Маці кінула піць, каб вярнуць сына. Як перавыхоўваюць "праблемных грамадзян" у вёсцы пад Віцебскам
18.05.2015 15:08
—
Новости Общества
|
У Віцебскім раёне нямала людей, што пачалі жыццё "з чыстага ліста". Падчас камандзіроўкі ў вёску Яроміна я пазнаёміўся з жанчынай, якая, каб вярнуць дзіця, без кадзіравання кінула піць. Спрацаваў мацярынскі інстынкт, альбо здарыўся "цуд"? Аднак, калі б жанчыну не пазбавілі бацькоўскіх правоў, наўрад ці яе жыццё наладзілася б. На яе прыкладзе можна гаварыць аб эфектыўнасці працы па "перавыхаванні" гультаёў.
Наглядаюць, як за дзецьмі— Усяго ў раёне каля 270 "праблемных грамадзян". Усе яны ў нас на кантролі. Не даём гультаям спакойнага жыцця. Спачатку высвятляем: за кошт чаго чалавек жыве, адкуль грошы на выпіўку. Бачым на вуліцы ў нецвярозым стане, складаем пратаколы, папярэджваем, выклікаем на пасяджэнні савета прафілактыкі.Некалькі разоў на тыдзень участковы прыходзіць на месца іх працы, паралельна правярае, ці працягваюць піць дома. Вядома, у калектывах уважліва сочаць за тым, як перавыхоўваюцца гультаі. Калі што не так, адразу нам сігналізуюць пра спазненне, прагул. Калі добраахвотна не хоча працаваць, адпраўляем у лячэбна-працоўны прафілакторый, — расказвае Андрэй Абушкевіч, намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Віцебскага раёна, падпалкоўнік міліцыі. На тэрыторыі раёна 15 сельсаветаў. У цэнтральны населены пункт аднаго з іх — Вароны — журналіст выправіўся разам з участковым. На пасадзе ён каля пяці гадоў. Ахоўнік права на добрым рахунку ў начальства, ды і людзі яго паважаюць. А некаторыя нават баяцца. — У Варонаўскім сельскім Савеце 13 населеных пунктаў. У вёсках і аграгарадках жывуць пастаянна прыкладна 1,5 тысячы чалавек. А ў дачны сезон у разы больш. Сярод іх прыкладна 40 чалавек, з якімі трэба пастаянна праводзіць прафілактычную працу. Гультаі ведаюць, што нічога не ўтояць ад мяне. Магу расказаць пра кожнага: хто чым "дыхае". Я ў курсе: ці "ўзяўся за розум", ці штодня сябе "цягне на дно", — распавядае Дзмітрый Гянюк, старшы ўчастковы інспектар Віцебскага РАУС, капітан міліцыі. Адзін участковы, зразумела, не можа нават пры ўсім жаданні перавыхаваць "дарослых дзяцей". Таму прафілактычная праца вядзецца ў цеснай сувязі з кіраўніцтвам сельвыканкама. Разам запэўніваюць у тым, што жыць так нельга. Тых, на каго гэта не дзейнічае, па-добраму пужаюць сумнымі перспектывамі. Бутэлька "чарніла" і… дзіцячы абутакУ будынку сельвыканкама ёсць дошка ганьбы і электронная "картатэка".— Да кожнага стараемся знайсці індывідуальны падыход. І прыемна, калі былыя гультаі, тыя, хто мог стаць чужымі для родных дзяцей, гавораць пры сустрэчы "дзякуй". Магу паказаць тэматычны архіў. Вось — фота "эвалюцыі" людзей: якімі былі, калі злоўжывалі спіртным, якімі сталі пасля таго, як іх пачалі "апрацоўваць". Вось глядзіце: шпалеры паклеілі, бытавыя прыборы хатнія купілі, у халадзільніку хапае ежы, — дзеліцца вопытам Юрый Осіпаў, старшыня Варонаўскага сельвыканкама. Некаторыя фота могуць стаць тэмай для плакатаў. Напрыклад, мяне "зачапіла" фатаграфія: пачак цыгарэт на ложку, побач — на падлозе — бутэлька віна і дзіцячы абутак. А на іншым здымку гультаі добраўпарадкаваннем займаюцца. Такая працатэрапія часам дае эфект. — А кідаюць піць — і наваселлі спраўляюць, і гаспадарку заводзяць. Таму і ходзім па кватэрах, дамах, размаўляем, пераконваем. Адным гаворым адкрытым тэкстам, іншым — намякаем, што ў вас тры шляхі. Першы: жывеш па законах — і цябе ніхто не чапае. Другі: калі хочаш далей піць, ствараем такія ўмовы, пры якіх гэта будзе не ў радасць. І, калі ўжо такая пільная ўвага не паўплывае, ёсць трэці варыянт: адпраўка ў спецыяльны прафілакторый, або судзімасць, — працягвае Юрый Осіпаў. У Варонаўскай сярэдняй школе вучацца дзеці тых, хто "завязаў" са спіртным. Тых жа няшчасных, бацькі якіх не змаглі "ўзяцца за розум", уладкоўваюць на выхаванне ў прыёмныя сем'і, інтэрнаты… Пры гэтым біялагічныя бацькі кампенсуюць дзяржаве ўсе выдаткі. — У нас вучыцца васьмігадовы хлопчык. Яго мама, вы будзеце здзіўлены, без кадзіравання кінула піць. Але зрабіла гэта толькі пасля таго, як пазбавілі бацькоўскіх праў. А да гэтага, згодна з дэкрэтам №18, забіралі ў яе дзіця. Прасіла вярнуць. Праз пару месяцаў пачала піць. Зноў дзіця забіралі. А ўжо як зразумела, што канчаткова застанецца без малога, дык зрабіла ўсё магчымае, каб сына вярнулі, — дадае Генадзь Філіпенка, дырэктар Варонаўскай сярэдняй школы.
Валянціна з вёскі Яроміна, пра якую згадваецца вышэй, можа стаць прыкладам для тых, хто знаходзіцца на шляху выпраўлення. |
|