Утаймавальнiкi вадыМЯСЦОВЫ ЧАС «Наша «фiрма» вельмi важная, бо без вады — i нi туды, i нi сюды», — часам даводзiцца чуць такiя словы з вуснаў работнiкаў раённага камунальнага унiтарнага прадпрыемства «Уздзенскi водаканал», якi з’яўляецца вытворчым падраздзяленнем раённага унiтарнага прадпрыемства «Уздзенская жыллёва-камунальная гаспадарка».— Удзень i ўначы, у святы i ў буднi яны забяспечваюць бесперабойную падачу вады ў дамы i кватэры жыхароў райцэнтра. Пад зямлёй пракладзены кiламетры водаправодных труб. На жаль, з часам яны старэюць i выходзяць са строю, тады патрэбен рамонт або замена. Па першаму выклiку на месца аварыi выедзе спецыяльная брыгада, якая лiквiдуе любую няспраўнасць, i не толькi ў райцэнтры. Па просьбе кiраўнiкоў гаспадарак цi старшынь сельвыканкамаў брыгада нярэдка наведваецца ў населеныя пункты раёна, аказвае дапамогу вяскоўцам, — расказвае дырэктар РУП «Уздзенская ЖКГ» Уладзiмiр Пiнчук. Праз некалькi дзён у гэтым я пераканаўся на справе, пабываўшы з iм у саўгасе «Гарадок». Непадалёк ад адмiнiстрацыйнага будынка гаспадаркi, на мяжы памiж вёскамi Войкава i Варацiшча заўважылi рамонтнiкаў брыгады аварыйна-выратавальных работ... Коўш экскаватара раз-пораз уразаўся ў прамёрзлы грунт, скiдваючы яго ў адну вялiкую кучу. Вось так дабралiся i да месца прарыву. Дарэчы, нельга не адзначыць бездакорную работу вопытнага машынiста экскаватара Анатоля Корзуна. Без яго не абыходзiцца бадай што нi адзiн рамонт водаправоднай сеткi. Практычнага вопыту Анатолю не пераймаць. Пры выпадку ў размове можа расказаць, што ў свой час некалькi гадоў працаваў машынiстам экскаватара на будаўнiцтве Байкала-Амурскай магiстралi. А тым часам у выкапаным катлаване пачалi работу слесар Яўген Казарын, зваршчыкi Уладзiмiр Шкурко i Сяргей Бушыла. Дапамагаў iм i вадзiцель рамонтна-тэхнiчнай машыны Сцяпан Шавель. Пiльна сачыла за ходам работ, давала парады i падбадзёрвала сваiх падначаленых начальнiк «Уздзенскага водаканала» Алена Гаўрылава. — Талковая жанчына. Працуе не так даўно на кiруючай пасадзе, а такi парадак навяла! Нiводны рабочы не прыйдзе на працу ў нецвярозым выглядзе, — гаворыць дырэктар камунгаса Уладзiмiр Пiнчук. У самы разгар рамонтна-аднаўленчых работ прыбылi дырэктар саўгаса «Гарадок» Юрый Пракацень i старшыня Камянкоўскага сельвыканкама Таццяна Пракацень, якiя ў ацэнцы работы рамонтнiкаў былi аднадушныя: — Водаправодныя сеткi дзейнiчаюць тут з 1964 года, па гэтай прычыне часта выходзяць са строю. Аднак, на жаль, для вырашэння гэтага пытання катастрафiчна не хапае грашовых сродкаў. На працягу зiмы адбылося 13 разрываў водаправоднай сеткi. У большасцi выпадкаў выручаюць нас менавiта работнiкi камунгаса, за што iм вялiкi дзякуй. Мiхаiл БУЛАТ, Уздзенскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Наша «фiрма» вельмi важная, бо без вады — i нi туды, i нi сюды», — часам даводзiцца чуць такiя словы з вуснаў работнiкаў раённага камунальнага унi
|
|