Гаспадарлівыя дзятлы. 21.by

Гаспадарлівыя дзятлы

06.07.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як вопытныя лясныя санітары, у пошуках ежы яны не толькі старанна апрацуюць кожнае сухое дрэва ў сасновым бары, дуброве, але і правераць вясковыя сады, не баючыся падабрацца да самых хат

Лес ля нашай вёскі розны: і высакаствольны ліставы, і змешаны, і сасновыя бары. І кожны раз, калі прыходзім з жонкай па ягады ці грыбы, абавязкова пачуем дзятла. Тады мне ўжо не да лясных дарункаў — пільна ўзіраюся ўверх, каб убачыць гэтую птушку, якая так вабіць да сябе сваёй унікальнай працавітасцю і ўвішнасцю.

Адразу дзятла заўважыць няпроста, трэба пачакаць, калі раптам уверсе пачуецца моцнае «кр-кр-кр-кр-кр» і гулка разнясецца па лесе. Ага, здаецца, на той старой, амаль засохлай сасне. Не зводжу з яе позірку. Так і ёсць: вунь дзяцел вельмі спрытна скача па ствале. Вось ён спыніўся, і ўверсе раздалося тое самае тарахценне, якое нельга зблытаць больш ні з якімі птушынымі галасамі ў лесе.

Ах, я неасцярожны: ступіў усяго два-тры крокі, каб лепш разглядзець дзятла, а ён нечакана знік. Няма яго на гэтай сасне, і годзе, можа, пераляцеў на другое дрэва, а я і не заўважыў. Ды не, выглянула яго вяртлявая галоўка з другога боку гэтага ж дрэва, і зноў кудысьці юркнула жвавая птушка. Шукаю яе позiркам на сасне і не бачу.

Усё зразумела: дзяцел убачыў мяне і адразу ж прымае меры перасцярогі. На ўсякі выпадак, пэўна, не давярае чалавеку. Але ж я зусім не збіраюся пакідаць гэтае месца, так хочацца як мага болей паназіраць за цікавай птушкай, яе паводзінамі. Таму асцярожна заходжу на той бок дрэва, дзе яна хаваецца. Дзяцел рэзка і гучна крычыць, зрываецца з гэтай сасны, ляціць між дрэў.

Ведаю, што далёка не паляціць, бо на гэтым участку лесу шмат сухастояў, значыць, для птушкі тут багаты абедзенны стол. І каб дзятлу не перашкаджаць зараз, тым больш што ён ужо напалоханы, раблю такі манеўр. Выбіраюся ад гэтых соснаў на маляўнічую лясную сцяжынку, якую ведаю дасканала, і нетаропка крочу наперад. Вось кусты схавалі ад мяне тыя сосны, дзе завіхаўся дзяцел, тут спыняюся і чакаю. Мой манеўр удаецца: хутка каля тых соснаў зноў раздаецца звонкае «кр-кр-кр-кр...»

Вяртаюся да іх, хаваючыся ў кустах. І вось бачу: дзяцел учэпіста трымаецца на сасне і сваёй дзюбай выбівае гэты самы барабанны дробат. Коратка і лёгка пераскоквае, быццам хоча «даследаваць» увесь ствол сасны. Мяне не заўважае, відаць, знайшоў тут добрую спажыву і цалкам захоплены абедам. Пад карой, якую прабівае моцнай дзюбай, а то і ў самай драўніне знаходзіць розных насякомых, якімі і корміцца. Я ж маю магчымасць спакойна назіраць, як «працуе» ён на дрэве. Кіпцюры ў дзятла ўчэпістыя, што дазваляе яму надзейна трымацца на ствале. Для большай бяспекі яшчэ і хвастом падпіраецца. Гэты дзяцел, за якім назіраю, вялікі стракаты. Таму і яго ногі таксама прыстасаваны для такога спецыфічнага занятку.

Ну што тут скажаш, і з дзятлам мудрая прырода абышлася вельмі разумна і практычна: за кару ён трымаецца моцна і спакойна займаецца той работай, якая, здаецца, зусім не па сіле гэтай птушцы. Уявіце сабе такое: цэлымі днямі ён пералятае з аднаго дрэва на другое і дзяўбе, дзяўбе цвёрдую кару. Як толькі вытрымлівае яго маленькая галоўка. Праўда, дзюба ў яго доўгая, прамая і вельмі моцная. Як забарабаніць дзяцел, бы той кулямёт, па сухім ствале, ажно трэскі ад кары ляцяць. Стараецца дзяцел не дарэмна: не толькі пад карой знаходзіць сабе ежу, ад яго няма паратунку вусеням, розным жукам, іншым насякомым, якія могуць хавацца ў шчылінах і трэшчынах на ствале дрэва.

На Беларусі сустракаюцца два падсямействы гэтых аселых птушак — сапраўдныя дзятлы і круцігалоўкі. Нашы лясы проста ідэальныя для іх жыцця. Зімою вандруюць, і галоўная іх ежа — насенне з сасновых і яловых шышак. Нярэдка ў лесе можна ўбачыць дзятлаву «кузніцу» — месца пад дрэвам, дзе ён разбівае шышкі.

Сваё жыллё дзятлы будуюць надзейна — у дуплах, якія самі і выдзёўбваюць. Сем’і даволі вялікія — самкі адкладваюць да 14 яек, птушаняты выходзяць зусім бездапаможныя. Яны настолькі забаўныя, што калі пашанцуе ўбачыць, дык уволю насмяешся. Па-першае, вельмі галасістыя. Па-другое, як толькі падрастуць, адразу выбіраюцца з дупла. Поўзаюць па кары, і ніводзін не ўпадзе, у такім ўзросце маюць даволі ўчэпістыя кіпцюры. Хвост у маленькага кволенькі, але ж ім падпіраецца. Бацькі быццам забываюцца пра птушанят, і тыя адразу прывыкаюць да самастойнасці.

У нас яшчэ пашыраны чорны дзяцел, або жаўна, як яго называюць у народзе. Вельмі цікавая птушка, пра яе — асобая гаворка.

Для нас з жонкай самыя блізкія менавіта стракатыя дзятлы, якія водзяцца ў нашым лесе. Мы вельмі іх любім, і ёсць за што. Вось толькі дзве цікавыя гісторыі. Аднойчы жонка адна пайшла ў лес па грыбы. На ўзлеску яе быццам вітаў сваім звонкім крыкам дзяцел. Ну канешне, наш знаёмы, падумала жонка, і весялей стала на душы, бо побач жывая істота.

Забралася ў лес далекавата, якраз натрапіла на маладыя ядраныя грузды. Тут пра ўсё забываеш, бо цябе ахоплівае незвычайны азарт. І не заўважыла, як заблудзілася. Дзень быў пахмурны, без сонца арыентавацца немагчыма. Жонка то ў адзін бок, то ў другі, хоча выйсці на знаёмыя мясціны — дарэмна. Забрыла ў высокую, вельмі густую траву, усюды дзікі буралом, ну зусім чужы лес, жонка не ведае, як і быць. Яе ахапіла роспач, так часта здараецца, калі чалавек заблудзіцца. Стаіць жонка, прыслухоўваецца: мож,а пачуе хоць нейкі гук, чалавека ці машыны, каб пайсці на яго. Не, усё глуха.

І раптам: «кр-кр-кр-кр». Жонка адразу ж ідзе на гэты знаёмы гук. Спынілася, бо гуку не чуваць. І вось зноў, потым яшчэ і яшчэ. Жонка стамілася, але з палёгкай уздыхае: выйшла на знаёмыя мясціны. Пазірае ўверх і бачыць — на адной сасне завіхаецца дзяцел. Можа, якраз той самы, што сустракаў яе, калі заходзіла ў лес. Нічога не скажаш, добры праваднік, дзякуй табе...

Другая гісторыя. У нашым садзе, якраз ля самага акна, на яблыні засохла тоўстая галіна. Аднойчы раніцай бачым — на галіне ўжо завіхаецца дзяцел. Праз некалькі дзён прыляцеў зноў, быццам адчуў, што тут будзе чым пажывіцца.

А сёлета засох адзін ствол ніцай вярбы, каля якой мы на працягу дня ходзім безупынна. Словам, вельмі бойкае месца і зусім недаспадобы асцярожнаму дзятлу. І можаце ўявіць сабе, як мы здзівіліся, калі ўбачылі яго на гэтай вярбе. Ён абшукваў увесь ствол, зазіраў у кожную шчылінку, «правяраў» усе, нават тонкія, галінкі. І не звяртаў на нас ніякай увагі. Мо гэта той, «наш» дзяцел? А ён сабраў сваёй дзюбай усё, што трэба, на вярбе і паляцеў у сад да суседа. Маўляў, няма часу доўга затрымлівацца на адным дрэве, хочацца есці. Ды й шмат работы ў яго як у санітара па аздараўленні лесу. Гаспадарлівая птушка, нічога не скажаш...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пошуках ежы дзятлы старанна апрацуюць кожнае сухое дрэва
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика