21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Глабальнае пацяпленне грукае ў дзверы:

25.08.2009 21:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей КУРКАЧ

Беларусь «атрымае» надвор’е Кiева ўжо праз паўстагоддзя?

Народнае выслоўе аб тым, што зiма вызначаецца па лету, паводле меркавання суразмоўцаў, падчас глабальнага пацяплення клiмату не мае пад сабой нiякага практычнага сэнсу. Сёння мы трапiлi ў эпоху змянення клiмату, калi пасля спякотнага лета можа быць i вельмi цёплая зiма. Ужо на працягу некалькiх гадоў мы назiраем вельмi цёплую вясну ў красавiку, а потым моцныя замаразкi ў маi. Змяненне клiмату прадугледжвае павелiчэнне экстрэмальнасцi надвор’я. Моцныя пiлападобныя ваганнi тэмпературы i вiльготнасцi назiраюцца зараз на планеце ўвогуле i на асобных тэрыторыях — у прыватнасцi. Беларусам, бадай, таксама прыйдзецца жыць, часта трапляючы то ў спёку, то ў холад. Вось толькi спёка ў будучынi будзе ўсё мацнейшай, а маразы — наадварот, меншымi. Як iнфармацыю для роздуму мы прапануем графiкi адхiлення ад сярэдняй тэмпературы летась i за 9 месяцаў сёлета. Больш таго, сёлетняга, такога моцнага i працяглага, пацяплення (станоўчага адхiлення ад нормы на працягу 9 месяцаў) айчынныя сiноптыкi не памятаюць на тэрыторыi Беларусi за ўвесь час iнструментальнага назiрання.

Моцныя паводкi ў Расii, Еўропе i Карэi, засуха ў Беларусi, ураганы ў ЗША, Мексiцы i Кубе... Надвор’е нiбы звар’яцела, i сёлетняе лета стала чарговым пацвярджэннем таго, што глабальнае пацяпленне клiмату на планеце — гэта ўжо рэальнасць.

Аб тым, што адбываецца сёння з нашай планетай i якiя змяненнi чакаюць нас у будучынi, карэспандэнту «Звязды» паведамiў дырэктар Iнстытута праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў i экалогii, акадэмiк НАН Беларусi, прафесар Уладзiмiр Логiнаў.

Паводле слоў суразмоўцы, сёння iснуе дастаткова аргументаў таго, што сённяшнi тэмпературны рэжым значна адрознiваецца ад клiмату ў 60—70-я гады. Навукоўцамi падлiчана, што ў апошняе дзесяцiгоддзе назiраецца самае моцнае станоўчае змяненне клiмату за апошняе тысячагоддзе. Больш таго, 10 з 11 самых цёплых гадоў прыпадае менавiта на блiжэйшыя 20 гадоў. Цi вялiкая гэта анамалiя ў глабальным маштабе? Быццам бы не, бо сярэдняя тэмпература паветра зямнога шара павялiчылася толькi на 0,7 градуса. У той жа час у асобных рэгiёнах гадавыя пацяпленнi складаюць ужо ад 2 да 5 градусаў. Навукоўцамi было заўважана, што змяненне клiмату адбываецца галоўным чынам за кошт пацяплення зiмовых месяцаў. Так, усе апошнiя зiмы ў Беларусi былi цяплейшыя недзе на 3 градусы, чым зiмы 60-х гадоў. А вось студзень у апошняе дзесяцiгоддзе стаў мякчэйшым за 40 гадоў ажно на 6 градусаў. Да апошняга часу вясна, лета i восень прытрымлiвалiся тэмпературнага рэжыму ў межах нормы. Сёння ж мы ўбачылi, што i лета пачало бiць рэкорды па цеплынi. Сярэдняя тэмпература паветра ў мiнулым сезоне склала ў краiне 19,3 градуса. Такiм жа спякотным было лета толькi ў 1999 годзе. Больш таго, сёлетнiм летам мы мелi больш за 40 дзён з максiмальнай тэмпературай паветра вышэй за 25 градусаў, што ўвогуле лiчыцца абсалютным рэкордам. Вядучы спецыялiст аддзела клiмату Беларускага гiдраметцэнтра Алена Камароўская паведамiла «Звяздзе», што чэрвень перавысiў норму па тэмпературы на 0,9 градуса, лiпень — на 3,8, а жнiвень — на 2,7. Мiж iншым, сёлетнiм летам у краiне выпала толькi 145 мiлiметраў ападкаў, што складае 60 працэнтаў ад нормы. Самым жа сухiм стаў жнiвень, калi выпала ападкаў на 37 працэнтаў ад нормы. Паводле меркавання начальнiка аддзела клiмату гiдраметцэнтра Марка Гольберга, жнiвень стаў «сохнуць» якраз з пачаткам пацяплення. На працягу 10—13 гадоў жнiвень недабiрае ападкаў у сярэднiм на 18 працэнтаў ад нормы.

ЗША «з’ядаюць» чужы кiсларод i спыняцца не збiраюцца

Самай праўдападобнай версiяй узнiкнення глабальнага пацяплення лiчыцца залежнасць клiмату ад парнiковага эфекту. За 150 мiнулых гадоў аб’ём СО2 павялiчыўся на 30 працэнтаў. Сёння развiццё прамысловасцi планеты працягваецца такiмi тэмпамi, што ўжо менш чым праз стагоддзе колькасць вуглякiслага газу падвоiцца, з-за чаго моцна павысiцца i тэмпература.

Каб спынiць экалагiчную катастрофу, сусветнае супольнiцтва яшчэ ў 1997 годзе падрыхтоўвала Кiоцкi пратакол, згодна з якiм усе краiны да 2008—2012 гадоў павiнны зменшыць на 5 працэнтаў выкiды парнiковых газаў. Пагадзiлiся з канвенцыяй аб змяненнi клiмату 84 краiны, а вось ратыфiкавалi Кiоцкi пратакол далёка не ўсе. Iснуе 8 самых буйных краiн свету, на якiя прыпадае каля 60 працэнтаў выкiдаў парнiковых газаў. У ЗША iх выкiдваецца больш за ўсё — 24 працэнты, у Кiтаi — 13, Расii — 7, Японii — 5, Германii — 4, Iнданезii i Бразiлii — па 1 працэнту. Ужо зараз Кiоцкi пратакол падпiсалi 15 краiн ЕС i Японiя. А вось ЗША катэгарычна адмовiлiся выконваць гэта пагадненне, бо яно разыходзiцца з iх амерыканскiмi эканамiчнымi iнтарэсамi.

Мiжнароднае пагадненне мае i камерцыйны бок, згодна з якiм «чыстыя» краiны маглi б гандляваць квотамi на шкодныя выкiды. Калi б сёння Кiоцкi пратакол запрацаваў юрыдычна, тады б амерыканцам неабходна было б купляць квоты на парнiковыя газы на сумы ў некалькi дзесяткаў мiльярдаў долараў у год. Вядома, што прамысловасць гэтай вялiкай краiны «з’ядае» кiслароду ў два разы больш, чым можа аднавiць уся яе жывая бiямаса. Мiж iншым, у паветры не iснуе нiякiх мiждзяржаўных абмежаванняў, i прамысловыя прадпрыемствы ЗША ўжываюць не толькi свой айчынны кiсларод, але i псуюць экалогiю ўсёй планеты. Ужо на працягу 7 гадоў краiны Афрыкi спрабуюць «стрэсцi» з развiтых краiн ЕС i продкаў «дзядзькi Сэма» грошы за дрэнныя адносiны да экалогii, але i дагэтуль Чорны кантынент не атрымаў за кiсларод нi цэнта.

Клiматычны апакалiпсiс сёння i заўтра

Паводле меркавання прафесара Логiнава, мiжнародная грамадскасць у блiжэйшыя гады наўрад цi зможа дамовiцца аб рэальным скарачэннi выкiдаў парнiковых газаў у атмасферу. Тады, паводле мадэльных прагнозаў, менш чым за стагоддзе сярэдняя тэмпература паветра на планеце павялiчыцца мiнiмум на 2—3 градусы. У Арктыцы i Антарктыцы паветра пацяплее ажно на 6—8 градусаў, на шыротах блiжэй да экватара — не больш чым на 1 градус.

Глабальнае пацяпленне выклiча хуткае падтаванне Антарктыды (гэты працэс назiраецца ўжо зараз) i як вынiк — павышэнне ўзроўню сусветнага акiяна на 1—1,5 метра. Пад пагрозай затаплення апынуцца Бангладэш i Нiдэрланды, шэраг правiнцый Кiтая, узбярэжныя раёны Японii i Бразiлii, усходнiя ўзбярэжжы ЗША, поўнач Канады i Нарвегii. Сiбiр, палова тэрыторыi якой зараз займае вечная мерзлата, ператворыцца ў велiзарную багну.

Разам з пацяпленнем клiмату пачнуць павялiчвацца частата i моц анамальных з’яў. Клiматычныя катаклiзмы, падобныя на сёлетнюю паводку ў Еўропе, будуць адбывацца ўсё часцей i прынясуць цывiлiзацыi велiзарныя фiнансавыя страты. Прыйдзецца пераносiць марскiя порты, прыбярэжныя зоны i нават цэлыя гарады. Бедныя краiны могуць i наогул знiкнуць у вадзе.

Паводле даных Сусветнай метэаралагiчнай арганiзацыi, страты ўсiх краiн планеты ад прыродных катастроф за дзесяцiгоддзе ў 1960-я гады склалi каля 50 мiльярдаў долараў. Сёння ж свет ад анамалiй надвор’я страчвае ў год больш за 60—80 мiльярдаў долараў. Гэтыя страты i надалей будуць павялiчвацца. Менш чым за стагоддзе зменяцца зоны земляробства ва ўсiм свеце, што запатрабуе змены тэхналогiй. У асобных рэгiёнах пачнецца масавая гiбель жывёл у вынiку цеплавых удараў. Павялiчыцца колькасць шкоднiкаў. Шматкiламетровыя хмары саранчы i машкары пачнуць далятаць да сельгасугоддзяў развiтых краiн, i для жыхароў утульнай Еўропы гэта стане сапраўдным клiматычным армагедонам.

Расii глабальнае пацяпленне пагражае палiўнай катастрофай. Разам з вечнай мерзлатой «паплывуць» дарогi, дамы i iншыя прамысловыя збудаваннi Сiбiры — рэгiёна, адкуль зараз «выпампоўваецца» больш як палова нафты нашага вялiкага суседа.

Нягледзячы на гэта, большасць айчынных навукоўцаў лiчаць, што глабальнае пацяпленне прынясе Беларусi больш плюсоў, чым мiнусаў. Праўда, ужо зараз усе гэтыя нюансы трэба падлiчваць.

Акадэмiк НАН Беларусi лiчыць, што нашай краiне неабходна распрацаваць стратэгiю змянення гаспадарчай дзейнасцi пад уплывам глабальнага пацяплення клiмату. Гэта неабходна зрабiць зараз. Магчыма падлiчыць, колькi нашай сельскай гаспадарцы каштуе неспрыяльны год. Страты за сезон складаюць прыкладна 2—3 мiльёны тон збожжа. Гэта вельмi вялiкiя страты ў пералiку на грошы. Цалкам прадухiлiць iх немагчыма, але змякчыць удар стыхii — рэальна.

Больш таго, разам з пацяпленнем з поўдня кантынента ў наш бок распаўсюджваецца раслiннасць стэпавай зоны, якая з цягам часу будзе выцiскаць нашу айчынную. За раслiнамi або наперадзе iх iдзе моцная мiграцыя невядомых дагэтуль нам насякомых, птушак i жывёл. Разам з гэтай хваляй паўднёвых мiгрантаў мы атрымаем новыя хваробы i новыя страты. Бяду ж лягчэй папярэдзiць, чым з ёй потым змагацца.

