З ганцавіцкага песеннага краю. 21.by

З ганцавіцкага песеннага краю

29.11.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Літаральна за тры дні да таго, як прыйшла сумная навіна, у берасцейскім выдавецтве “Альтэрнатыва” пабачыла свет кніга “Лірычны поўдзень”, прысвечаная літаб’яднанню “Плынь”, што вось ужо паўстагоддзя дзейнічае пры газеце “Сельская праўда”. Надзвычай актыўным яе сябрам да апошніх сваіх дзён заставаўся Алесь Каско. У памяць пра творцу публікуем урывак з кнігі.

Гэтая палеская зямля аказалася багатай на таленты. Нараджаліся і падрасталі празаікі і паэты. На Ганцаўшчыне спаўна раскрыўся талент журналіста і пісьменніка Васіля Праскурава – рэдактара раённай газеты “Савецкае Палессе”. Пад крылом Васіля Фёдаравіча “апёрыліся”, вылецелі ў вялікую літаратуру Міхась Рудкоўскі, Віктар Гардзей, Алесь Кажадуб, Уладзімір Марук, Алесь Каско… Апошні апублікаваў свой першы верш “Пралескі” ў “Савецкім Палессі”, яшчэ будучы дзесяцікласнікам.
Алесь Канстанцінавіч Каско нарадзіўся 10 снежня 1951 года ў вёсцы Чудзін. Ганцавіцкая зямля не толькі песенная, але й казачная. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ад жыхароў Чудзіна запісваў народныя казкі беларускі этнограф і фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі. Адразу скажам, што праз многа гадоў Алесь Каско прадоўжыць гэтую справу і ў 2001 годзе выдасць кнігу казак “Чыстага ўсё нячыстае баіцца”, запісаных ад сваіх землякоў.
Паступаючы ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна, хлопец шчыра верыў, што там вучаць на паэтаў. Хаця там вучылі ў першую чаргу быць настаўнікамі, але дзякуючы знаёмству з Уладзімірам Калеснікам, Алесем Разанавым ды Міколам Пракаповічам ён узяў шмат для сябе і сфарміраваўся як паэт.
Закончыўшы інстытут, Алесь Каско стала пасяліўся ў Жабінцы. Пэўны час працаваў у рэдакцыі газеты “Сельская праўда”, стаяў на чале літаб’яднання “Плынь”, выдаў звыш дзясятка кніг паэзіі: “Вестка” (у калектыўным зборніку “Нашчадкі”), “Скразная лінія”, “Набліжэнне”, “Час прысутнасці” (за гэтую кнігу ўганараваны літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова), “45”, “Трохкроп’е”, “Трохперсце” (абласная літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка), “Нічога больш”, “Межавыя знакі” і інш.
Каско пісаў і для дзяцей. Мы ўжо сказалі пра сабраную ім кнігу народных казак, меў і асабісты зборнік вершаў і казак “Два сонцы”. Паэт ахвотна перакладаў рускіх і ўкраінскіх, нямецкіх, македонскіх і польскіх аўтараў. Ягоныя вершы гучалі па-руску, па-ўкраінску ды па-балгарску. Добры стыліст, Алесь дапамагаў у выданні кніг таварышам па пісьменніцкай сябрыне.

 

Алесь КАСКО

МУЖНАЯ МОВА

Асцярожны
да кожнага слова,
як мой дзед – да зярнят на сяўбе.
Мая родная мужная мова,
ты ўвесь час бараніла сябе.
Шмат разоў спрабавалі чужынцы
тваю музыку-спеў паланіць,
ды звінела ты ветрам у жыце,
рэхам пушчаў і срэбрам крыніц.
Ты ўвабрала ў пялёсткавы гоман,
у вясельны і жніўны напеў
подых буры, і грукаты грому,
і маланак распалены гнеў.
І які б час не выпаў суровы,
веру – зноў абароніш сябе…
Асцярожны
да кожнага слова,
як мой дзед – да зярнят на сяўбе.

P.S. Да спачувальных слоў у адрас родных беларускага паэта Алеся Каско далучаюцца сябры Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Няхай у цяжкія хвіліны расстання падтрымкай застаюцца для вас таленавітая творчая спадчына, пакінутая спадаром Алесем, ягоныя кнігі, што працягваюць жывы шлях да розуму і сэрцаў чытачоў і пасля сыходу Аўтара за небакрай.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.

Калектыў газеты “Сельская праўда” глыбока смуткуе з прычыны смерці былога супрацоўніка, загадчыка аддзела радыёінфармацыі КАСКО АЛЕСЯ КАНСТАНЦІНАВІЧА і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім нябожчыка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Літаральна за тры дні да таго, як прыйшла сумная навіна, у берасцейскім выдавецтве “Альтэрнатыва” пабачыла свет кніга “Лірычны поўдзень”, прысвечаная...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика