Асцярожна! Падробка
Настасся ЦЕЛЕШАВА
Погляд Падробленай парфумай, адзеннем i нават электратэхнiкай сёння мала каго здзiвiш — вырабы з Малой Арнауцкай на беларускiм рынку знайшлi сваё месца даўно. Iншае справа — свет мастацтва. Анiякiх скандалаў з вядомымi палотнамi ў Беларусi да апошняга часу не было. I тут «з’явiўся» Шагал... Паходжанне раней невядомага шэдэўра з пеўнем паставiлi пад сумненне лiтаральна на наступны дзень пасля аўкцыёну, на якiм i выстаўлялася карцiна.Здарылася гэта даволi таямнiчая гiсторыя напрыканцы вясны, але i сёння зразумець усю падаплёку немагчыма. За 650 тысяч долараў (пры першапачатковым кошце 450 тысяч) набыў беларускi калекцыянер шагалаўскi твор. Амаль адразу пасля таргоў унучка мэтра — Мерэт Меер-Грабер — назвала палатно «жудаснай фальшыўкай». З ёй пагадзiлася i дырэктар музея Марка Шагала ў Вiцебску Людмiла Хмяльнiцкая, бо па традыцыi сертыфiкат на сапраўднасць выдае Камiтэт Марка Шагала, якi ўзначальвае... сваячка Майстра. А аўкцыённы дом Paragis пакiнуў гэта права мастацтвазнаўцу з Пiцера Арсенiю Сагальчыку, кампетэнтнасць якога процiлеглы бок адразу паставiў пад сумненне. Кiраўнiцтва Paragis да абвiнавачанняў паставiлася скептычна: маўляў, Меер-Грабер навязвае свае правiлы i калiсьцi сама хацела купiць гэту рэч (напiсаную, дарэчы, на праваслаўным абразе) за «смешныя» грошы. А чаму не звярнулiся да беларускага эксперта? Тлумачыцца ўсё проста: у краiне няма дыпламаваных спецыялiстаў адпаведнага профiлю. Мiж iншым, сённяшнi ўладальнiк палатна правёў незалежнае «даследаванне», вынiкамi якога задаволены. У сваю чаргу ўнучка Шагала сцвярджала, што камiтэту вядома не толькi гэтая падробка, але... i дзве яе копii. Яшчэ адзiн факт турбаваў знаўцаў мастака: цi мог Шагал у якасцi асновы выкарыстаць абраз? За некалькi тыдняў да аўкцыёну некаторыя iнфармацыйныя агенцтвы паведамiлi: Нацыянальны мастацкi музей Беларусі шукае спонсара, каб набыць арыгiнал Шагала. Пасля скандалу кiраўнiцтва музея абвясцiла: карцiну без сертыфiката i сур’ёзных дакументаў купляць нават i не збiралiся. А аўкцыённы дом проста выкарыстаў брэнд НММ, каб прыцягнуць увагу да таргоў. Як адзначыла намеснiк дырэктара музея Надзея Усава ў размове з карэспандэнтам «Звязды», лёс «Пеўня» музей не хвалюе, экспертызу карцiны супрацоўнiкi правесцi не маглi, бо для гэтага патрэбен арыгiнал Шагала, якога ў фондах няма. Кропкi над «i» ў шагалаўскай эпапеi, здавалася б, не пастаўлены, як паведамiлi «Звяздзе» ў аўкцыённым доме, карцiна зараз знаходзiцца ва ўладальнiка, якi нiякiх прэтэнзiй да прадаўцоў не мае. Што самае цiкавае, гiсторыя атрымала працяг, i даволi нечаканы. У пачатку восенi Paragis зноў правёў таргi, на гэты раз адным з лотаў была аб’яўлена шагалаўская лiтаграфiя «Жанчына-птушка». Карцiну купiлi за 3 000 долараў, Мерэт Меер-Грабер у той час знаходзiлася ў Мiнску. I як толькi даведалася пра здзелку, заявiла: «То ж фальшыўка». Цi трэба казаць, што «Жанчына-птушка» у каталозе шагалаўскага камiтэта не значылася. На абвiнавачваннi аўкцыённы дом адказаў, што лiтаграфiя прывезена з Захада i да гэтага яна ўжо ўдзельнiчала ў таргах у Францыi i была куплена. Усе неабходныя дакументы, экспертныя заключэннi — у поўным парадку. А новы ўладальнiк карцiны? Цалкам задаволены. Пазнаю вас, Рэнуар Прыадкрыць завесу тайны карцiны дапамагаюць эксперты, расiйскую школу «празорцаў» традыцыйна называюць адной з самых моцных у свеце i разам з тым... найбольш ангажыраванай. Расклад тут зноў-такi просты: карцiна без правенанса (гiсторыя яе з’яўлення i перамяшчэння з рук у рукi) i атрыбуцыi (выяўленне сапраўднасцi) каштуе некалькi соцень долараў, аднак яе кошт можа павялiчвацца ў дзесяткi разоў, калi аўтарам палатна акажацца майстар. Цi трэба казаць, што амаль увесь рынак антыкварыату трымаецца на заключэннях экспертаў, а станоўчую «рэцэнзiю» (яе кошт вагаецца ад 1 да 10 працэнтаў ад сумы здзелкi) набыць нескладана. Безумоўна, супрацоўнiкi паважаных галерэй такую магчымасць адмаўляюць: маўляў, памылiцца можа кожны, а вось зрабiць спецыяльна... Больш таго, з развiццём тэхнiчных сродкаў промахаў усё менш. Зараз эксперты працуюць з эталонамi-арыгiналамi, на аснове якiх створаны ўражальны банк даных, куды ўваходзяць рэнтгенаграмы, здымкi фактуры слоя фарбы, фота карцiн у ультрафiялеце, вынiкi хiмiчных даследаванняў. Двайная праверка карцiны — мастацтвазнаўчая i тэхнiка-тэхналагiчная — сапраўднае навуковае даследаванне. Адзiнае, што азмрочвае сiтуацыю, — любы спецыялiст (цi то з Траццякоўкi, цi то з НДI рэстаўрацыi) юрыдычнай адказнасцi за правiльнасць атрыбуцыi не нясе, яна трактуецца як навукова абгрунтаваная думка, а не сцвярджэнне. Прычым, становiшча гэта не змяняецца гадамi, а, мiж iншым, з-за павелiчэння колькасцi падробак i адсутнасцi заканадаўчай управы на нядбайных экспертаў рынак можа абвалiцца. Ужо сёння ўладальнiкi галерэй цураюцца карцiны, калi хоць хто-небудзь скажа, што гэта фальшыўка. З iншага боку, практычна нiводны мастацтвазнавец не дае адмоўнае заключэнне, а кажа, што яму не хапае iнфармацыi, каб атрыбутаваць гэту рэч. Чым i карыстаюцца махляры. Той Ван Гог i не той Вось ужо тры гады не сцiхаюць страсцi вакол аўтапартрэта Ван Гога на блакiтна-зялёным фоне, якi выстаўляецца ў Нацыянальнай галерэi Осла. Паважаныя спецыялiсты сцвярджаюць: палатно — падробка, сумненняў няма. Але, як нi дзiўна, пасля скандалу колькасць наведвальнiкаў павялiчылася ўтрая. Дарэчы, менавiта пасля нарвежскага выкрыцця ў свеце мастацтва пачалася «зверка даных», у аўтарытэтных выданнях адзiн за адным друкавалiся артыкулы аб нечакана знойдзеных фальшыўках. Так, турэцкiя ўлады вымушаны былi ўбраць з Нацыянальнага музея ў Анкары некалькi карцiн Пiкасо, арыгiналы якiх ужо даўно экспанавалiся ў Эрмiтажы. А вось спiс аўтараў, якiх падроблiваюць часцей за iншых, скласцi даволi няпроста. Некаторыя спецыялiсты першае месца ў iм аддаюць Фрыдзе Кало (пасля выхаду ў пракат аднайменнага фiльма кошт сюррэалiстычных работ мексiканкi павялiчыўся амаль утрая). За адзiн толькi месяц супрацоўнiкi аўкцыёну «Сотбi» вылавiлi каля 50 сумнiўных палотнаў Фрыды. На расiйскiм рынку ў лiдарах — Кандзiнскi i Малевiч, бо авангард няцяжка падрабiць. Набыў карцiну пачатку мiнулага стагоддзя, зняў фарбу, зрабiў свой сюжэт. Махляры таксама адчуваюць цёплыя пачуццi да Яна Вермеера, Iвана Айвазоўскага i абразоў. Кажуць, буйныя калекцыянеры ўжо звыклiся з думкай, што падробкi не пазбегнуць. Не так даўно расiйскi бiзнэсмен Вiктар Вексельберг набыў у сям’i Форбс унiкальную калекцыю яек Фабержэ: 9 з больш чым 200 прадметаў аказалiся фальшыўкамi. Але Вексельберг ад здзелкi не адмовiўся. Вось i атрымлiваецца — на падмане можна зарабляць добрыя грошы. Лепшы таму доказ — афiцыйныя выстаўкi копiй сусветна вядомых карцiн у Германii i Iспанii, чарга на якiя была не меншая, чым на арыгiналы. Дваццаць гадоў за падробку Прынамсi тых, хто займацца падробкай карцiн, магчыма падзялiць на некалькi катэгорый. Першыя набываюць у антыквараў старыя малюнкi i на адвароце ставяць патрэбны подпiс, напрыклад Рэпiн, для большай сапраўднасцi аўтограф зацiраецца. Iншыя (звычайна гэта вопытныя рэстаўратары цi мастакi) ствараюць новыя палотны, а потым выдаюць iх за «доўгажыхароў». Яны выкарыстоўваюць старую аснову, а таксама фарбы, якiя саскрэблi з карцiн тых часоў. Праца штучна ўстараецца, наўмысна «прапiсваюцца» нават трэшчынкi, якiя потым забiваюцца старым пылам. Асаблiвай «павагай» карыстаюцца акварэлi i малюнкi, бо iх сапраўднасць немагчыма вызначыць праз тэхналагiчную экспертызу. Вядома, не заўжды махлярства застаецца беспакараным: так, уладальнiку нью-йоркскай галерэi «Exclusive Art» Элай Сахай і яе кiраўнiку Хошы Санджабi (пара на працягу доўгiх гадоў падрабляла творы Шагала, Гагена, Рэнуара) пагражаюць 20 гадоў турмы i мiльённыя штрафы. Папалiся злачынцы на непрыемнай памылцы: у маi 2000-га аўкцыённыя дамы «Сотбi» і «Крысцi» надрукавалi каталогi, дзе значылася адно i тое ж палатно — «Ваза з кветкамi» Гагена, падробка паходзiла з «Exclusive Art»... Цi вось яшчэ адна гiсторыя: некалькi месяцаў таму арт-суполку Масквы ўзрушыла навiна — арыштаваны ўладальнiкi галерэi «Руская калекцыя», муж i жонка Праабражэнскiя, якiя абвiнавачваюцца ў махлярстве з падробленымi карцiнамi ХIХ стагоддзя. На думку следчых, пара прадала пяць палотнаў вядомых рускiх перадзвiжнiкаў, якiя на паверку аказалiся ледзь падмаляванымi работамi дацкiх майстроў таго ж часу. Рознiца ў кошце — вялiзная: першыя «цягнуць» на 120 000 — 160 000 долараў, другiя — у дзесяць разоў менш. Ацанiць маштабы кругавароту падробак у калекцыях эксперты не бяруцца, бо нават штогадовы абарот антыкварнага рынку (у асноўным гэта жывапiс i графiка) вылiчыць няпроста. У Расii сумы называюць розныя — ад 200 мiльёнаў долараў да 1 мiльярда. Доля ж копiй сярод сапраўдных твораў мастацтва, на думку спецыялiстаў, таксама адрознiваецца i складае ад 5 да... 70 працэнтаў ад агульнай лiчбы. Такi вiдавочны дысананс тлумачыцца проста: гандляры жывапiсам зацiкаўленыя ў знiжэннi колькасцi несумленных здзелак, у сваю чаргу патэнцыяльныя пакупнiкi — у iх павелiчэннi, бо так яны могуць збiць попыт i кошт. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падробленай парфумай, адзеннем i нават электратэхнiкай сёння мала каго здзiвiш — вырабы з Малой Арнауцкай на беларускiм рынку знайшлi сваё месца даўно
|
|