В Пружанах прошел митинг-реквием. 21.by

В Пружанах прошел митинг-реквием

26.06.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

22 чэрвеня… Колькі будзе існаваць беларуская нацыя, роўна столькі людская памяць будзе вяртаць нас у самую кароткую і самую страшную ноч 1941 года, калі войскі фашысцкай Германіі парушылі пакт аб ненападзенні і перайшлі мяжу Савецкага Саюза. І настаў час усенароднага смутку і шматмільённых крывавых ахвяраў…


У памяць аб жудаснай падзеі, якая назаўжды змяніла гісторыю чалавецтва, па ўсёй Беларусі прайшлі памятныя мерапрыемствы. Далучыліся да іх і Пружаны. Вось ужо чацвёрты год запар каля аднаго з журботных сімвалаў звярынай сутнасці фашызму – помніка “Спаленым вёскам” – адбыўся жалобны вечар-рэквіем. На алеі, якая вядзе да парку, сабралася каля сотні гараджан рознага ўзросту, каб аддаць даніну памяці ўсім, хто ў тыя суровыя дні паўстаў на абарону роднай зямлі.


Прадстаўнікі раённых уладаў і прадпрыемстваў раёна, члены грамадскіх арганізацый, навучэнцы каледжа, школьнікі, пажылыя людзі і нават маленькія дзеці прыйшлі сюды, каб запаліць сваю свечку памяці. На жаль, сёлета на мітынгу не было заўважана ветэранаў, моўчкі сядзела ў адзіноце Соф’я Сяргееўна Карпей, былы вязень канцлагера ў Азарычах…
Знаёмыя ваенныя кампазіцыі “перакінулі” прысутных у далёкія саракавыя, а пранізлівы “Рэквіем” Моцарта настроіў усіх на мінорны лад. Жалобная цырымонія пачалася ў 23.00 і працягвалася — што вельмі сімвалічна! — роўна 22 мінуты.


Знаёмы нават малодшаму пакаленню голас Юрыя Левітана парушыў цішыню: “Гаворыць Савецкае інфармбюро…” — сціхлі ўсе размовы, людзі запалілі свечкі і наблізіліся да ўмоўнай сцэны, каб уважліва слухаць вядучых, якія падрыхтавалі для ўдзельнікаў мітынгу гістарычна-паэтычны экскурс у гады вайны: нагадалі пра тую ноч сапраўды гарачага лета 1941 года, калі людзі не маглі нават уявіць, што для многіх з іх гэта ноч стане апошняй у жыцці…


Таксама вядучыя прывялі сумную статыстыку страт Беларусі. Краіна ператварылася ў велізарны лагер смерці, дзе з неверагоднай жорсткасцю знішчаліся і салдаты, і мірныя жыхары. Карнікі спалілі звыш 9200 вёсак, з іх больш за паўсотні — на тэрыторыі Пружанскага раёна, знішчылі 209 гарадоў, больш за 10 тыс. прамысловых прадпрыемстваў.


У гэты вечар паміналі не толькі беларусаў, але і ўсіх людзей на Зямлі, якія загінулі ў той бесчалавечнай вайне.


55 мільёнаў чалавечых жыццяў згубіла наша планета ў тым супрацьстаянні. У памяць аб іх малітоўнай хваляй пранесліся над мемарыялам песнапенні ў выкананні камернага хору Пружанскай ДШМ пад кіраўніцтвам Ірыны Буланьковай…


У канцы мерапрыемства прысутныя ўшанавалі мінутай маўчання памяць аб тых хто, заваяваў для будучых пакаленняў свабоду і шчасце. І моўчкі ля падножжа помніка паставілі свечкі за іх вечны спакой…


І раптам малая дзяўчынка нечаканай рэплікай зноў нагадала навакольным, што гэты мір, заваяваны такой вялікай цаной, насамрэч даволі крохкі:
— Мама, я паставіла свечку за ўсю нашу сям’ю, бо ніхто не ведае, што нас чакае раніцай…



Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
22 чэрвеня… Колькі будзе існаваць беларуская нацыя, роўна столькі людская памяць будзе вяртаць нас у самую кароткую і самую страшную ноч 1941 года, калі войскі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика