Жыццё пасля раку. Анатоль Глушчанка на пенсіі за 7 гадоў перажыў дзве анкалагічныя аперацыі
23.12.2013 13:48
—
Новости Общества
|
|
Карэспандэнт: "Чаму з усіх варыянтаў выбралі менавіта вясёлку?"
"Калі шчыра сказаць, я траўніку, з якім мяне звялі, на нейкім адрэзку проста перастаў верыць. Ён у сваёй галіне чалавек вядомы, прынамсі ў Мінску. Кніга ў яго ёсць, іншыя працы. Але я чамусці расчараваўся. Можа, таму, што ў яго гэта цяпер больш бізнэс, чым лячэнне. На маю думку, якраз асноўнае, што перашкаджае лячэбнаму працэсу, палягае ў наступным: людзі, якія маюць да гэтага адносіны, з цягам часу пераўвасабляюцца. Як кажуць, залатое цяля на многіх робіць адваротны эфект. Ня я адзін гэта заўважыў, многія насцярожваюцца. Гэта нядобра і ў тым сэнсе, што людзі паступова пачынаюць займацца самалячэннем без патрэбных ведаў. Просты прыклад: мы ездзілі, набывалі ў людзей вясёлку. Для цешчы настой мы цягам васьмі гадоў набывалі ў аднаго дзеда. Потым ужо пачалі рабіць самастойна - куплялі на рынку гэтыя грыбы, самі настойвалі, у мяне і цяпер яшчэ пару трохлітровых слоікаў стаяць. Дык вось, тое, што я цяпер сам настойваю, зусім іншы смак мае. Відаць, ужо дзесці парушаю ці рэцэптуру, ці тэхналогію. А можа, гарэлку ня тую л'ю (смяецца). То бок важная першакрыніца, але таксама важна не старацца зарабіць на апошнім шанцы".
Як сталы кліент Бараўлянаў Анатоль Глушчанка высока ацэнвае лекараў, якія абралі сабе такі надзвычай складаны ўчастак працы. Але пры гэтым лічыць, што так званая ранняя стадыя дыягнаставання анкалагічных захворванняў пакуль застаецца не рэальнасцю, а толькі жаданнем:
"Я вось пакруціўся ў гэтай сістэме, і што тычыцца ранняй дыягностыкі, то лічу так: цяперашняя сістэма аховы здароўя канкрэтна ў галіне анкалогіі папросту няздольная рабіць раннюю дыягностыку. Гэта хутчэй удача, чым нейкая заканамернасць. Што да майго выпадку, то, яшчэ раз кажу, ня выключана, што якраз паспрыяла народная медыцына. Ня ведаю, што мне дапамагло больш. Але тое, што я стараўся рабіць усё, што мне прапаноўвалі, гэта факт. Перадусім, сам шукаў, што толькі можна, рознымі выпадкамі аздараўлення цікавіўся. Цяжка сказаць, як гэта склалася, але за сем гадоў перажыў ужо дзве аперацыі. І хаджу, працую - і на дачы, і ўсюды. Вядома, перыядычна УЗІ праходжу, цукар, кроў - усё, што патрэбна. Цалкам усе аналізы: і агульны, і біяаналіз. Шчыра кажучы, я сабе сказаў: як будзе, так будзе. Прынамсі, буду старацца ўхапіцца за шанец. А як насамрэч здарыцца - ніхто нічога ня можа прагназаваць. Тым больш, самі лекары ніякіх не даюць гарантыяў. А за свае два заходы ў Бараўляны ўсяго нагледзеўся, якіх толькі людзей не было. Там проста канвеер. Яны ж ня лечаць, груба кажучы. Разразаюць і глядзяць: ёсць - на хіміятэрапію, няма - дадому".
Паводле суразмоўцы, беларускія хірургі паводле сваёй кваліфікацыі наўрад ці каму ў свеце саступаюць. Аднак сама сістэма, якая склалася ў медычным асяроддзі, не прадугледжвае, каб іхнія высілкі выходзілі за стандартныя рамкі:
"Тыя, каго я ведаю з "разакоў-хірургаў", - яны, па вялікім рахунку, высокакваліфікаваныя людзі. У асноўным усе як з інстытуту прыйшлі, яны там усе і ёсць, засталіся. І кваліфікацыю сваю з году ў год мацуюць, і методыкі адмысловыя распрацоўваюць. Усё гэта ёсць, без пытанняў. Ніяк ня скажаш, што тут нечага не хапае. Можа, яны б і ў пасляаперацыйным аднаўленні дапамаглі, але бяда ў тым, што ў іх гэтая сістэма склалася, зацвярдзела і працуе папросту па інэрцыі. Адна мая знаёмая, якая якраз займалася аднаўленчымі методыкамі, нават апавядала, што ёй так і сказалі: чаго ты лезеш, хочаш адарваць нечы кавалак хлеба? Ну, а потым сістэма яе ў нас існуе? Важная колькасць аперацыяў, сістэма аплаты і г.д. Вынікі недзе ідуць прычэпам. Безумоўна, яны ўсе аперацыі сумленна робяць, і кваліфікавана, і з хворымі нармальна. Але нечага не хапае. Найперш, ужо пасля таго, як выразалі і зашылі. Вядома, неспецыялісту цяжка на гэтую тэму разважаць. Але тое, што недапрацоўкі ёсць - гэта факт".
Нягледзячы на дзве анкалагічныя аперацыі, Анатоль Глушчанка так і не аформіў сабе інваліднасць. Кажа, што яму прапаноўвалі непрацоўную групу, але пасля кароткіх ваганняў адмовіўся ад "прывілеяў" на карысць працы. Дадатковы заробак дазваляе весьці актыўны лад жыцця, з жонкай і ўнукам часта выбіраюцца ў вандроўкі па Беларусі і за яе межы.
Чытайце таксама: