Як хобі становіцца справай жыцця. 21.by

Як хобі становіцца справай жыцця

20.04.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

article3899.jpg

 Існуе меркаванне, што рукадзелле рэдка прыносіць грошы, і менавіта па гэтай прычыне даволі часта хобі становіцца проста захапленнем. З гэтай ідэяй у корані не згодныя Алена Мікалаеўна Кіслінская і яе дачка Каця, якія чатыры гады таму пераехалі з Расіі ў Косава. Яны ўпэўнены: захапленне можа стаць справай усяго жыцця. І прыносіць нядрэнны заробак. Але для гэтага трэба прыкласці немалыя намаганні, праявіць фантазію і пастаянна развівацца. 


Яшчэ ў Расіі Каця наведвала курсы па валенню з лямцу, прыносіла дамоў прыгожыя рэчы – бусы, завушніцы, цацкі. Маці радавалася поспехам дачкі і здзіўлялася, які цікавы матэрыял – лямец, якія аб'ёмныя формы атрымліваюцца з яго. І таксама вырашыла пайсці на гэтыя курсы. Першы выраб, які Алена Мікалаеўна ўласнаручна зрабіла пад кіраўніцтвам дачкі, – бусы. Калі пераехалі ў Косава, хобі свайго не пакінулі, а працягнулі вывучаць розныя тэхнікі і метады. 

– Пра нашае захапленне даведаліся ў мясцовым Доме культуры, прапанавалі зрабіць выстаўку, – расказала Алена Мікалаеўна. – Мы адразу ж пагадзіліся. Чаму б не расказаць людзям пра тое, як прыемна і з карысцю можна праводзіць вольны час. Пэўна, жыхарам спадабалася, бо вось ужо тры гады я з’яўляюся кіраўніком гуртка “Чароўны лямец” у ДУА “Косаўская СШ”. Спачатку было страшна весці заняткі, але чым больш вывучала валенне разам з дзецьмі, тым больш уцягвалася. У хуткім часе планую наведаць курсы, каб павысіць сваю кваліфікацыю, бо хочацца даведацца штосьці новае, не стаяць на месцы. Каб дзецям заўсёды было цікава на занятках. Гэтыя навыкі будуць з імі ўсё жыццё, а для некаторых, магчыма, стануць першым крокам у прафесію.

Зараз гурток наведвае больш за 20 дзяцей – пераважна гэта дзяўчынкі, але ёсць і хлопчыкі. Кіраўнік гуртка адзначыла, што хлопчыкам таксама вельмі цікава на занятках, а часам яны спраўляюцца хутчэй і спрытней за дзяўчынак, ды і вырабы ў іх атрымліваюцца не горшыя. Самай малодшай удзельніцы ўсяго пяць гадоў, але пад наглядам Алены Мікалаеўны яна спрытна працуе іглой і робіць поспехі ў валенні.
Валенне з лямцу, як яшчэ яго называюць, фэлцінг – занятак вельмі карысны для дзяцей. Па-першае, гэта магчымасць увасобіць у жыццё свае фантазіі. Па-другое, сам працэс прынясе не толькі задавальненне, але і карысць – развіццё маторыкі, увагі, акуратнасці, цярпення і каардынацыі рухаў. Адметна, што праграму выкладання педагог распрацавала сама. Матэрыялы дзеці купляюць у спецыялізаваных магазінах для рукадзелля. Асноўны інструмент – спецыяльная іголка для качання, яшчэ трэба падушачка-падкладка з тоўстага паралону, на якой зручна фармаваць лямец. Літаральна з першых заняткаў вучні ствараюць прыгожыя рэчы. Спачатку асвойваюць сухое валенне, а для больш складаных, аб’ёмных вырабаў выкарыстоўваюць мокрае (для яго не патрэбна іголка). Безумоўна, як і любы іншы від рукадзелля, валенне патрабуе ўседлівасці, вялікага цярпення, мастацкіх здольнасцей, адчування формы, колеру. І ўсё ж валенню, лічыць педагог, можа навучыцца практычна кожны. У вучняў няма праблем, што падарыць сябрам і блізкім, яны заўсёды могуць зрабіць мілы, не падобны на іншыя прэзент. Да кожнага свята яны ствараюць адмысловыя кампазіцыі. Напрыклад, да Вялікадня рабілі цэлыя кампазіцыі з яек, птушанят і кветак. 




Алена Мікалаеўна адзначае, праца з лямцам – напэўна, самы ўтульны від рукадзелля. Бадай, ніводны матэрыял не дае столькі магчымасцей для фантазіі: з яго можна рабіць цацкі, карціны, упрыгожванні, сумачкі і футляры, рукавіцы, шапкі і нават камізэлькі, пінжакі… Вырабы атрымліваюцца не толькі прыгожыя, але і вельмі прыемныя навобмацак, а адзенне – надзвычай цёплае.
У калекцыі Каціных вырабаў – завушніцы, бусы, заколкі для валасоў, карціны і разнастайныя цацкі.

– Я люблю момант, калі ў ваўнянага камячка з'яўляюцца вочкі, носік, раток, калі праяўляецца ўжо ўсім зразумелая форма звярка, – расказала Каця Кіслінская. – Шчыра радуюся, калі бачу, як цацка “ажывае” ў руках. У апошні час папулярнасць валення набірае абароты, яно стала вядомым відам мастацтва. Яго можна ўпэўнена назваць нават канкурэнтаздольным. Такія вырабы цэняцца сваёй натуральнасцю. Ды і што можа быць лепш за падарунак, у які майстар уклаў сваю часцінку душы? Такі выраб выпраменьвае дабро і выключна светлыя эмоцыі і пачуцці.
Захапленне фэлцінгам у Алены Мікалеўны і Каці стала настолькі сур’ёзным, што жанчына вырашыла, што эксклюзіўныя вырабы, зробленыя ўручную,  будуць карыстацца попытам – і зарэгістравалася ў якасці рамесніка. Дачка падтрымлівала бізнэс-пачынанні маці. Стэнд з іх вырабамі можна ўбачыць на “Дажынках”, іншых кірмашах і святах Брэстчыны, таксама сям’я прымае ўдзел у шматлікіх выстаўках і конкурсах.

– Я заўсёды дапамагаю маці рыхтавацца да кірмашоў. Мы разам адбіраем тавар, які павязём на тое ці іншае свята. Заўсёды карыстаюцца попытам бусы, бранзалеты, усё часцей маладыя матулі хочуць набыць для свайго дзіцяці своеасаблівую ўтульную цацку, таму таксама звяртаюцца да нас. Пэўна, калі пасталею, то таксама зарэгістрыруюся ў якасці рамесніка – гэта і хобі, і капейка ў дом. Раз на раз не прыходзіцца, часам шмат заказаў, часам пуста, але якое задавальненне – працаваць і атрымліваць ад сваёй працы не толькі станоўчыя эмоцыі, а яшчэ якія-ніякія грошы.
У апошнія гады рамесніцтва ў Беларусі становіцца ўсё больш папулярным. А пасля нядаўніх заканадаўчых новаўвядзенняў, якія максімальна спрасцілі занятак рамесніцтвам, і зусім прагназіруецца ўсплёск сярод людзей, якія валодаюць творчымі навыкамі, талентамі і здольнасцямі. Тым, хто вагаецца і не ведае, рызыкаваць ці не, Алена Мікалаеўна дае параду:

– Я лічу, што не трэба баяцца пачынаць нешта новае, трэба верыць у сябе. Жыццё наогул такая штука: не па-
спрабуеш, не даведаешся. Я таксама раней думала: можа, нікому мая творчасць не трэба? А аказваецца, трэба! Хай не ўсім, але ўсё ж ёсць зацікаўленыя людзі, якія хочуць набыць арыгінальныя рэчы ручной працы. Некаторыя людзі баяцца адкрываць рамесніцтва з-за боязі, што да іх будзе нейкае асаблівае стаўленне, што давядзецца шмат плаціць. Нічога ў гэтым страшнага няма, не трэба баяцца тварыць і атрымліваць за гэта прыбытак. Сакрэт поспеху просты: ёсць талент – трэба яго развіваць і атрымліваць як задавальненне, так і карысць. 
Ганна Ільяшэвіч, 
фота аўтара і з архіва сям’і. 
 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Захапленне можа стаць справай усяго жыцця. І прыносіць нядрэнны заробак. 
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика