Семь раз отмерь, или Как Лариса Марьяновна мам и дочек шить учит. 21.by

Семь раз отмерь, или Как Лариса Марьяновна мам и дочек шить учит

17.08.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Злучаючы палотны тканіны, стракочуць, як конікі, швейныя машынкі. Бясшумна кружацца на адной назе рознакаляровыя шпулькі-балярынкі, а белыя нітачкі ўслед за іголкамі наносяць змётачныя швы… Усе швачкі пры справе. А галоўная майстрыха – па ўсім відаць, чараўніца сучаснай моды – Ларыса Мар’янаўна Калмакова налева-направа раздае трапныя ўказанні:
— Страчыць! Пароць! Сем разоў памераць – адзін адрэзаць!..

Ужо пятнаццаць гадоў у пружанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі жанчына вядзе гурток кройкі і шыцця. За гэты час многія дзеці навучыліся ў яе азам кравецкай справы: шыць, перашываць, падганяць, а яшчэ са старых рэчаў і лапікаў з гузікамі вырабляць разнастайныя стыльныя аксесуары, маляўнічыя пано і нават лялькі. Тры гады таму ўслед за дзецьмі да Мар’янаўны (менавіта так з любоўю называюць майстрыху цяперашнія выхаванцы) у гурток запісаліся і мамы дзяцей, якім не давала спаць слава Эвяліны Хромчанка і Како Шанэль.
А з сённяшняга дня ва ўсіх, хто марыць навучыцца (альбо перавучыцца!) шыць па апошніх сусветных тэхналогіях і апранацца стыльна, з улікам тыпу фігуры і фінансавых магчымасцей, з’явілася рэальная магчымасць ажыццявіць сваю мару. Ларыса Мар’янаўна адкрывае ў ЦТДМ бясплатны гурток “Стыль” для людзей узростам да 33 гадоў (тэл. 792-71-23).
— Спяшайцеся, запісвайцеся! Тут — поўны рэлакс! Я, дзякуючы нашай Мар’янаўне, ужо назубок вывучыла правілы, якія дыктуе сучасная мода, – рэкламуе гуртковую вытворчасць адна з мам па імені Ірына.
— Мар’янаўна — выдатны спецыяліст. Добрая, уважлівая, цярплівая. Прывучае ўсё рабіць памяркоўна і па парадку. Вязанне прасцей: не атрымалася — распусціў і паўтарыў. А тут трэба не сем, а дваццаць сем разоў адмяраць! Я ж зусім не разбіралася ў шыцці, хіба што здагадвалася з якога боку нітку ў іголку ўстаўляць. А за два гады вучобы без асаблівых выдаткаў цалкам абнавіла свой гардэроб. Нават паліто пашыла! — як на подыуме, з задавальненнем круціцца перада мной швачка Ірына.

— У некаторых з нас ёсць нават спецыяльная адукацыя. Я вось вучылася ў Баранавічах. І што толку? У Мар’янаўны арыгінальней методыка навучання, цалкам іншы, сучасны, погляд на рэчы. Яна такія сакрэты нам раскрывае, пра якія вы не прачытаеце ні ў адным дапаможніку па шыцці, — кажа яшчэ адна мама Наталля Пятроўна Іванцова, дачка якой Валя шмат спявае і таксама шые сабе сцэнічныя касцюмы. Мама з дачкой тут жа дэманструюць мне свае цудоўныя сукенкі-блізняты складанага сіне-сталёвага колеру steelblue.
— Дзеці і дарослыя не любяць вырабляць узоры на ляльку, мы адразу шыем рэчы ў натуральную велічыню, — нарэшце знаходзіць вольную хвілінку і пачынае гаварыць кіраўнік гуртка Ларыса Мар’янаўна. — Кроіць я не вучу. Мы не трацім на гэта час. Цяпер шмат літаратуры і відэаўрокаў у інтэрнэце. Вучымся рабіць элементарныя швы, карэктуем пад тып фігуры базавую мадэль, запраўляем машынкі — і паехалі…
Ларыса Калмакова – тэхнолаг швейнай вытворчасці, шмат гадоў працавала на прыватнай швейнай фірме, якая ўкараняла новыя тэхналогіі вядучых еўрапейскіх вытворцаў.
— Я ведаю, як працаваць з сучаснымі матэрыяламі і вучу гэтаму сваіх швачак. Мы карыстаемся клеявымі матэрыяламі і разнастайнымі кромкамі, пра якія нашы мамы маглі толькі марыць. Правільна апрацоўваем вузлы. “Вывернуць навыварат і праверыць якасць швоў” — наш дэвіз і важны паказчык якаснага вырабу. А яшчэ вучымся правільна пароць. А як вы думалі? Будзеце выконваць усю тэхналогію — будзе і сукенка добра ляжаць на плячах, — запэўнівае майстрыха.
Дарэчы, адзначу, што свой чамаданчык з машынкай “Зінгер” сюды несці не трэба. Тэхнічная база гуртка ўкамплектавана цалкам: для пачаткоўцаў ёсць лёгкая ў выкарыстанні “Чайка”, для абмёткі швоў — авярлок. А ў авангардзе — пяць вытворчых машын з электрапрывадам, перададзеных у ЦТДМ пасля расфарміравання Шарашоўскага ВВК. А вось сыравінная база ствараецца цалкам за кошт швачак.
— Мы збіраем непрыдатныя, на першы погляд, кавалачкі тканіны, лішнія гузічкі, старыя рэчы. Перашываем. Нашы сукенкі, спаднічкі, блузкі зроблены з любоўю і выпраменьваюць цяпло. На іх кожны шывок вымучаны. Гэта вам не зробленая на фабрыцы і набытая ў магазіне безаблічная рэч, — гаварлівая швачка Ірына практычна пераконвае мяне запісацца ў гурток. А Ларыса Мар’янаўна хутка вяртае яе да працэсу:
— Даражэнькая, радок няроўны! Трэба пароць!

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Злучаючы палотны тканіны, стракочуць, як конікі, швейныя машынкі. Бясшумна кружацца на адной назе рознакаляровыя шпулькі-балярынкі, а белыя нітачкі ўслед за...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика