Духоўнасць – неад’емны складнік жыцця нашай краіны. Гэта мы бачым і на прыкладзе багатай гісторыі Беларусі, і ў сучасных рэаліях. Спрыяе такому станоўчаму стану спраў і той факт, што пытанні духоўна-маральнага выхавання і адраджэння краіны знаходзяцца ў цэнтры пільнай увагі Прэзідэнта і органаў дзяржаўнай улады.
Узаемаадносіны дзяржавы і царквы характарызуюцца эфектыўным дыялогам і плённым супрацоўніцтвам па шэрагу значных накірункаў у адукацыі і выхаванні падрастаючага пакалення, сацыяльнай сферы, ахове здароўя, турызме, захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Але найперш абодва бакі зацікаўлены ў забеспячэнні духоўнай бяспекі грамадства, у тым ліку ва ўдасканаленні культурнага патэнцыялу краіны, выхаванні патрыятызму і гуманізму, захаванні і ўмацаванні маральных каштоўнасцей. Гэта рэалізуецца ў шматлікіх сумесных мерапрыемствах і праектах, дзе разам з органамі ўлады, рознымі свецкімі ўстановамі і арганізацыямі актыўна задзейнічаны рэлігійныя супольнасці. Так адбываецца і на Карэліччыне.
З даўніх часоў наш край вызначаецца талерантнасцю, адкрытасцю і гасціннасцю ў адносінах да прадстаўнікоў розных канфесій. У раёне грамадскае і культурнае жыццё ідзе поруч з духоўным. Традыцыйна хрысціянскія супольнасці разам з духавенствам не абмінаюць увагай розныя падзеі раённага маштабу, хай гэта будзе свята невялікай вёскі, спартыўныя спаборніцтвы, міжнародны фестываль ці дзяржаўная ўрачыстасць. Настаяцелі цэркваў і касцёлаў – частыя і заўжды жаданыя госці на такіх мерапрыемствах, як пачатак і заканчэнне вучэбнага года, провады ў армію, Днях сям’і, маці, абароны дзяцей. Наведваюць святары і тыя катэгорыі грамадзян, якім патрэбна маральная падтрымка і духоўная апека, а таксама прыядноўваюцца да праектаў прафілактычнай накіраванасці.
Асаблівы агульны клопат мясцовых уладаў і рэлігійных супольнасцяў – падрастаючае пакаленне. Праваслаўныя, католікі і пратэстанты Карэліччыны надаюць вялікае значэнне працы з дзецьмі і моладдзю. Гаворка ідзе пра класныя гадзіны і духоўныя сустрэчы, рэлігійныя заняткі і аб’яднанні па інтарэсах, конкурсы і алімпіяды, валанцёрскія і дабрачынныя ініцыятывы, пілігрымкі і паломніцтвы, арганізацыю вольнага часу і канікул ды шмат іншых цікавых пачынанняў. У якасці прыклада звернемся да паспяховага вопыту прадстаўнікоў праваслаўнай канфесіі. Так, у сценах Карэліцкай раённай бібліятэкі праходзяць заняткі нядзельнай школы. А Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі запрашае пазнаёміцца з асновамі праваслаўнай культуры хлопчыкаў і дзяўчынак з Цырына, Палужжа, Краснага і Ярэміч, да таго ж наведаць у райцэнтры аб’яднанні па інтарэсах “Духоўнасць” як дашкалят, так і школьнікаў.
Дзяржава, у сваю чаргу, ідзе насустрач рэлігійным арганізацыям, дапамагае ім з надзённымі пытаннямі. Для іх рашэннем Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта тарыфы на паслугі па цеплазабеспячэнні, водазабеспячэнні і водаадвядзенні ўстаноўлены на ўзроўні тарыфаў для насельніцтва, а Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яны вызвалены ад абкладання зямельным падаткам і падаткам на маёмасць. Да таго ж, прадпрыемствы і арганізацыі па магчымасці заўжды гатовыя падтрымаць духоўныя структуры фінансава. Адметна, што органы ўлады займаюць пазіцыю не ўмешвацца ў сферу выключнай дзейнасці рэлігійных арганізацый і спрыяюць ажыццяўленню права кожнага грамадзяніна на свабоду веравызнання.
Сёння і царква, і дзяржава ўсведамляюць, што прадметам іх клопату з’яўляецца чалавек, асоба. Абодва бакі адчуваюць адказнасць за духоўна-маральны стан кожнага грамадзяніна і нацыі ў цэлым, паляпшэнне якога – вялікая мэта, дзеля якой і вядзецца пасільная сумесная праца.
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара