Чым парадаваў 2015-ы?. 21.by

Чым парадаваў 2015-ы?

31.12.2015 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адыходзіць у мінулае чарговы каляндарны год. А разам з ім нейкія радасці, поспехі, дасягненні. Цікава, а якім усё ж такі быў 2015 год? Чым запомніўся? Якія мары, спадзяванні ўскладваюць мядзяльчане на год надыходзячы?
Яніна БЯРНЯК, вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:
—  2015 год прайшоў для маёй сям’і адносна роўна і спакойна. Я вярнулася  ў сакавіку пасля адпачынку па доглядзе дзіцяці на сваё ранейшае месца працы, а дачушка Ксюша пайшла ў дзіцячы сад. Парадавалі нас з мужам сыны. Мікіта, тады яшчэ другакласнік, стаў пераможцам заключнага этапа раённага конкурсу сярод малодшых школьнікаў “Па дарозе ведаў”. Старэйшы сын Павел заняў першае месца на раённай алімпіядзе па матэматыцы сярод малодшых школьнікаў, а ў пачатку новага навучальнага года перайшоў вучыцца ў гімназію. Вельмі хачу, каб надыходзячы 2016 год быў не горшым за папярэдні. Каб усе былі здаровыя і шчаслівыя. Каб захаваліся ў нашай краіне мір, спакой і стабільнасць!
Марыя КОНАНАВА, інжынер па ахове працы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
— Адыходзячы год стаў адметным для мяне як у працоўным, так і ў асабістым жыцці. У маі памяняла работу. Калектыў, дзе працую зараз, сустрэў мяне надзвычай цёпла і прыязна. Таму з радасцю штодзень спяшаюся на працу і выконваю свае службовыя абавязкі з задавальненнем. Важнай пераменай лічу замужжа. Мне пашанцавала знайсці сваю другую палавінку — кахаючую, надзейную. Спадзяюся, што разам у павазе і любові пакрочым па жыцці, дзелячы папалам і радасці, і цяжкасці. Ад 2016 года чакаю толькі добрага. Хачу паспяхова закончыць Мінскі інстытут правазнаўства, дзе вучуся завочна. Хачу, каб і ў маёй сям’і, і ў сем’ях родных і блізкіх мне людзей усё ладзілася. Каб квітнела мая любая Айчына, быў шчаслівым яе шчыры і працавіты народ!

Людміла МАЛІНОЎСКАЯ, старшыня спажывецкага кааператыва па газіфікацыі “Малая Сырмеж”:
— Як жыхару вёскі Малая Сырмеж, мне 2015 год запомніцца тым, што ў дамы маіх аднавяскоўцаў і ў мой таксама прыйшоў газ. У чэрвені былі закончаны будаўнічыя работы, і вось у кастрычніку, якраз на пачатку ацяпляльнага сезона, людзі ўжо змаглі ім карыстацца. Усе вельмі задаволены: камфортна, цёпла, утульна, пажылым вельмі зручна. Нас у кааператыве 75 чалавек, але не думаю, што гэта лічба будзе пастаяннай. Вёска перспектыўная, ёсць новабудоўлі. Нехта яшчэ разважае над перавагамі газазабеспячэння, нехта пакуль назірае ці збірае грошы. Нам вельмі пашанцавала з падрадчыкамі (Маладзечнаміжрайгаз), будавалі хутка, далікатна абыходзіліся з людзьмі, не было невырашальных пытанняў. У асноўным у гэтых клопатах і прайшоў год. Але адбылася важная падзея і ў асабістым жыцці: упершыню стала бабуляй, а мая дачка Вераніка — мамай.

 

 

Ларыса АТРОШКА, гаспадыня цырульні “У Ларысы”:
— Гэты год склаўся, напэўна, не самым лепшым чынам у фінансавым плане, аднак падстаў для радасці таксама хапала. Тым больш, што і жанчыны, і мужчыны хочуць быць прыгожымі незалежна ад абставін. Таму стараюся, каб кожны кліент пайшоў ад мяне задаволеным. Імкнуся падтрымліваць сваё майстэрства, удасканальвацца, езджу на семінары, асвойваю новыя тэхналогіі. У гэтым годзе, напрыклад, атрымала пасведчанне аб праходжанні майстар-класа па выкарыстанні касметыкі аднаго з сусветна вядомых брэндаў. Галоўнае — не спыняцца на дасягнутым. З часам хачу пашырыцца і арганізаваць яшчэ адно месца ў зале. Словам, задум хапае.
Але галоўнае для мяне — сям’я: здароўе і настрой мужа, дзяцей. Радуюся поспехам старэйшага сына, які вучыцца на трэцім курсе Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А. Сахарава. А малодшы сёлета пайшоў у першы клас, што таксама стала значнай падзеяй для нашай сям’і. Будуць яны здаровыя і шчаслівыя — буду шчаслівай і я.

 

Андрэй МАЛЬКО, дырэктар ДУ “Спецыялізаваная дзіцячая юнацкая школа алімпійскага рэзерву Мядзельскага раёна”:
— 2015 год для нашай установы стаў вельмі знамянальным, бо ўпершыню аддзяленне грэблі на байдарках і каноэ запісала на свой рахунак дзве перамогі міжнароднага ўзроўню. Гэта дае магчымасць у наступным годзе атрымаць названаму аддзяленню статус спецыялізаванага. Перамогі здабылі нашы выхаванцы Андрэй Васілевіч на ІХ Балтыйскіх юнацкіх гульнях у Брандэнбурзе на дыстанцыі 200 метраў (залаты медаль) і Алёна Лапцік на Чэмпіянаце свету сярод юніёраў у складзе экіпажа-двойкі на дыстанцыі 500 метраў (бронзавы медаль). Калі казаць пра новы статус аддзялення, то гэта, безумоўна, прэстыж, а яшчэ — магчымасць трэнерам на пэўны перыяд мець грашовую даплату, што таксама не малаважна. Акрамя гэтага, дзякуючы высокім дасягненням выхаванцаў, установа захоўвае і надалей свой статус школы алімпійскага рэзерву, што вельмі радуе як нас, трэнерска-выкладчыцкі калектыў, так і нашых юных спартсменаў.

 

 

Ірына ЛУБНЕЎСКАЯ, жыхарка г. Мядзел, маладая мама:
— Увогуле 2015 год быў для мяне і маёй сям’і нядрэнным. Пераехалі ў сваю кватэру, што не можа не радаваць. Але бадай што самая важная падзея ў нашым жыцці — нараджэнне сыночка Мікіты, якому нядаўна споўнілася паўгода. Штодзень ён нас чымсьці здзіўляе. З мужам адзначылі першую гадавіну сумеснага жыцця. Адносіны між сабой будуем на каханні і ўзаемаразуменні, стараемся ўсе ўзнікаючыя пытанні вырашаць разам. Спадзяюся, што і наступаючы 2016 год будзе таксама добрым. Што і ён парадуе нас адметнымі і незабыўнымі падзеямі, прынясе ўсім шчасце, каханне і згоду.

 

 

 

 

 

Людміла ЦЯЛЯК, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Гімназія-інтэрнат г. Мядзела”:
— Год запомніўся стабільным, дастойным, насычаным і цікавым жыццём і прайшоў для нашай гімназіі як адзін дзень. Парадавалі дасягненні гімназістаў у розных накірунках: перамогі на 3-ім этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і фізіцы, дыпломы Дзяніса Марача на рэспубліканскім і міжнародным конкурсах біёлага-экалагічных работ, удзел Таццяны Кавалёнак у Дзіцячым водным форуме ў Душанбэ, творчыя поспехі Юліі Пацяюн і Кацярыны Кавальскай.
А як настаўніка, мяне парадавалі добрымі вынікамі на ЦТ па рускай мове дзве вучаніцы — Дзіяна Атарава і Лізавета Сяклюцкая сталі ўдзельніцамі абласнога этапа алімпіяды па рускай мове.
Запомнілася цікавая паездка з калегамі і вучнямі ў Чэхію, якая пакінула найлепшыя ўражанні і дазволіла ўпэўніцца, што беларускія пейзажы, беларуская гасціннасць, беларуская кухня нічым не горшыя за еўрапейскія. Год парадаваў тым, што ў асабістым жыцці не адбылося сумных падзей, што блізкія людзі былі побач і мы разам радаваліся, перажывалі, спадзяваліся…

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адыходзіць у мінулае чарговы каляндарны год. А разам з ім нейкія радасці, поспехі, дасягненні. Цікава, а якім усё ж такі быў 2015 год? Чым запомніўся? Якія мары,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика