Камбайнер ААТ “Шайцерава” Генадзь Грыгор’еў на КЗС-1218 першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжа.
Генадзь Віктаравіч не толькі першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжа, але стаў першым у вобласці, хто зрабіў гэта на айчынным камбайне.
Павіншаваць камбайнера з працоўнай перамогай на поле прыехалі старшыня райвыканкама І. І. Марковіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. У. Зуй, дырэктар ААТ “Шайцерава” М. П. Гумнянкоў, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі А. А. Станкевіч.
Глава раёна ўручыў Г. В. Грыгор’еву Падзяку старшыні райвыканкама і адзначыў, што ў любых умовах ААТ “Шайцерава” задае тон не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Чвэрць хлеба, намалочанага сёння ў раёне, – на рахунку гаспадаркі. Словы падзякі І. І. Марковіч адрасаваў таксама кіраўніку, інжынернай і агранамічнай службам, працаўнікам сельгаспрадпрыемства, бо гэта – перамога ўсяго калектыву.
Г. В. Грыгор’ева з працоўнай перамогай віншуюць (злева направа) М. П. Гумнянкоў і І. І. Марковіч.
— Як ніколі нам патрэбны ўраджай у гэтым годзе – раён прымае абласныя “Дажынкі”, — сказаў Ігар Іванавіч. – Упэўнены, што сярод пераможцаў шайцераўцы не раз будуць узнімацца на сцэну, дзе мы будзем ушаноўваць герояў жніва.
— Калектыў ААТ “Шайцерава” – зладжаны, — сказаў дырэктар гаспадаркі М. П. Гумнянкоў. – З ім можна горы звярнуць – праверана часам! Сапраўдныя прафесіяналы, нягледзячы на спякоту, не зніжаюць тэмпаў уборкі. За 14 гадоў працы не прыпомню, каб у сярэдзіне жніўня заканчвалі яе. Сярэдняя ўраджайнасць – 50ц/га. Азімыя трыцікале, пшаніца даюць ураджайнасць 52 і вышэй.
Генадзь Віктаравіч прымаў падарункі і ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК, і ад гаспадаркі. А.У. Зуй выказала надзею, што Генадзь Грыгор’еў першым намалоціць дзве тысячы тон збожжа, уручыла таксама падарункі камбайнерам, вадзіцелям, аграномам, усім, хто ў гэты дзень вёў жніво.
Прыемным сюрпрызам стала віншаванне жонкі і сына перадавіка. Яны ўручылі лідару жніва кветкі, духмяны каравай і квас, а яшчэ – пацалункі і шчырыя віншаванні.
Святлана Грыгор’ева – неаднаразовы пераможца раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па вытворчасці малака – упэўнена, што гэту перамогу муж заслужыў.
З раніцы і да ночы ён звычайна завіхаецца ў гаспадарцы. Пра яго гавораць: нам бы такіх пяць, як Грыгор’еў, і больш не трэба механізатараў.
— Кожны вечар усёй сям’ёй перажывалі за бацьку, асабліва сын Улад. Вылічвалі, колькі зерня намалаціў, колькі яшчэ не хапае да перамогі, — расказвае Святлана. – А нядаўна прыйшлі з работы, падаграю вячэру сваім мужчынам. А сын кажа: “Мама, калі будзеш садзіцца есці хлеб, гавары “дзякуй” тату.” Ксенія КАВАЛЁНАК. Фота аўтара.
> Камбайнер ААТ “Шайцерава” Генадзь Грыгор’еў на КЗС-1218 першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжа. Генадзь Віктаравіч не толькі першым у раёне намалаціў тысячу...