Зямля, па якой мы ходзім, на якой будуем свае дамы, ездзім на аўтамабілях, з’яўляецца сапраўднай кнігай па гісторыі. Менавіта яна раскажа, як жылі нашы продкі стагоддзі і нават тысячагоддзі таму. Штодзень у розных баках і кутках знаходзяцца новыя артэфакты, якія дапамагаюць праліць святло на многія таямніцы чалавецтва.
Палеская зямля таксама хавае ў сабе безліч таямніц. Таму не дзіўна, што ў нас сістэматычна вядуцца раскопкі, сведкай адных з іх я стала на мінулым тыдні. Ва ўрочышчы Хабішча, што за Давыд-Гарадком, група маладых археолагаў на чале з навуковым супрацоўнікам інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ганнай Мікалаеўнай Бяліцкай знаходзілі артэфакты зарубінецкай культуры, якая была распаўсюджана на Прыпяцкім Палессі. Кажучы простай мовай, мэта гэтай экспедыцыі – даказаць, што нашы землі з’яўляюцца месцам, дзе фарміраваліся першыя славянскія плямёны.
Гэта ўжо трэці раз, калі Ганна Мікалаеўна прыязджае сюды на раскопкі. Першы быў у 1989 годзе, праўда, тады да сенсацыі не дакапаліся. А вось у 2005 годзе на гэтым жа месцы было знайдзена язычніцкае капішча, што дазволіла зрабіць высновы, што тут у пачатку III стагоддзя знаходзілася стараславянскае пасяленне.
Група археолагаў сустракае на паляне, дзе разбіты іх палатачны лагер. Усё ў жанры прыгодніцкага кіно. Вогнішча ў цэнтры, невялікі стол, на якім стаіць мінімум посуду, паміж дрэў нацягнуты вяроўкі, на якіх сушыцца бялізна. Насустрач нам выходзяць зусім маладыя археолагі – студэнты, магістранты і аспіранты гістарычных факультэтаў навучальных устаноў з усёй краіны. Лізавета Кісялёва – магістрант БДУ. Прызнаецца, што зусім не лічыць гэта цяжкай справай, хутчэй, вельмі цікавай. Першы дзень яны робяць шурф – невялікі пробны раскоп. З цікаўнасцю ўглядаюцца ў зямлю, кожная выкапаная рыдлёўка пяску перабіраецца ўручную. Першая знаходка – малюсенькая прасніца, якую выкарыстоўвалі пры ткацтве. Далей элемент зашпількі ад пояса. Безліч асколкаў глінянага посуду, якія недасведчаны чалавек лёгка прыме за звычайны кавалак глебы. Старажытны ножык і адна з самых галоўных знаходак – наканечнік стралы, які, дарэчы, знайшоў Аляксандр Марушка – вядучы метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Столінскага аддзела культуры. Ён вырашыў далучыцца да групы, як толькі даведаўся пра экспедыцыю. Таксама да месца пад’ехаў дэсант Давыд-Гарадоцкай сярэдняй школы № 2, калектыў якой вызваўся дапамагчы гасцям з вадой, дровамі. Загадчык музея і былы настаўнік гісторыі гэтай школы Генадзь Рыгоравіч Басавец і яго малодшая калега Людміла Канстанцінаўна Казялко ўзначальвалі групу валанцёраў, у якую ўваходзілі вучні 9-11 класаў.
Яшчэ некалькі дробязных знаходак умясціліся ў невялікую каробачку. Раскапана дзевяць квадратаў, кожны з якіх метр на метр.
На дне выкапанай ямы Ганна Мікалаеўна паказвае, дзе быў уваход, дзе было размешчана вогнішча і нават чым абагравалі жытло старажытныя славяне. На некалькіх месцах, пазначаных галінкамі, пры раскопках запішчаў металашукальнік. Акуратна саскрабаючы зямлю, Ліза разам з вучнямі шукае знаходку. Ёй аказаўся звычайны жалезны цвік, якому, праўда, некалькі стагоддзяў.
Ганна Мікалаеўна робіць высновы, што яны на правільным шляху.
Асабіста ўзяць рыдлёўку ў мяне жадання не ўзнікла ў адрозненне ад валанцёраў, якія працавалі тут. У апошні дзень засталіся самыя стойкія – Аляксандра Бондар, Аляксандр Ранцэвіч, Арцём Свяжоў і Ірына Чуб, уражанняў у якіх хопіць надоўга.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара