Нарач: сітуацыя з цэркарыёзам – так званым “свербам купальшчыка”. 21.by

Нарач: сітуацыя з цэркарыёзам – так званым “свербам купальшчыка”

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Рэгіянальная газета (Молодечно)


Пра пляжы на возеры Нарач, пра сітуацыю з цэркарыёзам расказвае намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку “Нарачанскі” па навуковай рабоце Валерыем Люштыкам.

Колькі ўсяго пляжаў абсталявана на тэрыторыі курортнага пасёлка Нарач?

– Усяго шэсць пляжаў: санаторыяў “Белая Русь”, “Нарачанскі бераг”, “Нарач”, туркомплексу “Нарач”, “Спадарожнік” і самы вялікі – “Урлікі”.
Далей, за тэрыторыяй курортнага пасёлка, размешчаныя пляжы базы адпачынку “Чайка”\санаторыя “Жураўка”, НДЦ “Зубраня”, аўтакемпінгу “Нарач”, санаторыя “Сосны”.

Перад летнім сезонам было выдадзенае рашэнне райвыканкама, згодна з якім усе здраўніцы павінны так абсталяваць пляжы, каб там выконваліся як санітарна-гігіенічныя, так і прыродаахоўныя патрабаванні, рэкамендацыі навукоўцаў. Гэта як папярэджанні пра межы пляжа і забарону карміць птушак, так і касьба трыснягу, прыбіранне малюскаў, устаноўка душавых кабінак, пантонаў...

– Большасць з гэтых захадаў накіраваныя на прафілактыку цэркарыёзу. Патлумачце, што ж гэта такое?

– Цэркарыёз – з’ява, якую ў асобных людзей пасля купання выклікаюць лічынкі птушыных гельмінтаў – цэркарыяў. У месцах іх пранікнення скура становіцца чырвонай, з’яўляецца пачуццё смылення і свербу, неўзабаве з’яўляецца высыпка і пухіры. Праз некалькі дзён усе гэтыя сімптомы праходзяць без следу.

– Звернемся да недалёкай гісторыі. Калі на Нарачы пачалі змагацца з цэркарыёзам?

–  Трэба ведаць, што па дадзеных Нацыянальнай акадэміі навук каля 500 вадаёмаў у Беларусі маюць такую праблему. Але найчасцей пра яе чутна ў адносінах Нарачы. Чаму? Бо тут і адпачывальнікаў больш, і асаблівасць возера адбіваецца: каб паплаваць на глыбіні, трэба прайсці ў сярэднім каля 100 метраў.

Супрацьстаяць гэтай праблеме ў пачатку 90-х год мінулага стагоддзя пачалі гігіеністы. Больш грунтоўныя рэкамендацыі навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук выдалі ў 2006 годзе. З таго часу Нацыянальны парк разам са здраўніцамі мусяць шчыльна працаваць па прафілактыцы цэркарыёзу пачынаючы з мая і да канца лета. Адпачывальнікі сталі больш ведаць пра гэту праблему: штогод выдаецца шмат памятак, якія распаўсюджваюцца па здраўніцах і ў эколага-асветніцкім цэнтры Нацыяльнага парку.

– Як у апошнія гады змяняецца сітуацыя з цэркарыёзам?

– Калі пачалі мэтанакіравана выконваць рэкамендацыі навукоўцаў, то сітуацыя ў курортнай зоне аказалася пад кантролем, нягледзячы на тое, што радыкальна вырашыць гэту праблему немагчыма. Да пачатку выканання рэкамендацый фіксавалі больш за 600 выпадкаў, калі адпачывальнікі звярталіся да медыкаў са скаргамі на цэркарыёз. А ў апошнія гады рэгіструецца каля 100 выпадкаў.

– І якія мерапрыемствы ў барацьбе з цэркарыёзам, лічыце, самыя эфектыўныя?

– Толькі ўсе ў комплексе даюць эфект. А самае эфектыўнае, на мой погляд, гэта ўстаноўка пантонаў. Яны рэзка змяншаюць магчымасць заражэння: адпачывальнікі не плёскаюцца на мелкаводдзі, адразу трапляюць у глыбакаводную зону. Гэта важна: бо найбольшая колькасць лічынак-цэркарыяў назіраецца на глыбіні да 60 сантыметраў.

– Ці шмат пляжаў у курортным пасёлку абсталяваныя пантонамі?

– Амаль усе: няма пантона толькі на пляжы туркомплексу “Нарач”.

– Як выконваюцца рэкамендацыі па прафілактыцы распаўсюджвання цэркарыёзу?

– Сур’ёзны досвед маюць супрацоўнікі Мядзельскай ЖКГ па выдаленні расліннасці над вадой: зімой у рэкамендаваных месцах косяць трыснёг па лёдзе, летам – спецыяльнай касілкай. Гэта для таго, каб выключыць магчымасць гнездавання птушак. На мелкаводдзі кожны суб’ект гаспадарання павінен арганізаваць уборку малюскаў. Пры тэмпературы вады больш за 18 градусаў, іх павінны збіраць двойчы на тыдзень, калі вада праграваецца да 22 градусаў, то малюскаў павінны збіраць праз дзень. Супрацоўнікі Нацыянальнага парку адпуджваюць вадаплаўных птушак ад пляжаў, па спецыяльным дазволе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзіцца іх адстрэл у навуковых мэтах.

– Што ж параіце адпачывальнікам?

– Самае галоўнае – купацца на абсталяваных пляжах. Лепш купацца часцей і нядоўга, хвілін па пяць. І лепш акунацца ў ваду з пантонаў. Пасля выхаду з вады абавязкова трэба хутка абмыцца пад душам ці абцерціся сухім ручніком.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота myadel.info.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра пляжы на возеры Нарач, пра сітуацыю з цэркарыёзам расказвае намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку “Нарачанскі” па навуковай рабоце Валерыем...
 
 
 


Архив (Новости Общества)

21.by в социальных сетях



Партнёры

© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика