Пасля Чарнобыля. Пытаннi i адказы
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
(Працяг. Пачатак у нумарах за 21 — 24 лютага.)
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр Рыгоравiч ЦАЛКО. Вячаслаў Дзям’янавiч КАРПЕНКА, в. Цяжэрная Брагiнскага раёна: — У майго дзiцяцi з 1998 года хвароба, якая выклiкана наступствамi аварыi на Чарнобыльскай АЭС. Наша вёска мае права на адсяленне. У 1998 годзе Брагiнскi райвыканкам прыняў рашэнне хадайнiчаць перад Гомельскiм аблвыканкамам аб выдзяленнi мне жылля. Аднак пытанне не вырашана i дасюль — у аблвыканкаме мне сказалi, што дакументы згублены. Цi магу я прэтэндаваць на атрыманне жылля? Зараз жыву ў доме, агульная плошча якога складае 83 кв. метры, а жылая — усяго 32 «квадраты»... — Па-першае, наконт дакументаў. Яны ў афiцыйнай установе не маглi нейкiм чынам «згубiцца» — кожная папера рэгiструецца i кантралюецца ў канцылярыi. I, па-другое, у адпаведнасцi з заканадаўствам, ваша сям’я не мае права на адсяленне. У нарматыўных дакументах сказана, што ў тым выпадку, калi вёска не адсяляецца, то нiякiх дадатковых iльгот (за выключэннем атрымання жылля па месцы жыхарства) няма. Канешне, Брагiнскi райвыканкам можа прыняць рашэнне аб адпаведным будаўнiцтве, але яно павiнна будзе ажыццяўляцца толькi за сродкi мясцовага бюджэту. Да таго ж, падчас вызначэння тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў у разлiк бярэцца не жылая, а агульная плошча жылля (з разлiку па 15 квадратных метраў на чалавека). Такi парадак устаноўлены Жыллёвым кодэксам, якi дзейнiчае зараз. Расцiслаў Iгнатавiч РУБАК, г. Глыбокае: — У 1986 годзе ад сельгасхiмii працаваў на лiквiдацыi наступстваў аварыi на Чарнобыльскай АЭС у вёсцы Андрэеўка Буда-Кашалёўскага раёна. Пасля мне быў устаноўлены 20-ы артыкул. Апошнiм часам моцна хварэю. Як знайсцi выйсце з сiтуацыi? — У вашай сiтуацыi неабходна звярнуцца да медыкаў i паспрабаваць вызначыць, цi звязаны захворваннi з наступствамi аварыi на Чарнобыльскай АЭС. Са свайго боку мы таксама паспрабуем вывучыць праблему: звяжамся з Глыбоцкiм раённым тэрытарыяльным медыцынскiм аб’яднаннем i звернем увагу спецыялiстаў на вашу сiтуацыю, параiмся, якiм чынам можна вам дапамагчы. Тамара Васiльеўна ТАРАСЕНКА, в. Азярцо Мiнскага раёна: — Мае бацькi жылi ў вёсцы Губарэвiчы Хойнiцкага раёна. Тры гады таму iх вёску адсялiлi. Аднак мае бацькi своечасова не пераехалi. Цi маюць яны зараз права на атрыманне жылля? — У вашых бацькоў павiнна быць спецыяльнае эвакуацыйнае пасведчанне, дзе пазначана куды iх адсяляюць. Зыходзячы з гэтага, можна прасачыць, рэалiзавалi яны сваё права на атрыманне жылля цi не. Ва ўсякiм разе, вам варта звярнуцца ў аддзел прававой i сацыяльнай абароны Камчарнобыля. Вазьмiце ўсе неабходныя дакументы i прыходзьце, нашы спецыялiсты дакладна разбяруцца ў гэтай справе i падкажуць, якiм чынам дзейнiчаць. Марыя Мiкалаеўна ВАРАБЕЙ, Пастаўскi раён: — Мы перасяленцы. Дачцэ прызначаны 18-ы артыкул. Яе паставiлi на чаргу тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Пры гэтым папярэдзiлi, што кватэру яна атрымае толькi ў 2007—2008 гадах. Чаму такiя тэрмiны? — Ну, па-першае, Марыя Мiкалаеўна, усё залежыць ад заяўкi райвыканкама. Калi будзе заяўка на 2007 год, то налета ваша дачка i атрымае кватэру. Калi ж ёсць жаданне паскорыць вырашэнне жыллёвага пытання, то можна ўзяць спецыяльны крэдыт, якi выдае ў такiх выпадках «Беларусбанк». Так што варыянты ёсць, усё ў вашых руках. Святлана Сцяпанаўна ДАНЮК, в. Заспа Рэчыцкага раёна: — У 1986 годзе мы былi пераселены ў Рэчыцкi раён. Кажуць, што сёлета ў нашу вёску плануюць падвесцi прыродны газ. Аднак за яго падводку да дома перасяленцы павiнны плацiць на агульных падставах. Увогуле выходзiць каля 2 мiльёнаў рублёў. Наколькi гэта законна? — За дзяржаўныя сродкi адпаведныя работы па газiфiкацыi жылля выконваюцца толькi там, дзе гадавая доза апраменьвання перавышае 1 мiлiзiверт. На чыстых тэрыторыях жыхары за гэта разлiчваюцца за кошт уласных сродкаў. Так устаноўлена заканадаўствам. Мясцовая ўлада можа прыняць рашэнне i кампенсаваць выдаткi жыхароў, аднак рабiцца гэта будзе за сродкi раённага бюджэту. Канешне, 2 млн рублёў — вялiкая сума i далёка не кожны зможа яе выдаткаваць. Як варыянт — узяць крэдыт. На правядзенне газiфiкацыi выдзяляецца крэдыт тэрмiнам на дзесяць гадоў пад 3 працэнты гадавых. Адпаведны ўказ быў падпiсаны кiраўнiком дзяржавы 7 лютага гэтага года. Так што можаце скарыстацца магчымасцю i на выгадных умовах выкарыстаць крэдытныя сродкi. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Белару
|
|