Вiцязi без тыгровых шкур
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
ДАСЬЕ
Эдгард Запашны. Нарадзiўся ў Ялце 11 лiпеня 1976 года. Скончыў Iнстытут прадпрымальнiцтва i права. Аскольд Запашны. Нарадзiўся ў Харкаве 27 верасня 1977 года. Студэнт 5 курса Iнстытута тэатральнага мастацтва (ГИТИС). Абодва дасканала валодаюць англiйскай i размоўнай кiтайскай. На рахунку братоў Запашных 10 нацыянальных i мiжнародных цыркавых узнагарод, у тым лiку Кубак Кнiгi рэкордаў Гiнеса. Толькi са жнiўня 2004 па красавiк 2005 года Цырк братоў Запашных даў 289 прадстаўленняў, якiя наведалi больш як 900 тысяч гледачоў. ЖУРНАЛIСТЫ абажаюць рабiць матэрыялы пра тандэмы братоў цi сёстраў — таму што iх абажае публiка. Таленавiтыя дуэты ўдвая больш вядомыя, чым таленавiтыя адзiночкi. Прыклады? Ды колькi заўгодна! Браты Грым i браты Стругацкiя, браты Клiчко i сёстры Прэс, браты Хлястовы i сёстры Берулава... Зараз вось браты Запашныя. Папулярнасць пятага пакалення знакамiтай цыркавой дынастыi ўражвае. Любы Iнтэрнэт-пошукавiк на запыт «Эдгард i Аскольд Запашныя» (або наадварот) выдае мiнiмум 4 тысячы старонак, не лiчачы афiцыйнага сайта братоў i сайта фан-клуба. Увогуле, апошнiм часам якi тэле- цi радыёканал нi ўключы, няважна, свой цi расiйскi, — сустрэнеш гэтых двух прадстаўнiкоў дынастыi Запашных. Бiлеты на iх прадстаўленнi ў Мiнску стабiльна раскуплены на дзесятак дзён наперад, а расклад iнтэрв’ю больш шчыльны, чым сетка тэлеперадач. Нягледзячы на тое, што Запашныя ў Мiнску больш за месяц, сустрэцца з iмi для iнтэрв’ю па-ранейшаму няпроста. Мне пашанцавала «ўклiнiцца» памiж рэпетыцыяй i дзённым выступленнем. Праўда, у асноўным «за сябе i за таго хлопца» адказаў малодшы, Аскольд... — Вы заўжды ахвотна згаджаецеся на iнтэрв’ю, а пасля чытаеце цi глядзiце, што атрымалася? Якiя плёткi часцей за ўсё сустракаеце аб сабе ў СМI? Аскольд: Па-рознаму бывае. Хоць мы адкрытыя для ўсiх выданняў i каналаў — у нас няма жорсткага «фармату» ў стасунках з прэсай. Вось нашым сябрам з гурта «Кiпелаў» даводзiцца ўлiчваць аўдыторыю, i на кантакт яны iдуць далёка не з усiмi. (У гэты момант у грымёрку зазiрнуў Эдгард Вальтэравiч, cпаслаўся на справы i выпрасiў сабе 15 хвiлiн спазнення.) Аскольд, непарушна: Што датычыцца плётак — збольшага гэта домыслы пра наша асабiстае жыццё. Даходзiла да маразму. Убачылi, напрыклад, мяне побач з Лалiтай Мiляўскай, бо мы сябруем, — адразу ж сачынiлi, што ў нас бурны раман, i гэта быццам бы ўсiм адразу бачна i зразумела... Але з большасцю СМI маем добрыя адносiны. — У славы ёсць i адваротны бок: прыватнае жыццё пастаянна пад прыцэлам тэле- i фотакамер, табе задаюць нясцiплыя i некарэктныя пытаннi... — Пытанняў я не баюся нiякiх. Пакуль што ў жыццi я не зрабiў такiх учынкаў, за якiя было б сорамна. I не трапляў у такiя сiтуацыi, як Фiлiп Кiркораў. Хоць, канешне, нязручнасцi ёсць — напрыклад, у сэнсе паводзiнаў. Я не магу паводзiць сябе, як мне ўздумаецца, пастаянна кантралюю, каб не было да чаго прычапiцца. — Значыць, «нязручных» пытанняў не баiмся? У мяне якраз ёсць адно такое. Вы з Эдгардам прадоўжыце на сваiх дзецях сямейную традыцыю экзатычных, незвычайных iмёнаў, цi абмяжуецеся банальнымi Пецямi-Кацямi? — Я не эксцэнтрык, i да такiх рэчаў стаўлюся вельмi сур’ёзна. Шчыра кажучы, свайго бацьку не зразумеў, калi мама расказала, што мяне хацелi назваць Актавiянам. Напэўна, я быў бы зараз як мiнiмум у крыўдзе за гэта. Увогуле лiчу, што iмя чалавека моцна ўплывае на яго лёс, iмя — гэта тваё ярмо: або ты iм ганарышся, або не. Вось, напрыклад, мы прыходзiлi на ваша тэлебачанне, знаёмiлiся з вядучым: Алесь. Эдгард перапытаў: «Алег?». Той крыху нават сумеўся, паўтарыў: «Алесь». Напэўна, у Беларусi з гэтым iмем ён жыве нармальна, а для рускага чалавека Алесь — жаночае па гучанню iмя. Я нiколi не разумеў «бiсэксуальных» iмёнаў накшталт Жэнi, Валеры, — па-мойму, бацькi такiх людзей чакалi дзiця iншага полу, а потым не змаглi перастроiцца i выбралi нейтральны варыянт... Што датычыцца маiх будучых дзяцей, то я вельмi баюся iх iмя па бацьку. «Аскольдаўна» — бязглузда неяк гучыць. — А як наконт вашых уласных iмёнаў? Вы з Эдгардам за час качавога жыцця змянiлi не адну школу. Аднагодкi не дражнiлi? — Не. Да нашых iмёнаў увогуле не чаплялiся. У дзяцiнстве, гадоў да 14, мяне яшчэ маглi падражнiць «Аскольд-Леапольд», а потым я перастаў на такое рэагаваць: калi чалавек узгадвае мульцяшнага Леапольда — значыць, ён яшчэ дзiця. А так нi Аскольд, нi Эдгард нi з чым не рыфмавалiся i нiяк не скарачалiся. Вось калi б я быў Рычардам — вельмi добрая асацыяцыя з Рычардам Iльвiнае Сэрца. Мацi хацела мяне так назваць, ды не атрымалася. — Можа, iмя Рычард застанецца ў запасе для вашых дзяцей... — Не застанецца, на жаль. Я хацеў бы назваць сына Рычардам. Але мой блiзкi сябар, Артур Багдасараў, таксама вельмi вядомы малады дрэсiроўшчык, ужо назваў так свайго сына. Зараз будзе недарэчна з майго боку назваць дзiця гэтак жа, асаблiва ўлiчваючы, што мы з Артурам як браты — нават у адзiн дзень нарадзiлiся, толькi з рознiцай у год. Думаю, калi трэба будзе выбраць iмя для дзяцей, фантазii ў мяне хопiць — усё ж вучуся ў ГИТИСе, творчая ВНУ. (Дарэчы, пра «нязручныя» пытаннi. Традыцыйна ў братоў цiкавяцца, чаму яны фарбуюць валасы ў белы колер. Загадкi тут нiякай няма. Падчас 4-гадовай працы ў Кiтаi хлопцам трэба было неяк выдзяляцца на манежы з агульнай «цёмнай» масы, вось iм i прапанавалi асвятлiцца. Пазней светлыя валасы сталi часткай iмiджа. Гэтым летам Эдгард хацеў было перафарбавацца ў цёмны — адгаворвалi ўсiм цыркам!) — Вашы звяры — сапраўдныя зоркi, не толькi на манежы выступаюць, яшчэ i ў мностве фiльмаў здымаюцца. А вас самiх у кiно папрацаваць запрашаюць? Аскольд: Нас з братам запрасiлi зняцца ў гiстарычнай карцiне пра сiрыйскiх каралёў, праўда, не ведаю, як там што складзецца. Эдгарду яшчэ прапанавалi ролю нейкага польскага караля. Эдгард, абурана: Не «нейкага», а Карла ХIV! Аскольд: Але ўвогуле ў расiйскiм кiнематографе склалася такая дзiўная традыцыя: чалавек, якi здымаецца ў кiно, павiнен быць правераным i абавязкова прафесiянальным акцёрам! На Захадзе ўсё iнакш. Джэнiфер Лопес, да прыкладу, пачынала як спявачка, Арнольд Шварцэнегер — бодзiбiлдар, Жан-Клод ван Дам — танцор. Нiхто з iх не заканчваў тэатральных ВНУ. А нас проста не разглядаюць як акцёраў. — Ну, дапусцiм. А як «рэкламныя твары»? А.: Запрашалi. Аднак пакуль што не было такiх прапаноў, на якiя мы згадзiлiся б. Iдэя адной рэкламы была прыкольнай, але мы з братам адмовiлiся... Э.: Бо гэта была рэклама гарэлкi! (Заманлiвая прапанова для непiтушчых артыстаў. — Аўт.) А.: Для нас гэты крок будзе першым i вельмi важным, i ён адразу вызначыць пэўны ярлык: што мы рэкламуем — тое i адпавядае нашаму душэўнаму стану. Я хацеў бы стаць тварам спартыўных фiрмаў «Nike» цi «Reebok». У Эдгарда вопыт здымак ужо ёсць, праўда, не ў фiльме, а ў клiпе гурта «Кiпелаў» — «Вавiлон». Музыка Валерыя Кiпелава ўвогуле любiмая ў цырку Запашных, адзiн з нумароў — яго выконвае артыстка на корд-дэ-парэлi Алена Петрыкава — цалкам пабудаваны на аранжыроўцы песнi «Я свабодны». А пазнаёмiлiся расiйскiя артысты з расiйскiмi ж музыкантамi, мiж iншым, у Беларусi, у Гомелi. Гурт Кiпелава, тады яшчэ «Арыя», у 2001 годзе даваў у Гомельскiм цырку канцэрт. Трупа ледзь не гвалтам зацягнула Эдгарда паглядзець на металiстаў. Пасля канцэрта ён падышоў да прадзюсара Рыны Лi, прадставiўся i прапанаваў бяспройгрышны варыянт: «Хочаце сфатаграфавацца з тыграмi?» Так браты i пазнаёмiлiся з Валерыем i яго гуртом, пасля яшчэ сустракалiся i паступова пасябравалi (сёлета Кiпелаў нават спецыяльна змянiў свой гастрольны графiк, каб заспець Запашных у Мiнску). Аднойчы прадзюсар запрасiла на здымкi ў клiпе Эдгарда i... льва. Аскольда «забракавалi»: па-першае, на той момант у яго была стрыжка, кароткае карэ, а па-другое, па сцэнарыю патрабаваўся змучаны вандроўнiк. «З брата, якi значна лепш за мяне раскачаны, атрымаўся б гэткi плэйбой у пустынi», — жартуе Эдгард. Аскольд, зрэшты, не пакрыўдзiўся. А клiп трымаўся на пiку папулярнасцi 3 месяцы! — Чамусьцi ўсе лiчаць, што калi людзi працуюць дрэсiроўшчыкамi, то абавязкова глядзяць «Паласаты рэйс» i слухаюць Баярскага, пра тыграў. А на самай справе? А.: Мы абсалютна рознабаковыя, слухаем усякую музыку i глядзiм усякiя фiльмы. «Паласаты рэйс», думаю, хоць раз у жыццi бачыў кожны, i калi чалавек любiць гэты фiльм, гэта сведчыць толькi пра добрае пачуццё гумару. Гэта ж класiка. У дрэсiроўшчыкаў няма «прынцыповых» пераваг. Хутчэй за ўсё, гэтыя штампы насаджае тэлебачанне: па фармату перадачы трэба паставiць музычную адбiўку, а адзiнае, што памятаюць пра цырк, — Баярскi. Вось у гледачоў i складваецца пэўнае ўражанне. — Адзiн з вашых тыграў, Марцiн, цэлы год жыў з Эдгардам. Ён адчувае сябе любiмцам? Э.: Марцiн праводзiў з намi амаль аднолькавую колькасць часу, але ў брата на той момант жыў сабака, i з iм тыгр дакладна ўжыцца не мог... — Вось чаму ён зараз дазваляе Эдгарду цягаць сябе за хвост! Эдгард, усмiхаючыся: Брат робiць тое ж самае. Марцiн увогуле свядомы i лаяльны тыгр у дачыненнi да нас абодвух. Мы дабiлiся таго, што нас, людзей, Марцiн успрымае як сваiх. — Вы столькi часу працуеце з тыграмi i львамi, вучыце iх новым трукам. А чаму яны вас навучылi, акрамя як быць заўжды напагатове? Э.: Жывёлы вельмi шчырыя: калi ты iм падабаешся цi не падабаешся, яны гэта адразу паказваюць. Мы з братам таксама не саромеемся гаварыць людзям у вочы сваё меркаванне. Але я не зусiм упэўнены, што мы менавiта ад драпежнiкаў перанялi гэту рысу... А.: Брат заўжды прапануе гэту версiю, аднак мне яна не вельмi падабаецца. Я, напрыклад, стаў назiральным — i лiчу, што гэтаму якраз навучыўся ад звяроў. Мама нават называе мяне мудрым, як леў, хоць якi ж я мудры? Але тое, што я навучыўся аналiзаваць паводзiны навакольных, — гэта факт. Вельмi дапамагае ў працы. Бо цыркавая дрэсура — яна асаблiвая. Трэба не проста паставiць трук, а прыдумаць штосьцi новае, абагнаць калег, эксперыментаваць, каб глядач не сказаў: о, я гэта ўжо бачыў. Не выпадкова наш бацька з вялiкiм задавальненнем глядзеў перадачы пра жывёл i заўжды пераключаў тэлевiзар на iх... — I цяпер канал «Animal Planet» у вас самы любiмы? А.: Не паверыце, але нават тут, калi мы ўсёй трупай ходзiм у лазню, дзе ёсць тэлевiзар са спадарожнiкавымi каналамi, глядзiм праграмы пра жывёл. Здавалася б, за столькi гадоў павiнна надакучыць! Не надакучыла. А атрыманыя веды пераносяцца на рэальнае жыццё. Я зараз вельмi добра адчуваю чалавека, ледзь не з першага позiрку ўгадваю нейкiя яго рысы. ...Цiкаўлюся ў братоў, цi адзначаюць яны цыркавыя «юбiлеi», напрыклад, 10-тысячны выхад на манеж. Аказваецца, вызначыць дакладную лiчбу ўжо немагчыма: у адзiн дзень цырк дае два прадстаўленнi, у другi — тры, i так — гадамi (а дэбютавалi браты ў 1988-м)... Аскольд, сцiпла: Ды я ўвогуле не люблю юбiлеi, праўда! Э.: Ну як жа! У нас з табой нядаўна быў юбiлей — 55 год на дваiх! Я ўжо думаў аб гэтым, узяць i адзначыць 60 гадоў, калi нам будзе 31 i 29. А чаму не? (Рагочам.) — Добра, пакiнем юбiлеi, ёсць i iншыя святы. Летась на Новы год вы паставiлi прадстаўленне-казку «Волшебник Изумрудного города» («ВиZГ»). На гэты Новы год у Гомелi прыдумаць нешта такое не паспееце, а на наступны? Э.: Нядаўна мы, дарэчы, з братам шкадавалi, што не дамовiлiся зрабiць навагодняе прадстаўленне ў Мiнску. Тут можна было б паставiць спектакль такога кшталту, дырэктар цырка кажа, што ў вас заўжды праходзяць маштабныя ёлкi. Вось ва ўсёй Расii звычайна не знаходзiцца фiнансаў, каб якасна зрабiць касцюмiраваны спектакль на навагоднюю ёлку. А зрабiць дрэнна мы не маем права: трэба цi добра, цi нiяк. — Калi б не цырк, то... А.: То мы не ведаем, кiм бы мы былi б! Э.: Кiм я хацеў бы быць, ведаю дакладна. Футбалiстам. А.: А ў мяне проста шалёная мара — быць рэжысёрам кiно. (Напрыканцы размовы Эдгард зноў збег — пагалiцца перад прадстаўленнем. Але да гэтага падзялiўся ўражаннямi ад Мiнска — дзякуй, нiякiх банальнасцяў наконт чысцiнi горада i прыгожых дзяўчат. Эдгард наведаў Купалаўскi тэатр, начны клуб, заапарк. Акрамя таго, браты былi на чэмпiянаце па тайскаму боксу, у кiно, ездзiлi на дачу дырэктара цырка Таццяны Бандарчук. Пастаянна ходзяць у сауну i «качалку». Пасля траўм у хлопцаў дзве здаровыя нагi на дваiх, таму трэнiроўкi i кансультацыi ўрачоў — неад’емны пункт «праграмы».) ...Канешне, iнтэрв’ю можна было б завяршыць выключна прыгожа. Прысвоiць братам чарговыя тытулы сэкс-сiмвалаў цырка, якiя штодня рызыкуюць жыццём. Прызнаць, што журналiсцкая тусоўка — пераважна дзявочая — ужо на першай прэс-канферэнцыi безумоўна закахалася ў Эдгарда i Аскольда. Цi, наадварот, падкрэслiць, што сонца не без плямаў, тыгры — не без палосак, а артысты — не без недахопаў. Але... вельмi ўжо не хочацца паўтарацца. Чытайце. Глядзiце. Рабiце высновы самi. I хварэйце на цырк. Гэта ж нават не хвароба, а пажыццёвая прышчэпка ад бяздушнасцi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЖУРНАЛIСТЫ абажаюць рабiць матэрыялы пра тандэмы братоў цi сёстраў — таму што iх абажае публiка. Таленавiтыя дуэты ўдвая больш вядомыя, чым таленавi
|
|