…Каб такое не паўтарылася ніколі. 21.by

…Каб такое не паўтарылася ніколі

28.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Святлана БЯЛЯК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
У межах патрыятычнага праекта “Марафон мужнасці” ў мінулую пятніцу адбыўся жалобны мітынг у мемарыяльным комплексе “Драмлёва”, прысвечаны 75-годдзю хатынскай трагедыі.

…22 сакавіка – дзень смутку, дзень жалобы для ўсёй беларускай зямлі. У гэты дзень тры чвэрці веку назад фашысты спалілі разам з яе жыхарамі вёску Хатынь. Для нашай краіны яна стала сімвалам трагедыі беларускага народа, жалобнай старонкай гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Нажаль, гаротны лёс Хатыні падзялілі звыш 600 беларускіх вёсак, амаль 200 з іх так і не аднавіліся.
Бяда не абышла і жабінкаўскую зямлю. 11 верасня 1942 года карнікі спалілі вёску Драмлёва. Ра-зам з жыхарамі яна ператварылася ў попел падчас фашысцкай карнай аперацыі “Трохкутнік”. Таму, каб ушанаваць памяць загінулых драмлёўцаў, удзельнікі аўтапрабегу патрыятычнага праекта “Марафон мужнасці”: прадстаўнікі працоўных калектываў, школьнікі – сабраліся 23 сакавіка ля помніка-кургана ў Драмлёве на жалобны мітынг.
Адкрыла яго дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея Жанна Падрубная.
– Жыццё драмлёўцаў абарвалася на досвітку 11 верасня 1942 года, – вярнула ўдзельнікаў марафону ў гісторыю Жанна Мікалаеўна. – Іх, сонных, акружылі фашысты, усіх сагналі ў свіран і падпалілі. Ім бы жыць, радавацца сонцу, нараджаць дзяцей… Многім з іх не было і 30 гадоў. У агні загінулі амаль усе, выратавацца ўдалося нямногім. Толькі чатыры раненыя падлеткі пазбеглі жудаснай смерці ў агні: Міша Данілюк, Міця Юрасік, Коля Ярмашук і Віця Чахлоў. Праз два дні абвугленыя целы драмлёўцаў былі перанесены на могілкі ў вёску Сцяпанкі. Пасля гэтай трагедыі вёска так і не адрадзілася…
Жанна Мікалаеўна з болем у голасе расказвала, як на месцы свірана, у якім жывымі гарэлі драмлёўцы, людзі рукамі насыпалі невялікі курган і ўстанавілі камень-валун з надпісам. У 1982-м, акурат на 40-годдзе з дня трагедыі, з ініцыятывы кіраўніка колішняга калгаса “Усход” Аляксея Дошчыка тут быў пабудаваны мемарыяльны комплекс. Сюды не зарасце травой сцяжына, пакуль у сэрцах людзей будзе жыць памяць…
– Гэтыя факты не могуць згубіцца ў гісторыі, яны павінны жыць у памяці народа, каб не паўтарыцца. 186 вёсак у шматпакутнай Беларусі так і не аднавіліся. Аб гэтым неабходна памятаць нам, нашым дзецям, унукам і іх унукам, – гаварыў начальнік аддзела спраў моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Сегянюк. Заклікаў моладзь памятаць гісторыю яшчэ адзін удзельнік абласнога патрыятычнага праекта “Марафон мужнасці” – першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Віктар Іваноў:
– Мне асабіста вельмі горка і шчымліва знаходзіцца сёння тут у Драмлёве, якое падзяліла лёс Хатыні. У Вялікую Айчынную вайну загінулі мільёны людзей. Мы, моладзь, не павінны гэтага забываць, бо ўжо сёння ўзнікаюць спробы перапісаць нашу гісторыю. А перамога заваявана вялікай крывёю.
Вельмі пранікнёна, ажно да мурашак па скуры, да слёз на твары слухачоў гаварыла прадстаўніца моладзі Жабінкаўшчыны, навучэнка жабінкаўскага ліцэя Вольга Цупа:
– Драмлёўцы загінулі толькі таму, што захопнікам хацелася быць гаспадарамі на нашай зямлі. 196 чалавек з гэтай вогненнай вёскі хацелі жыць, а вайна адняла ў іх усё… Знікла Драмлёва з твару зямлі. Перасталі бачыць неба, радавацца сонцу яе жыхары, назаўсёды перасталі біцца іх сэрцы… Засталіся толькі абгарэлыя дрэвы ды пячныя трубы… Не, дараваць гэта немагчыма, забыць такое нельга. Мы, дзеці ХХІ стагоддзя, захаваем у памяці, у сваіх сэрцах свяшчэнную памяць аб вогненных старонках мінулага стагоддзя!
…Аб’яўляецца хвіліна маўчання ў памяць аб тых, хто так і застаўся навекі ахвярай вайны. Постаці трох жанчын на валунах маўчаць. Яны, як нямы дакор нам, нашчадкам: памятайце, каб такое не паўтарылася ніколі! Удзельнікі патрыятычнага праекта ўскладаюць вянкі да помніка, а таксама запальваюць лампадкі – у знак жалобы і вечнай памяці.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Святлана БЯЛЯК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК. У межах патрыятычнага праекта “Марафон мужнасці” ў мінулую пятніцу адбыўся жалобны мітынг у мемарыяльным комплексе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика