Cтарая Новая зямля
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
(Амаль паводле Якуба Коласа)
Ёсць у нас з сябрамi не вельмi даўняя, але ўжо трывалая завядзёнка. Кожны год — раз цi два, як атрымаецца — мы выбiраемся ў паход уздоўж Нёмана на Стаўбцоўшчыне, па коласаўскiх мясцiнах. Цiкава параўноўваць сучасныя ўражаннi з архiўнымi ўспамiнамi, старымi фотаздымкамi, класiчнымi творамi лiтаратуры, i пранiкацца непаўторным каларытам Надняёмання — гэткiм жа, як i сто дваццаць гадоў таму. * * * «Я вельмi добра помню i гэтае месца, i гэты дзень. Дзень быў летнi, цiхi, цёплы. Па берагах Нёмана стаялi таўшчэразныя дубы i за доўгi час свайго жыцця напэўна першы раз чулi такiя прамовы, якiя гаварылiся тут у гэты дзень». Я. Колас, «Васемнаццатая гадавiна». Электрычка на Коласава. Развiтаўшыся на час з парасткамi цывiлiзацыi (магазiны, тэлефоны i да т. п.), багнiстымi партызанскiмi сцежкамi крочым да Прыстанькi — пачатковага пункта падарожжа. I ад Коласава, i ад Стоўбцаў адлегласць роўная — 15 км па перасечанай мясцовасцi. Вялiзныя дубы. Злосныя нёманскiя камары. Прыгожы абрывiсты бераг, над якiм у любы час сутак разносiцца куванне зязюлi напалову з салаўiнымi трэлямi. Толькi строгая шыльдачка на каменi нагадвае, што 9 лiпеня 1906 года на гэтым самым месцы адбыўся нелегальны з’езд настаўнiкаў, у падрыхтоўцы i арганiзацыi якога актыўна ўдзельнiчаў Якуб Колас. З’езд, як водзiцца, быў выкрыты палiцыяй, а ўдзельнiкi звольненыя з настаўнiцкiх пасад. 2 гады цягнулася следства, а потым Вiленская судовая палата прыгаварыла «крамольнiкаў» — Канстанцiна Мiцкевiча, Якава Бязмена i Уладзiмiра Мiцкевiча (не брат i нават не родзiч) — да трохгадовага турэмнага зняволення. Сёлета сюды прыязджаюць у адукацыйныя паходы малодшыя школьнiкi. Двое малых блiзнят-братоў — Мiхась i Андрэй, ва ўзросце дзесьцi сямiкласнiкi — доўга чапляюцца то да свайго кiраўнiка атрада, то да нас: пакажы iм пень, намаляваны на карцiне са школьнага падручнiка. — Я памятаю, на iм сядзелi ўсе тыя настаўнiкi, што сабралiся на сход, — упэўнена сцвярджае Андрэй. — Гэта ж адбывалася амаль сто гадоў таму! — спрабую я пераканаць хлопца. — Ад пня i ўспамiнаў не засталося, а замест яго паклалi камень. Дый увогуле, мастак мог проста прыдумаць дубовы пень. Паглядзi лепш на жывыя векавыя дубы. — Даводзiцца правесцi мiнi-экскурсiю да буслiнага гнязда па былой алеi. Вакол квiтнеюць залiўныя лугi, на якiх у маi — ландышавы рай. Тыповы прынёманскi пейзаж: над узгоркам з кустоўя высiцца лiпа цi альха, а далей цямнеюць хвоi. * * * Полем-лесам, лесам-полем, цераз нейкiя канавы i крапiўныя ваколiцы дабiраемся да Мiкалаеўшчыны. Менавiта тут у народнай школе вучыўся з 1892 па 1894 год маленькi Кастусь Мiцкевiч. «Яшчэ ў пачатковай школе выпадкам папалi да мяне ў рукапiсе беларускiя вершы, як потым я даведаўся, напiсаныя Янкам Лучынам. Гэтыя вершы я вывучыў на памяць i любiў iх дэкламаваць. Сярод маiх родных i знаёмых гэтыя вершы карысталiся вялiкiм попытам». Я. Колас, «Аўтабiяграфiя». Будынак школкi, натуральна, не захаваўся. А вось жывая, сакавiтая мова засталася. У суботны спякотны дзянёк, пасеўшы на самаробных лавачках, старыя перакрыкваюцца праз вулiцу, сыплюць жартамi, цiкавяцца пра здароўе i частуюць нас вiшнямi. Спынiўшыся ў цяньку, вырашаем запасцiся на далейшы няблiзкi шлях вадой. Пытаемся ў гаспадынi калодзежа, якая стаiць побач, дазволу. Бабулька, прызнаўшы «гарадскiх», усплёсквае рукамi: — Ат! З калодзежа гэтага, канешне, можна набраць вады, але не варта. Нездаровая яна, халера ў ёй нейкая цi што. Лепш прайсцi метраў трыста за паварот, там лепшы калодзеж. — Навошта вы нас падманулi? — з дакорам звярнуўся да бабулькi паходны ваданос Алекс. Тая пакрыўджана падцiснула вусны i пайшла ў глыбiню двара. Але ўжо праз дзве хвiлiны, палiчыўшы, напэўна, што мы непачцiва абыходзiмся з вядром, вярнулася: — Ану, iдзiце адсюль!.. Ну вось, хто там яшчэ лiчыць беларусаў талерантнымi?! Праўда, брыдкiя лаянкавыя слоўцы прыйшлi да нас у асноўным з цюркскiх моў, беларуская лексiка ўсё ж куды спакайнейшая, нейтральная. Гэта пацвердзiлi i астатнiя жыхары Мiкалаеўшчыны, якiя шчыра i ветлiва падказвалi дарогу на Смольню. Адно шкада, што падобная бабулька не трапiлася Якубу Коласу падчас напiсання «Новай зямлi». Вось каларытны персанаж атрымаўся б!.. Дарэчы, Мiкалаеўшчына год ад году прыгажэе i мадэрнiзуецца. Побач з прыземiстай вясковай крамай дабудоўваецца праваслаўная царква. У цэлым вёска пакiдае адчуванне надзвычайнай чысцiнi i свежасцi. * * * Уздоўж шашы праз пэўныя адрэзкi стаяць гожыя драўляныя скульптурныя кампазiцыi, быццам персанажы з народных казак. Паварот на ўрочышча Смольня (па iншых звестках Смалярня) абазначаны таксама драўляным разным указальнiкам. Смольня лiчыцца галоўным музеем на радзiме паэта. Тут ён жыў у брата i прыватным парадкам вучыў дзяцей зiмой 1906-1907 гг, пакуль цягнулася следства. Паралельна Якуб Колас пачаў пiсаць кнiгу для другога года навучання ў беларускай школе — «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». У Смольнi ж у 1912 годзе адбылася памятная сустрэча з «завочным» сябрам Янкам Купалам. «Хтось з дому прыбег у сяло, знайшоў мяне i сказаў мне тры словы: «Прыехаў Янка Купала». Гэтыя словы мяне радасна ўсхвалявалi. Быў ужо даволi познi жнiвеньскi вечар. Я жыва раздабыў кварту гарэлкi i борздзенька накiраваўся ў Смольню. У хаце гарэла лямпа. На лаве каля стала сядзеў малады, статны, жыццярадасны хлопец з вясёлымi, крыху насмешлiвымi жаўтавата-карымi вачамi. Мы павiталiся, зiрнулi адно аднаму ў вочы, пацалавалiся. I ён мне i напэўна я яму паказалiся зусiм не такiмi, як гэта прадстаўлялi мы сабе адзiн аднаго ў нашым уяўленнi». З успамiнаў Я. Коласа. Яшчэ i сёння засталiся ва ўрочышчы лiпы, пасаджаныя ў 1911 годзе паэтам. Хата Мiцкевiчаў пераўтворана ў музейна-мемарыяльны комплекс. Тут выстаўлены на агляд многiя рэчы сям’i, у тым лiку i тыя, якiмi карыстаўся сам Якуб Колас. Прынамсi, ён прыязджаў у Смольню яшчэ i вясной 1956 года, каб зноўку паглядзець на родныя нёманскiя краявiды. Пры музеi працуюць папераменна некалькi мiлавiдных, не старых яшчэ жанчын. Кожная з iх раскажа наведвальнiкам пра Коласа глыбей i цiкавей, чым самы поўны падручнiк па лiтаратуры. Менавiта ў гэтых сценах калiсьцi я, гарадская дзяўчынка, даведалася, што такое бурнос: мужчынская вопратка з грубага тоўстага сукна, падобная на шынель. У такой нiякi дождж i вецер не страшныя. ... Кросны, лямпа, чапяла, дзежкi, цэбары i яшчэ процьма розных прадметаў, аб прызначэннi якiх многiя мае аднагодкi ўжо i не здагадаюцца, пакуль экскурсавод не скажа. Сёлета яна, дарэчы, паскардзiлася: нядаўна прыязджалi школьнiкi на экскурсiю, пачулi слова «халява» i давай смяяцца, а як запыталася — нiводзiн не ведае значэння! На вулiцы выразна адчуваецца вiльгаць. Iзноў Нёман! — Але, — пацвярджае экскурсавод, — рака зусiм побач, за кустамi. Тутэйшыя жыхары так i купалiся: разбягуцца ад хаты i — шабулдых у Нёман! Сам Якуб Колас праз гэта 28 разоў хварэў на запаленне лёгкiх. Вось так, усяго адна рысачка, i перад табой не застылы ў мануменце класiк, а нармальны жывы чалавек! * * * Праз Высокi Бераг — нязменную гавань нёманскiх байдарачнiкаў — мiнаем Альбуць з яе векавымi дубамi, гаваркой крынiчкай, дзе праходзяць многiя народныя святы, i здалёк бачным жураўлём над калодзежам. «Альбуць запомнiлася мне найбольш яскрава. Там была надзвычай цiкавая прырода. Леснiкова пасада стаяла на бойкай дарозе, куды iшлi i ехалi людзi. Многа рознага люду перабывала ў нашай хаце. Цiкавыя гутаркi новых асоб пашыралi мой запас ведаў аб людзях i наогул аб жыццi i давалi багаты матэрыял для назiранняў». Я. Колас, «Аўтабiяграфiя». У наш час бойкая дарога знаходзiцца не надта блiзка ад сядзiбы. Магчыма, таму прыадчыненая альбуцкая калiтка, свежы плот i выстаўленыя ля прыступак збаночкi выглядаюць крыху закiнутымi i сiратлiвымi. У гэтым годзе, як сказаў даглядчык, наплыў наведвальнiкаў крыху павялiчыўся — напэўна, у сувязi са 120-годдзем песняра. Усё ж такi тут прайшоў значны перыяд жыцця паэта, з 1891 па 1902 гады, i сапраўдныя прыхiльнiкi ягонага таленту не мiнаюць Альбуць на сваiм шляху. * * * vЗусiм iншая справа — былы хутар Акiнчыцы. Вось ужо куды не зарасце народная сцяжынка! «Пры шляху шырокiм, Дзе стаiць камора, Я на свет радзiўся Пад глухi шум бору, Позняю парою Восенню гнiлою.» Я. Колас, «На раздарожжы». Сядзiба ўжо даўно адноўлена ў такiм выглядзе, якi яна мела, калi тут 3 лiстапада 1882 года ў сям’i Мiцкевiчаў нарадзiўся сын Кастусь, будучы паэт. Зараз Акiнчыцы ўключаны ў тэрыторыю Стоўбцаў i знаходзяцца ў людным месцы. Даволi часта ў апошнi час тут можна сустрэць пляменнiка Якуба Коласа — гэта, напэўна, лепшая рэклама для жадаючых зазiрнуць у фiлiял лiтаратурнага музея. Здаецца, дарэчы, тутэйшыя мясцiны мiльгалi ў кiнафiльме «У жнiўнi 44-га». I не дзiва: такi старабеларускi каларыт рэдка дзе сустрэнеш. Многiя фатографы здымаюць у Акiнчыцах фотасесii, а мясцовыя жыхары з задавальненнем паказваюць найбольш прыгожыя куткi. На развiтанне абавязкова дадаюць: «Калi ласка, прыязджайце яшчэ!»
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(Амаль паводле Якуба Коласа)
|
|