Зiмы i вёсны
Генрых ДАЛIДОВIЧ
(Да 70-годдзя Анатоля Кудраўца)
Анатоль Паўлавiч з’явiўся на свет у в. Аколiца Клiчаўскага раёна ў рабоча-сялянскай сям’i (бацька адзiн час працаваў дарожным майстрам у Клiчаве) i змалку зведаў тое, што называецца агульна, але важка «цяжкiм маленствам» ды i «цяжкiм жыццём». Мала таго, што на юныя гады Анатоля Паўлавiча прыпала ваеннае лiхалецце i пасляваенныя няпростыя выпрабаваннi, дык яшчэ дадалася i новая бяда: у 1949-м не стала бацькi, i будучы пiсьменнiк з разам з iншымi пяццю дзецьмi застаўся на руках мацi-ўдавы i лёсу. Дзякуй Богу, асабiста я нарадзiўся неўзабаве пасля вайны, маладыя свае гады пражыў пры бацьках, але, выбачайце, ведаю, як выжыць сям’i, дзе шасцёра дзяцей. Кудравец выжыў, здолеў скончыць сямiгодку i, як раней цi пазней многiм нашым iнтэлiгентам, прадоўжыць вучобу ў педвучылiшчы, каб скарацiць шлях да сталай працы i зарабляння на кавалак хлеба. Панастаўнiчаў крыху, а пасля на тры гады — вайсковую форму на плечы, дзе да юнага пасталення дадалася хлапеча-мужчынская сталасць. Далейшыя шляхi-дарогi прывялi на журфак Белдзяржунiверсiтэта i заадно ў 1962-iм у «Калгасную праўду» (цяпер «Белорусская нива»), дзеля чаго прыйшлося спалучаць вучобу i працу. ...У 1972-м партызан, франтавiк, празаiк М. Ткачоў запрашае яго стаць галоўным рэдактарам доўгачаканага асобнага выдавецтва «Мастацкая лiтаратура»... З 1974-га Кудравец — у сектары мастацкай лiтаратуры ЦК КПБ. Асабiста я, грэшны, не ведаю дакораў пра тое, што Кудравец, працуючы там, учынiў штосьцi не толькi ганебнае, але i непрыемнае для пiсьменнiкаў i лiтаратуры. А тое, што ён, як i iншыя ў ЦК КПБ, рабiў неабходнае, высакароднае, пра гэта нямногiя ведаюць. Кудравец — не з тых, хто шмат расказвае i хвалiцца... Пасля, з 1978-га ён — працяглы час галоўны рэдактар рускамоўнага часопiса «Нёман». «Нёман» эпохi Кудраўца, а пазней i Алеся Жука — гэта незвычайна яркая старонка ў славянскай культуры па падтрымцы ў Беларусi рускамоўнай паэзii, прозы, публiцыстыкi i па перакладах на рускую мову гэтых i iншых жанраў высокамастацкай беларускай лiтаратуры. Апублiкаванае ў 1979-м у «Полымі» № 1 апавяданне «Iгнат Сцяпанавiч Вапшчэткi» так упадабалася, што мы, ягоныя старэйшыя i маладзейшыя калегi, пачалi называць яго Вабшчэткам. А той, Кудраўцоў, Вапшчэткi, празваны так за тое, што любiў ужываць вось такое простае, але мудрае слова, быў просты, сцiплы, змучаны жыццём чалавек, але якi не ўчынiў нiкому зла i мiжволi, спакваля сцвярджаў чалавечнасць... Дарэчы, назва гэтага слова пра Кудраўца не мая, так ён сiмвалiчна назваў першую кнiгу свайго выбранага. ... Карыстаючыся магчымасцю, дзякую Вам, шаноўны Анатоль Паўлавiч, што вы ўжо ў далёкiм 1974 годзе паспрыялi мне выдаць першую кнiгу прозы «Дажджы над вёскай» i рэкамендавалi ў Саюз пiсьменнiкаў, а пасля ўвесь час падтрымлiвалi ў розных сiтуацыях. Здароўя Вам, добрага настрою i далейшай Вашай, Кудраўцоўскай, нешматслоўнай у гутарцы i творчасцi выяве!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(Да 70-годдзя Анатоля Кудраўца)
|
|