Буяльскі: Без зборнай будзе прасцей з’ехаць і думаць пра кар’еру. 21.by

Буяльскі: Без зборнай будзе прасцей з’ехаць і думаць пра кар’еру

09.11.2011 12:20 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Буяльскі: Без зборнай будзе прасцей з’ехаць і думаць пра кар’еру


Жаночая зборная Беларусі па баскетболе застаецца без галоўнага трэнера. Гульцы - у разгубленасці, а Федэрацыя баскетбола пра новыя кандыдатуры пакуль не думала

Анатоль Буяльскі, пакуль яшчэ галоўны трэнер зборнай, кажа, што рашэнне пра сыход было “выпакутаваным” і ўжо не зменіцца.

Анатоль Буяльскі: “Гэта не спантаннае рашэнне. Я думаю, што я ўжо вельмі доўга на гэтай пасадзе. Самая галоўная прычына - апошнія гады я не магу знайсці кантакт з федэрацыяй, у мяне яго проста няма”.

Гэта цягнецца ўжо даўно, - так каментуе рашэнне галоўнага трэнера спартыўны журналіст Міхаіл Мазакоў. - У суме зборнай ён кіруе ўжо прыкладна гадоў 15. Натуральна, што ён напэўна стаміўся псіхалагічна. І натуральна, што цяпер мала хто ўвогуле задаволены федэрацыяй. Усе лічаць, што баскетбол развальваецца”.

Паводле словаў эксперта, галоўнага трэнера спрабавалі “ўламаць” застацца і замену яму не шукалі.

Міхаіл Мазакоў: “…нібыта давалі тыдзень на роздум, маўляў, вы, калі ласка, яшчэ раз падумайце… Наколькі я ведаю, замену яму не шукалі. Наўрад ці ў іх ёсць якія кандыдатуры. Чамусьці думалі, што ён у любым выпадку застанецца”.

Пра тое, што замену Буяльскаму не шукалі, прызнаюцца і ў самой федэрацыі.

Мне падаецца, што канчаткова развітвацца з Анатолем Сяргеевічам пакуль рана. Трэба будзе яшчэ размаўляць. А пра новых кандыдатаў можна будзе размаўляць толькі пасля таго, як сітуацыя з цяперашнім галоўным трэнерам каманды вырашыцца на 100%”, - кажа генеральны сакратар Федэрацыі баскетбола Беларусі Ігар Сялюн.

Капітан жаночай зборнай Наталля Трафімава прызналася, што да канца не верыла, што Анатоль Буяльскі ўсё ж такі сыдзе з пасады галоўнага трэнера.

Я прачытала ўчора пра гэта ў інтэрнэце, і з Анатолем Сяргеевічам пакуль не размаўлялі. Нават не магу сказаць, якія будуць у гэтага наступствы... Хоць з аднаго боку і можна было такога чакаць, але ў той жа час, напэўна, ніхто да канца не верыў, што гэта ўсё ж такі адбудзецца. Усе, напэўна, трошку ў ступары”.

Капітан жаночай зборнай у размове з Еўрарадыё па-філасофску разважае, што ўсё калісьці заканчваецца. І трэба пачынаць новы этап, але якім ён будзе - сказаць цяжка. Магчыма, за Буяльскім сыдуць і некаторыя гульцы…

Наталля Трафімава: “Я цалкам прымаю такі варыянт, што, магчыма, пару чалавек і закончыць са зборнай. Гэта цалкам рэальна. Мы таксама ўжо не маладыя. Але ў нас такая склалася сітуацыя, што сыход старэйшых гульцоў са зборнай будзе прымацца як катастрофа, бо рэальнага дублюючага складу ў нас няма…

Анатоль Буяльскі пакуль застанецца ў Беларусі і будзе трэніраваць моладзь, хаця запрашэнні з замежных клубаў прыходзяць увесь час.

Анатоль Буяльскі: “Пакуль я застаюся трэнерам каманды "Гарызонт". А пасля - паглядзім. Запрашэнні прыходзяць пастаянна, і я думаю, што калі буду па-за зборнай, мне будзе прасцей думаць пра кар’еру… і з’ехаць будзе прасцей, калі ўзнікне такое пытанне. Але хацелася б папрацаваць яшчэ тут. З моладдзю. Таму што я сам сутыкнуўся з гэтым пытаннем, калі ў каманду прыходзяць людзі, якія зусім не падрыхтаваныя да гульні на высокім узроўні… І, натуральна, гэта вялікая праблема”.

Пра свой заробак у зборнай Анатоль Буяльскі казаць не стаў, але прызнаўся, што ён не вельмі высокі.

Я мог бы атрымліваць нашмат больш, працуючы за мяжой. Гэта 100%”.

Нагадаем, што кантракт галоўнага трэнера жаночай зборнай Беларусі па баскетболе заканчваецца ў снежні. У чацвер 10 лістапада адбудзецца выканкам, дзе будзе прынята канчатковае рашэнне.

Пад кіраўніцтвам Буяльскага жаночая зборная Беларусі стала бронзавым прызёрам чэмпіяната Еўропы 2007 года, заняла 6-е месца на Алімпіядзе ў Пекіне, а ў 2010 годзе ўвайшла ў чацвёрку найлепшых камандаў свету.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жаночая зборная Беларусі па баскетболе застаецца без галоўнага трэнера. Гульцы — у разгубленасці, а Федэрацыя баскетбола пра новыя кандыдатуры пакуль не думала...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика