Добры вечар, горад!
16.06.2018
—
Новости Общества
|
Многа разоў цікавілася ў педагогаў іншых рэгіёнаў краіны пра існаванне пры іх установах бацькоўска-настаўніцкіх патрулёў. Ніхто не ведаў пра такое добраахвотнае фарміраванне, дзейснае ў прафілактыцы супрацьпраўных паводзінаў непаўналетніх, а таксама непасрэдна ў адносінах да іх. У нас, на Петрыкаўшчыне, пра патрулі ведае літаральна кожны. І актуальнасць яны набываюць непасрэдна цяпер, летам, і асабліва ў горадзе. У чарговы рэйд мы далучыліся да патруля сярэдняй школы № 1. Як тут заведзена, за тры з паловаю гадзіны трэба было наведаць сем’і навучэнцаў, якія знаходзяцца на ўліку, прайсці па месцах адпачынку моладзі і падлеткаў. У сям’і Г. па вуліцы Бумажкова нашаму візіту не здзівіліся, настаўнікі тут – частыя госці. Некалі ў бацькоў былі праблемы з алкаголем, але своечасовае лячэнне і адчуванне імі пастаяннага кантролю з боку школы дае вынікі. Праблем тут даўно не было, у доме заўсёды парадак, дзеці пад наглядам, як і ў той вечар. Маршрут далей праходзіў праз гарадскі пляж. Мімаходам пацікавіліся справамі ў сям’і Ф. па вуліцы Піянерскай, дзе літаральна два дні таму былі педагогі. На пляжы адпачываючых ужо не было, але пагутарылі з дзяжурным выратавальнай станцыі. Педагогі школы цесна супрацоўнічаюць з выратавальнікамі. Некалькі дзён таму сюды прыходзілі рабяты з экскурсіяй, прымяралі на сябе вадалазныя касцюмы, выпрабоўвалі свае навыкі ў аказанні дапамогі пацярпеламу на вадзе. Дзяжурны не прамінуў адзначыць, хто з навучэнцаў школы сёння быў на пляжы, і да іх паводзінаў, як заўсёды, прэтэнзій не ўзнікала. Навучэнка малодшых класаў Г. жыве з бабуляй. Да маці некалі былі пытанні, таму сям’я была пастаўлена на ўлік. Цяпер жанчына выйшла замуж, будуюць дом, а дзяўчынка пакуль у бабулі. Настаўнікаў таксама цікавіла не толькі наяўнасць прадуктаў, чысціня ў хаце, але і добраўпарадкаванне двара, агарода, запас дроў. Усё ў парадку. Рухаемся далей. Трое падлеткаў не чакалі, што чацвёра жанчын і мужчын будуць мець прэтэнзіі да іх паводзінаў, калі гучна выкрыквалі брудныя словы ў нечый адрас. Спынілі іх, пасаромелі, спыталі, адкуль і ці ведаюць, што брыдкаслоўе ў грамадскім месцы – адміністрацыйнае правапарушэнне. Дзяўчынкам каля фантана параілі дастаць з кішэняў флікеры і прымацаваць да рукі, бо змяркацца пачало даўно. Падышлі і да хлопцаў, што размясціліся ў альтанцы ў гарадскім парку. Бутэлек побач не было. Таму толькі нагадалі, што іх час знаходжання на вуліцы абмежаваны – да 23.00. Завяршалі маршрут патруля наведванні гарадскога рэстарана і кафэ “Ірына”. Самыя адчайныя з непаўналетніх, здараецца, спрабуюць тут правесці вечар. Трэба адзначыць, што ў тую суботу, першую ў канікулах, так рызыкаваць школьнікі не сталі. “Гэта нашы ідуць”, – неаднойчы паказвалі на сваіх вучняў настаўнік Іосіф Радкевіч і псіхолаг Алена Рудзько. Прычым, у падлеткаў і старшакласнікаў не ўзнікала нават у вачах пытання, што робяць познім вечарам настаўнікі каля рэстарана ці ў парку. Ведалі, што так дарослыя не толькі папярэджваюць іх ад нядобрых крокаў, але і сочаць за іх бяспекай. Ларыса Карабейка, маці сямёх родных і трох апякунскіх дзяцей, што ў той вечар увайшла ў склад бацькоўска-настаўніцкага патруля, у гэтай справе не навічок. І не толькі таму, што запрашае класны кіраўнік малодшага сына-васьмікласніка, але і таму, што хоча ўласна бачыць, як паводзіць сябе моладзь на вуліцы, каб ведаць, пра што папярэджваць сваіх дзяцей. І стаж яе ўдзелу ў такіх рэйдах вылічваецца больш як дзесяцігоддзем. Алена БРУЦКАЯ. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Многа разоў цікавілася ў педагогаў іншых рэгіёнаў краіны пра існаванне пры іх установах бацькоўска-настаўніцкіх патрулёў. Ніхто не ведаў пра такое добраахвотнае...
|
|