Перад апошняй рысай...

Згодна з доўгатэрмiновым прагнозам, зробленым калектывам Iнстытута геаграфii РАН, ужо праз 500 гадоў плошча Сусветнага акiяна павялiчыцца так моцна, што «з’есць» амаль палову сушы. Расiйскiя навукоўцы падлiчылi, што калi тэмпы павелiчэння сярэднегадавых тэмператур застануцца на цяперашнiм узроўнi, то з паверхнi планеты могуць знiкнуць амаль усе сталiцы Еўропы, у тым лiку Парыж, Рым i Лондан. Пад вадой апынуцца Тэль-Авiў, Бейрут, Багдад, Эль-Кувейт, Ганконг, Шанхай, Токiо, Нагасакi i Сапара.

У Паўночнай Амерыцы знiкне Фларыда, Вашынгтон, Нью-Йорк, Бостан i Х’юстан. Вада праглыне Ванкувер, Сiэтл, Сан-Францыска i Лос-Анджэлес.

У Паўднёвай Амерыцы акiян часткова праглыне Рыо-дэ-Жанейра, Вальпараiса, а Монтэвiдэа, Буэнас-Айрэс знiкнуць зусiм. На Афрыканскiм кантыненце змые вадой Александрыю, Суэц, Каiр, Кейптаун i Джыбуцi. У Аўстралii загiнуць Мельбурн, Сiдней, Дарвiн i Перт.

У Расii пад ваду пойдуць часткова Санкт-Пецярбург, Растоў-на-Доне i Астрахань. Ледавiты акiян паглыне Архангельск, Салехард i Цiксi, Цiхi акiян — Магадан i Петрапаўлаўск-Камчацкi. Паводле сцэнарыя iнстытута геаграфii, следам за сусветным патопам на нашу планету прыйдуць моцныя ўраганы, калi вецер са скорасцю 85 метраў у секунду стане звычайным ветрыкам. Жыццё на планеце зменiцца да непазнавальнасцi, калi гарады будуць расцi не ўвышыню, а ў глыб зямлi.

Наш суразмоўца Уладзiмiр Логiнаў лiчыць, што глабальнае пацяпленне наўрад цi будзе працягвацца больш за стагоддзе. Парнiковы эфект адбываецца за кошт спальвання арганiчнага палiва. Але гэтага палiва, паводле падлiкаў энергетыкаў, у свеце засталося не так i шмат. Разведаных запасаў нафты свету хопiць на 30—40 гадоў, газу — на 60—70, вугалю — на 250—300 гадоў. Сярод навукоўцаў iснуе меркаванне, што працэс павелiчэння выкiдаў парнiковых газаў можа спынiцца самастойна, натуральным шляхам. Чалавецтву трэба будзе шукаць iншыя крынiцы энергii i iншыя тэхналогii перапрацоўкi палiва. Чалавецтва сур’ёзна задумаецца аб змяненнi клiмату толькi стоячы перад апошняй крытычнай рысай свайго развiцця. Але i зараз трэба разумець, што прыродныя рэсурсы планеты абмежаваныя. Падлiчана, што ёмiстасць бiясферы Зямлi без вялiкiх намаганняў «вытрымлiвае» не больш чым 1,5 мiльярда чалавек. Сёння норма насельнiцтва перавышана ў 3—4 разы. Калi зараз нас 6 мiльярдаў чалавек, то напрыканцы стагоддзя будзе, паводле розных падлiкаў, не менш як 9—12. Такую колькасць насельнiцтва без кардынальных тэхналагiчных i арганiзацыйных экалагiчных рашэнняў наша планета не вытрымае. Гэта стагоддзе з’яўляецца апошнiм тэрмiнам у гiсторыi чалавечай недальнабачнасцi, далей будзе залаты час — або зусiм нiчога.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь «атрымае» надвор’е Кiева ўжо праз паўстагоддзя?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика