Рыхтуй санi летам...
Уладальнiкам прысядзiбных участкаў, дачнiкам, фермерам ужо цяпер трэба думаць пра ўраджай бульбы ў наступным годзе. А добры ўраджай пачынаецца са здаровага насеннага матэрыялу. Амаль усе хваробы бульбы з году ў год перадаюцца праз клубнi, таму ў блiжэйшы час трэба ўсё зрабiць так, каб нiводны хворы клубень не трапiў у насенне.
Неабходна штогод адзначаць цi выдзяляць насенны ўчастак, на iм абавязкова ажыццявiць нескладаныя насенняводчыя мерапрыемствы — фiтасанiтарныя прачысткi, зрэзванне бульбоўнiку, азеляненне клубняў. Прачысткi робяць у перыяд цвiцення i перад уборкай. Пры першай прачыстцы варта выкапаць прымесi iншых сартоў (па афарбоўцы кветак), кусты, паражоныя чорнай ножкай i маршчынiстай мазаiкай. Другая прачыстка робiцца перад зрэзваннем бульбоўнiку. Калi вы заўважылi кусты, якiя адстаюць у росце, маршчынiстыя, з пачарнелымi сцёбламi (яны нават не цвiтуць i не ўтвараюць клубняў), такiя раслiны трэба выкапаць, а бульбоўнiк спалiць. Клубнi можна выкарыстаць для гаспадарчых патрэб, але толькi не пакiдаць на насенне. У час уборкi неабходна здаровыя, сярэднiя па памеру (50—60 г) клубнi, добра прасушыць i нават азелянiць. Азялененыя клубнi менш падвергнуты гнiенню. Захоўваць насенны матэрыял трэба асобна ад харчовага. Склепы i iншыя месцы захоўвання бульбы павiнны быць сухiмi, чыста пабеленымi вапнай. Пры неабходнасцi iх варта апрацаваць 2-працэнтным растворам паваранай солi. Для абеззаражвання памяшкання рэкамендуецца выкарыстаць дымавую заслону з палыну горкага цi пiжмы (на працягу 24 гадзiн). Пасля апрацоўкi склепы i падвалы добра праветрыць. У Беларусi бульбу пачынаюць капаць у канцы жнiўня — у першай палове верасня. Больш ранняя ўборка прыводзiць да пашкоджання лупiны клубняў, у такiм выпадку яны больш паражаюцца ўзбуджальнiкамi хвароб i ў час захоўвання загнiваюць, заражаючы пры гэтым здаровыя клубнi. Зразумела, капаць бульбу лепш у сухое надвор’е, прасушваючы клубнi на працягу 3-4 гадзiн. Выкапаную бульбу на працягу 2-3 тыдняў варта захоўваць пры тэмпературы 15—18° С i адноснай вiльготнасцi паветра 90—95 працэнтаў. Гэты перыяд захоўвання называецца лячэбным, на працягу якога падсыхаюць i зажываюць пашкоджаннi. Затым бульбу перабраць i выкiнуць гнiлыя клубнi, пасля чаго на працягу месяца тэмпературу пакрыху знiжаць да 2—6° С i падтрымлiваць яе да заканчэння захоўвання. Пры тэмпературы нiжэй чым +2° С бульба робiцца салодкай, пры тэмпературы вышэй чым +6° С клубнi хутка пачынаюць прарастаць, страчваюць пажыўныя рэчывы, паражаюцца мокрымi i сухiмi гнiлямi. Аптымальны рэжым захоўвання можна падтрымлiваць шляхам праветрывання. Пры захоўваннi бульбы пад падлогай, яе пажадана ставiць у скрынках, калi ў засеках, то вышыня не павiнна перавышаць 1 м. У засеках робiцца рашэцiсты драўляны насцiл. Пры панiжэннi тэмпературы паветра нiжэй як 2° С бульбу накрываюць саломай, мешкавiнай, рагожкай. Для павышэння вiльготнасцi паветра распырскваюць ваду цi развешваюць вiльготныя мяшкi; для яе знiжэння памяшканнi праветрываюць i ўстанаўлiваюць скрынкi з негашанай вапнай. У час захоўвання часта верхнi слой бульбы запацявае. У гэтым выпадку яе накрываюць рыхлай саломай, рагожкамi, якiя пасля замяняюць на сухiя. Добра накрываць бульбу драўнiннымi стружкамi цi паверх насыпаць сталовыя буракi. Стружкi не патрабуюць прасушвання, а буракi не баяцца павышанай вiльготнасцi. Бульба добра захоўваецца ў яме цi траншэi, якiя капаюць на ўзвышаным сухiм месцы з глыбiнёй залягання грунтовых вод не менш як 1,5 м. Яму глыбiнёй да 2 м i шырынёй 0,5—1 м загружаюць клубнямi слоем не больш чым 1 м. Зверху насыпаюць пясок (5—10 см), а потым зямлю да краёў. З надыходам халадоў уцяпляюць пiлавiннем, сухiм лiсцем, торфам цi слоем зямлi да 50 см. Капаць ямы i траншэi трэба незадоўга да закладкi бульбы, каб туды не трапiлi атмасферныя ападкi. Бульбу насыпаюць у траншэю на ўзроўнi паверхнi глебы i адразу ж пакрываюць слоем саломы 50 см, затым зямлёй 15 см. Для таго, каб пазбегнуць скаплення вiльгацi i цяпла, якiя ўтвараюцца ў першыя днi пасля засыпкi клубняў, зямлю паверху саломы пасярэдзiне траншэi не насыпаюць. Калi iдуць моцныя i працяглыя дажджы, паверху траншэi (ямы) кладуць салому цi траву, якiя пры канчатковым укрыццi клубняў знiмаюць. З надыходам маразоў траншэю закрываюць зямлёй яшчэ на 35 см. На адлегласцi 2 м ад траншэi (ямы) выкопваюцца сцёкавыя канавы глыбiнёй 0,3—05 м. Для выдалення лiшку вiльгацi i ахаладжэння бульбы да патрабуемай тэмпературы ўстанаўлiваюць вентыляцыю. На дно траншэi вертыкальна ставiцца рашэцiстая драўляная трубка сячэннем 20х20 см. Выкананне гэтых нескладаных прыёмаў дасць магчымаць захаваць высакаякасны насенны матэрыял. Уладзiмiр IВАНЮК, галоўны навуковы супрацоўнiк БелНДI бульбаводства.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уладальнiкам прысядзiбных участкаў, дачнiкам, фермерам ужо цяпер трэба думаць пра ўраджай бульбы ў наступным годзе
|
|