Нашчадкi «вогненных вёсак»
Таццяна ПАДАЛЯК
Мiкалай Гiрыловiч. Вёска Дальва
Дальвiнец Мiкалай Пятровiч Гiрыловiч перакананы: Гасподзь пакiнуў яму жыццё — каб было каму расказаць пра ўчыненыя фашыстамi зверствы. Каб захаваць памяць аб трагедыi... 19 чэрвеня 1944 года фашысты знiшчылi вёску Дальва — зажыва спалiлi 44 яе жыхароў. Гэта была апошняя з 628 беларускiх «вогненных вёсак» Вялiкай Айчыннай вайны. А да вызвалення заставалiся лiчаныя днi... Пасля вайны на месцы спаленай вёскi жыццё так i не адрадзiлася. Але Дальва засталася — як вёска-помнiк. У 1973 годзе быў адкрыты мемарыял «Дальва». Знiшчаная, пахаваная вёска пачала сваё другое жыццё... * * * Там, сярод зажыва спаленых фашыстамi дальвiнцаў, павiнен быў быць i ён, падлетак Коля Гiрыловiч. Але... ён цудам застаўся жыць. Выпадкова. Неспадзявана... А мо i праўда Гасподзь пакiнуў жыццё гэтаму светламу чалавеку, каб было каму расказаць?.. «Дальва — сястра Хатынi» — так называецца кнiга Мiкалая Гiрыловiча. Ад Хатынi да Дальвы i сапраўды рукой падаць — у Лагойскiм (былым Плешчанiцкiм) раёне iх аддзяляюць усяго пару дзесяткаў кiламетраў. Зараз мемарыяльны комплекс «Дальва» — фiлiял Хатынскага мемарыяла-музея. Мемарыял у Дальве ўзводзiўся, што называецца, на грамадскiх пачатках — дзяржаўнага фiнансавання не было. ...Калi 30 чэрвеня 1969 года адкрывалi «Хатынь», Гiрыловiч прывёз дальвiнскую зямлю на Могiлкi Вёсак — тады i прыйшла iдэя ўвекавечыць памяць роднай вёскi. Iнiцыятыву Мiкалая Пятровiча падтрымалi камсамольцы Дзяржтэлерадыё, Акалоўская сярэдняя школа, многiя iншыя. Дальву будавала моладзь — пры падтрымцы ЦК камсамола Беларусi. Маладыя людзi, якiя ўжо не помнiлi вайну i якiя нарадзiлiся пасля Перамогi, збiралi сродкi, стваралi праект мемарыяла i працавалi на яго ўзвядзеннi. Школьнiкi, студэнты, працоўная моладзь, вайскоўцы... Аўтар мемарыяла ў Дальве, скульптар Уладзiмiр Церабун быў студэнтам тэатральна-мастацкага iнстытута... Велiчная постаць жанчыны-мацi, да якой даверлiва прыхiнуўся маленькi хлопчык. А за iх спiнамi — чорныя, нiбы абгарэлыя, бэлькi, якiя руйнавалi чалавечыя жыццi... Былая вясковая вулiца стала алеяй памяцi: 44 бярозкi — як напамiн пра загiнуўшых у страшным вогнiшчы. На месцы, дзе стаялi хаты, — своеасаблiвыя зрубы з цэменту. У Дальве было 12 хат, але сродкаў не хапала — паказана ўсяго пяць... * * * Гiрыловiча заўсёды цягне ў Дальву. Тут у агульнай магiле спяць яго самыя родныя людзi — мама i тата, дзядуля i тры малодшыя браты. — Мацi, мусiць, была цяжарная, так хацела нарадзiць дачушку — каб дапамога ёй была, — горка ўздыхае Мiкалай Пятровiч. — Нямецкi гарнiзон стаяў у Плешчанiцах, а праз 8 км, у Акалова, пачыналася партызанская зона — туды ўваходзiла i Дальва. З лютага 1942 года ў нас не было фашысцкай улады, не было палiцаяў — толькi карнiкi праходзiлi ў маi 43-га. Але тады не лютавалi... А ў 44-м была вялiкая карная экспедыцыя — немцы iшлi лiтаральна цэпам, нiчога не пакiдаючы на сваiм шляху. Ад партызан мы даведалiся пра гэта яшчэ ў маi, калi пачыналi сеяць... 1 чэрвеня падышла брыгада «Народныя мсцiўцы» — усе вяскоўцы накiравалiся ў лес, да зямлянак, там ужо былi i жыхары iншых вёсак. Партызаны праз пару дзён адступiлi. А дзесьцi праз тыдзень вельмi нiзка лятаў нямецкi самалёт-разведчык, нас убачыў... Фашысты пагналi нас у Жардзяжжа, дзе быў перасылачны пункт, там частку людзей пагрузiлi для адпраўкi ў Германiю, астатнiх пагналi перад сабой на Бягомль — правяралi, цi не замiнiравана шаша... Ноччу ўдалося збегчы з зачыненага хлява, сталi прабiрацца дадому. У Дальву прыйшлi ў пятнiцу, 16 чэрвеня... На досвiтку 19-га бацька павёў пасвiць каня, кiламетры за два ад вёскi. Мацi разбудзiла мяне, каб падмянiў бацьку. Сонца толькi ўзыходзiла, мы з мацi басанож iшлi па роснай траве, пакiдаючы прыкметныя сляды. Як зараз памятаю — бацька з мацi адыходзiлi ў Дальву, таксама пакiдаючы сляды на расе... Праз нейкi час пачуў выбух i аўтаматныя чэргi. Узяўся распутваць каня — ён быў спутаны жалезным путам, — але не атрымалася. Пабег у вёску без каня — гэта мяне i выратавала, iнакш бы я апынуўся ў Дальве ў той момант, калi немцы рабiлi сваю чорную справу... Я прыбег агародамi, праз жыта — дзверы ў хаце адчынены, лётае пух ад падушак, пабiтае шкло. А на стале лыжкi раскладзены... Выбег з хаты — нiкога навокал, толькi праз дым убачыў у канцы вёскi дзве крытыя машыны, мусiць, думаю, забралi людзей. Але не, мае землякi ўжо дагаралi... У маёй памяцi да гэтага часу жах таго страшнага чэрвеньскага дня, чорнага панядзелка, калi Дальва памiрала — памiрала пакутлiва, цяжка... Яшчэ i назаўтра, i на дзесяты дзень над папялiшчам стаяў густы цяжкi пах. Ветрам яго даносiла да блiзкiх i далёкiх вёсак. Не даваў дыхаць гэты пах смерцi i гора. Дзесяць дзён i начэй ляжалi пад адкрытым небам спаленыя дальвiнцы. Iшоў дождж, пякло сонца. Але не было каму хаваць... Не маглi жывыя адразу выканаць свой хрысцiянскi абавязак перад нябожчыкамi: акупанты адступалi на захад, аказваючы жорсткае супрацiўленне... Толькi 29 чэрвеня, у другой палове дня, паказалiся нашы танкi. У Дальву прыйшлi партызаны, сабралiся жыхары суседнiх вёсак, каб пахаваць дальвiнцаў... * * * З адкрыццём мемарыяла ў Дальве клопатаў у Мiкалая Гiрыловiча прыбавiлася. Яму хацелася яшчэ больш расказаць нашчадкам пра дальвiнцаў i пра тое, што тут адбывалася ў вайну. I ён крок за крокам ажыццяўляў задуманае. З дапамогаю добрых людзей... Невыпадкова рашэннем Беларускай рэспублiканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны ў 2002 годзе мемарыяльны комплекс «Дальва» Лагойскага раёна ўключаны ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублiкi Беларусь. Пастаянныя чытачы «Звязды» добра ведаюць, што адбывалася ў Дальве ў апошнiя гады. Устаноўлены камень з тэкстам — нiбыта спаленыя фашыстамi людзi просяць у нашчадкаў прабачэння, што не могуць гасцiнна сустрэць у вёсцы: Спалiў нас вораг чэрвеньскай парою — Дзядоў, жанчын, падлеткаў i дзяцей. Даруйце, людзi добрыя, за тое, Што не сустракаем вас як гасцей. Ствараецца музей. Устаноўлены i асвечаны праваслаўны крыж... Над мемарыялам «Дальва» шэфствуюць Савет ветэранаў i кiраўнiцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампанii, Мiнскае абласное аддзяленне Беларускага Фонду Мiра, БРСМ i моладзь Лагойшчыны, супрацоўнiкi Мiнiстэрства аховы здароўя... * * * Днямi Гiрыловiч зайшоў у рэдакцыю: — Хачу падзякаваць «Звяздзе» за шматгадовую iнфармацыйную падтрымку ўсiх нашых пачынанняў. З дапамогай найстарэйшай беларускай газеты робiцца вялiкая патрыятычная справа... Падзялiўся радасцю: на 2006 год запланавана рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу «Дальва». Па заказу Мiнiстэрства культуры Беларусi УП «Праектрэстаўрацыя» распрацавала праектна-каштарысную дакументацыю на капiтальны рамонт «Дальвы», ужо атрымана экспертнае заключэнне. Каардынатарамi гэтай важнай справы зацверджаны скульптар Уладзiмiр Церабун i галоўны архiтэктар Генадзь Босак. У ходзе рэканструкцыi прадугледжваецца добраўпарадкаваць, падправiць-падрамантаваць мемарыял, паказаць знiшчанае вясковае жыццё-побыт. Асноўная задача пры гэтым — захаваць галоўны прынцып: камернасць, цеплыня, трагiзм таго, што адбылося. Каб падобнае не паўтарылася нiдзе i нiколi... — Праз газету хацелася б выказаць шчырую ўдзячнасць Мiнiстэрству энергетыкi: праведзена асвятленне мемарыяльнага комплексу. I мiнiстэрству сувязi, дзякуючы намаганням якога ў музеi ў Дальве ўстаноўлены тэлефон. Я звярнуўся з просьбай аказаць садзейнiчанне i ўключыць у план рэканструкцыю дарогi з асфальтавым пакрыццём ад шашы Мiнск—Вiцебск да мемарыяльнага комплексу «Дальва», гэта 5 км. У кастрычнiку атрымаў адказ за подпiсам гендырэктара камунальнага унiтарнага прадпрыемства па праектаванню, рамонту i будаўнiцтву дарог «Мiнскаблдарбуд» В. Кармановiча — пачатак работ па ўладкаванню асфальтабетоннага пакрыцця аўтадарогi прадугледжваецца ў плане на 2006 год. Ёсць папярэдняя дамоўленасць з Рэспублiканскiм унiтарным прадпрыемствам «Белкартаграфiя» аб выпуску буклета «Дальва». Зараз распрацоўваецца экскурсiйная праграма. Соф’я Емяльянаўна Такарэўская, якая даглядае мемарыяльны комплекс, — таксама дальвiнка. З суседняй вёскi яна прыходзiць сюды на работу, але гэта для яе не работа. Прыходзiць як дадому — тут нарадзiлася, тут гадавалася... Засталася жывой, таму што ў чэрвенi 44-га з перасылачнага пункта ў Жардзяжжы яе вывезлi ў Германiю. Атрымлiваецца, пашанцавала... — Дзякуй Гiрыловiчу, калi б не ён — нiчога б тут не было, травой бы парасло, — гаварыла мне жанчына. — Соф’я Емяльянаўна, хто з вашых родных загiнуў у агнi? — Тры сястры, брат i мачаха... А бацька мой, Гунько Емяльян Пятровiч, працаваў на полi, застаўся... Пасля вызвалення яго прызначылi старшынёй калгаса, але ён не мог... У канцы 44-га пайшоў на фронт, загiнуў ва Усходняй Прусii... * * * Мiкалай Гiрыловiч шчыра падтрымаў акцыю газеты «Звязда» i Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» «Нашчадкi «вогненных вёсак». Ён узгадаў, што дзесьцi ў 70-х гадах людзi яго лёсу планавалi стварыць сваю асацыяцыю (ёсць жа ў нас, напрыклад, арганiзацыя дзяцей-блакаднiкаў). Але тады iдэя не ўвасобiлася ў справу. — Крыўдна i балюча ад таго, што ў некаторых краiнах спрабуюць рэабiлiтаваць фашызм. Мы, сведкi жудасных нямецка-фашысцкiх злачынстваў, не павiнны дапусцiць гэтага.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiкалай Гiрыловiч. Вёска Дальва
|
|