з маім дзядзем Віцем. (Потым дзядзю Віцю, камісара батальёна, паказвалі ў хроніцы ТАСС.)

Паліцая таксама звалі Віктарам. Захліпаючыся слязамі, я кінулася да яго.

Паліцай распытаў пра ўсё падрабязна і пайшоў да нямецкага начальніка, які размаўляў праз перакладчыка.

Расстрэл тату замянілі 25 розгамі.

У пакой для экзекуцый зайшоў той паліцэйскі, перагаварыў. Чатыры ўдары жалезнымі прутамі кат рабіў па сцяне, а пяты — па маім бацьку.

Калі тату, акрываўленага, выкінулі на калідор, у яго аказаліся зламанымі палова рэбраў, а скура потым паўгода гніла.

Я, сямігадовае дзяўчо, не ведала, што рабіць. Выскачыла на вуліцу і спыніла ездавога з падводай. Расказала, што тату моцна збілі ў паліцыі, і папрасіла завезці яго на Маляўшчынскую.

Ездавы аказаўся спагадлівым чалавекам, завёз тату дадому, платы не ўзяў ні капейкі.

…Мінула некалькі год. Германія была разгромлена.

Я закончыла Мінскі медыцынскі інстытут і працавала дзіцячым урачом.

Аднойчы мне трапіў візіт да хворага дзіцяці. Глянула ў паперу: Дабравольская. Падымаюся па знаёмай лесвіцы. Заходжу ў кватэру. На каленях у маладой жанчыны — хворае дзіця. Я агледзела яго, выпісала лекі.

У куце на ложку, накрыўшыся коўдрай, воўкам глядзела тая паліцэйская “пані”, якая імкнулася падвесці пад расстрэл майго бацьку.

Кажу: “Цёця Воля, вы помніце Зою, якая на каленях прасіла, каб вы забралі назад заяву немцам пра радыёпрыёмнік? Помніце, як хацелі расстраляць майго тату? Помніце вашага суседа Уладзіміра Дрывоцінава?”

— Якога Дрывоцінава?! Якога Дрывоцінава?!” — прыкінулася яна дурніцай.

Я расказала дзядзю Валодзю (які вярнуўся з эвакуацыі і працаваў начальнікам упраўлення ў Міністэрстве фінансаў БССР) пра сустрэчу са здрадніцай і прапанавала вывесці яе на чыстую ваду.

— Не трэба, Зоя, — адказаў дзядзя Валодзя. — Няхай яе Бог пакарае.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чатыры ўдары жалезам кат рабіў па сцяне, пяты — па маім тату
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика