Сяргей Забалоцец: «Узаемаадносiны з суседзямi — на аснове дыялога»
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
У Жэневе завяршыла сваю работу 113-я Асамблея Мiжпарламенцкага Саюза, у якой узяла ўдзел i дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусi на чале з намеснiкам Старшынi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi Сяргеем Забалотцам. Усяго ж у Асамблеi МПС узялi ўдзел больш як 550 парламентарыяў са 130 краiн свету.
С. Забалоцец выступiў на пленарным пасяджэннi Пастаяннага камiтэта па ўстойлiваму развiццю, мiграцыйнай палiтыцы i гандлю на тэму «Мiграцыя i развiццё». Паводле слоў С. Забалотца, замежных парламентарыяў вельмi зацiкавiла беларускае заканадаўства па гэтым пытаннi, якое налiчвае больш за 30 нарматыўна-прававых актаў. На пасяджэннi Пастаяннага камiтэта па праблемах дэмакратыi i правоў чалавека, як сказаў намеснiк старшынi камiсii па заканадаўству i судова-прававых пытаннях нiжняй палаты беларускага парламента Анатоль Салаўёў, з беларускiх пытанняў разглядалася толькi справа прапаўшага Вiктара Ганчара, якая, дарэчы, закранаецца ў МПС ужо на працягу 6 гадоў. Паводле слоў дэпутата, МПС падвергла крытыцы жорсткую для Беларусi па гэтым жа пытаннi рэзалюцыю ПАСЕ. У сувязi з гэтым гаварылася аб тым, што беларускi парламент, наадварот, трымае на кантролi справу i зацiкаўлены ў яе вырашэннi. Таксама, паводле слоў А. Салаўёва, на пасяджэннi абмяркоўвалася i пытанне беларускай апазiцыi, якая характарызавалася ў негатыўным святле за свае выступленнi аб неабходнасцi ўвядзення санкцый да беларускiх уладаў. Усё гэта, адзначыў парламентарый, «сведчыць аб яе слабасцi». Падчас учарашняй прэс-канферэнцыi С. Забалоцец адказаў на пытаннi адносна нашых узаемаадносiнаў з Расiяй i Польшчай. Як адзначыў дэпутат, аператыўныя каментарыi па канкрэтных тэрмiнах правядзення рэферэндуму па Канстытуцыйнаму акту заўчасныя. «Магчыма, з тэрмiнамi тут спяшацца i не трэба, — заявiў ён. — На гэта ёсць прычыны i аб’ектыўнага i суб’ектыўнага характару. Але наконт таго, што саюзу быць, ужо сказана неаднаразова на ўсiх узроўнях». Аптымiзм у гэтым пытаннi С. Забалоцец падзяляе, бо рана цi позна саюз адбудзецца. Што ж датычыцца ўзаемаадносiнаў з Польшчай пасля выбараў там новага прэзiдэнта, то, адзначыў ён, з суседзямi адносiны немагчыма будаваць на канфрантацыi. «Нягледзячы на выступленнi кандыдатаў, якiя былi антыўсходнiя, больш празаходнiя, — заявiў С. Забалоцец, — я думаю, iх народы заклiкаюць да таго, каб узаемаадносiны з суседзямi будавалiся ў пазiтыўным плане, на аснове дыялога».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Жэневе завяршыла сваю работу 113-я Асамблея Мiжпарламенцкага Саюза, у якой узяла ўдзел i дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусi на чале з намеснiка |
|