Анастасія НОВІКАВА: “У Егіпце арабы за мяне давалі 200 вярблюдаў плюс сувеніры”. 21.by

Анастасія НОВІКАВА: “У Егіпце арабы за мяне давалі 200 вярблюдаў плюс сувеніры”

07.05.2010 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Бронзавая прызёрка пекінскай Алімпіяды, сярэбраная -- чэмпіянату свету, пераможца чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы Анастасія НОВІКАВА распавяла “Народнай Волі”, як яе хацелі купіць у Егіпце арабы, які рамонт будзе рабіць у сваёй новай кватэры і чаму ЯНА не кідае такі “нежаночы” від спорту.-- Пасля чэмпіянату Еўропы, які нядаўна праходзіў у Мінску, з’ездзіла на два тыдні ў Адэсу, адпачыла каля мора. У мінулую суботу ўжо пачаліся зборы…

-- Не халаднавата для мора?

-- Дык цяплей жа, чым у нас. Ды і паветра там іншае, для здароўя больш карыснае. Тым больш знаёмыя даўно ўжо туды запрашалі. А хто ж ад запрашэння адмаўляецца? Вось і рушылі невялічкай кампаніяй -- камандай Мінскай вобласці. А ўжо больш грунтоўны адпачынак на моры прыбераглі на іншы час. Пасля таго, як у верасні пройдзе чэмпіянат свету.

-- Пасля мінулага чэмпіянату свету, наколькі я ведаю, вы ездзілі на адпачынак у Егіпет…

-- Так, усё было няблага. З’ездзіла ў Каір на піраміды, па поўнай праграме экскурсія. Піраміды, натуральна, уразілі, а вось тое, што вакол іх, -- гэта проста шакіравала. Кучы смецця, горад брудны…

-- Арабы любяць чапляцца да славянскіх дзяўчат. Вам шлюб не прапаноўвалі?

-- Была справа. Пры гэтым перамовы вялі з маёй мамай; ведаю, што ёй за мяне давалі 200 вярблюдаў і плюс сувеніры. Карацей, у сваім стылі. Вясёлы народ.

-- А вам якія хлопцы больш падабаюцца -- паўднёвыя ці айчынныя?

-- На Поўдні таксама ёсць прыгожыя мужчыны, і яны нават, можа, больш прывабныя за нашых. Але надта ўжо тэмперамент у іх б’е праз край -- славяне больш спакойныя ў гэтым плане.

-- А ваш ідэал мужчыны?

-- Як такога няма, бо, на мой погляд, усё залежыць ад лёсу. Як павернецца -- так павернецца.

-- Замуж пакуль не збіраецеся?

-- На першым плане ў мяне пакуль трэніроўкі і спаборніцтвы. Усё астатняе -- на другім.

-- А як жа кватэрнае пытанне?

-- Кватэрнае пытанне вырашана напалову. У тым плане, што пасля Алімпіяды ў Пекіне аднапакаёўку я ўжо атрымала, а вось давесці яе да розуму пакуль няма часу.

-- Дызайнера будзеце запрашаць ці самі складзеце дызайн-праект?

-- Толькі сама. Я і ў сваёй кватэры ў Жодзіна ўвесь дызайн сама прыдумала. Люблю прастор. Дарэчы, я закончыла не толькі універсітэт фізкультуры, але і курсы дызайна. Але ж глабальна займацца гэтым проста не хапае часу. Трэніроўкі, спаборніцтвы, трэніроўкі…

-- Легендарны балгарскі трэнер Іван Абаджыеў выказаўся не так даўно ў тым плане, што жаночую цяжкую атлетыку трэба не толькі выключыць з алімпійскай праграмы, але і ўвогуле знішчыць як з’яву. Маўляў, жанчыны створаны для кахання, а не для таго, каб падымаць “жалязякі”…

-- Кожны мае права выказвацца так, як яму хочацца. Але я заўважаю, што з кожнымі спаборніцтвамі колькасць прадстаўніц у цяжкай атлетыцы становіцца ўсё больш. Мой першы трэнер расказваў, што пасля прайшоўшага чэмпіянату Еўропы ў Мінску дзяўчаты сталі самі прыходзіць трэніравацца. І ніхто ж іх не прымушае гэта рабіць. Кожнаму сваё, разумееце. Тым больш што жанчыны асвоілі ўжо практычна ўсё. Чаму ганебна, што я на спаборніцтвах падымаю штангу, але ніхто не кажа, чаму нашы жанчыны працуюць у “ліцейках”? Там што -- больш лёгка?

-- Затое кажуць, што для дзяўчыны цяжкая атлетыка -- не самы эстэтычны від спорту…

-- Не ведаю… У любым відзе спорту фотакарэспандэнт можа падлавіць момант, калі ў спартсменкі перакошаны ад напружання твар. Калі гімнасткі пырхаюць па дыване і ўвесь час усміхаюцца, то гэта не азначае, што ў іх няма катаржнай працы. Адным словам, я лічу так -- калі чалавеку дадзены талент праявіць сябе ў нечым, то ён павінен выкарыстаць гэты шанц.

-- У 2008 годзе ваша мама расказвала мне, як яна адгаворвала вас ад цяжкай атлетыкі, як прасіла кінуць гэты від спорту… Змірылася ўжо?

-- Дык калі яна прасіла? Калі я платна вучылася ў тэхнікуме, а трэнер запрасіў мяне трэніравацца. Натуральна, маме было крыўдна, што грошы заплацілі, а працаваць я не пайшла. Тады з ёй і я размаўляла, і трэнер тлумачыў, што ўсё з часам, як кажуць, акупіцца. Зараз у гэтым плане аніякіх праблем і забаронаў няма.

-- Анастасія, а як вам выпадак, калі ў мінулым годзе 22-гадовая чылійская цяжкаатлетка нарадзіла дзіця падчас трэніроўкі, а да гэтага нават не здагадвалася, што цяжарная?

-- Можа, яна вагу вялікую мела. Ведаю, што ў такіх людзей расце жывот, і яны нават не заўважаюць, што цяжарныя.

-- Але ж ёсць яшчэ жаночая фізіялогія…

-- Відаць, так тая спартсменка ў свае 22 гады і разбіраецца ў той фізіялогіі. Галаву трэба мець на плячах -- тады ўсё будзе атрымлівацца. І ў асабістым жыцці, і ў спорце.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бронзавая прызёрка пекінскай Алімпіяды, сярэбраная -- чэмпіянату свету, пераможца чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы Анастасія НОВІКАВА распавяла “Народнай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика