Адыходзяць вёскi ў нябыт?..
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
20 ГАДОЎ ПАСЛЯ Я добра памятаю вёску Халочча, якая ў маiм родным Чачэрскiм раёне была адным з буйных населеных пунктаў. Неаднойчы бываў тут, шмат разоў праязджаў праз яе. I дагэтуль успамiнаецца яна роўнымi, у зялёных прысадах, вулiцамi, невялiкiм, але звонкiм ручаём, якi прабягае па лагчыне, кучаравымi абрысамi лесу, што ўдалечынi ўзбягаў на пагорак, дабротнымi хатамi. Прыгожыя мясцiны. Прыгожыя працавiтыя людзi, многiя пакаленнi якiх жылi тут з дзевятнаццатага стагоддзя, шчыравалi на зямлi.Сёння вёскi няма. Яна адышла ў нябыт i жыве толькi ў пiсьмовых крынiцах ды памяцi тых яе жыхароў, якiх чарнобыльская катастрофа параскiдала па розных рэгiёнах краiны. — Халочча, — расказве галоўны iнжынер Рэспублiканскага спецыялiзаванага унiтарнага прадпрыемства па дэзактывацыi i пахаванню радыеактыўных адходаў «Палессе» Генадзь Якiмчанка, — была першым населеным пунктам Гомельшчыны, якi мы пахавалi. Вёска знаходзiлася на ажыўленай аўтамагiстралi мiжнароднага значэння Адэса—Ленiнград i была вельмi моцна забруджана радыяцыйнымi выкiдамi. У вынiку людзей перасялялi ў некалькi этапаў у розныя месцы рэспублiкi, пасля чаго наша прадпрыемства ў 1993 годзе прынялося тут за сваю работу, таксама ў некалькi этапаў. У чым яна заключалася? Знесцi з твару зямлi ўсе будынкi, а гэта ж многiя дзесяткi дамоў, надворных пабудоў, аўтастанцыя, магазiн, сталовая, Дом культуры, склады, жывёлагадоўчыя фермы, кантора калгаса, пошта, школа i г.д. Усё гэта — у зямлю. Тут жа, на месцы. Хавалi гэтыя збудаваннi, нiбы блiзкага чалавека. I хоць з таго моманту прайшло шмат часу, да падобных пахаванняў вельмi цяжка прывыкаць. — I многа iх было? — I было, i ёсць. Наша прадпрыемства было створана ў канцы 1990 года i першапачаткова займалася пераддэзактывацыйным абследаваннем аб’ектаў, дэзактывацыяй прамысловага абсталявання ў Гомелi, тэрыторый дзiцячых садкоў, школ, палiклiнiк. Да пачатку сёлетняга года стараннямi работнiкаў «Палесся» радыяцыя была лiквiдавана з 750 вентыляцыйных i кампрэсарных установак, каларыфераў i iншых станкоў i механiзмаў 29 суб’ектаў гаспадарання. Плошча гэтага абсталявання нi многа нi мала — 158 тысяч квадратных метраў. За названы час мы правялi дэзактывацыю адкрытых тэрыторый у 225 населеных пунктах па плошчы 60,3 гектара. Адным з асноўных напрамкаў работы прадпрыемства з’яўляецца абслугоўванне пунктаў пахавання адходаў дэзактывацыi, якiх на Гомельшчыне налiчваецца 82. Гэта, прасцей кажучы, магiльнiкi, што размяшчаюцца ў спецыяльна адведзеных месцах. Там, дзе не павiнна ступаць нага чалавека. На дванаццацi з iх пабудаваны свiдравiны для проб вады на ўтрыманне небяспечных радыяцыйных элементаў. Што ж датычыцца пахавання будынкаў, збудаванняў на адселеных тэрыторыях i тэрыторыях, якiя адносiлiся цi адносяцца зараз да зоны наступнага адсялення, дык тут наступны малюнак: у 104 пасёлках i вёсках разбурана, вывезена i пахавана 4518 падворкаў i рэшткаў ад iх. Сюды ж адносяцца i такiя капiтальныя збудаваннi, як жывёлагадоўчыя фермы, Дамы культуры, школы i да т.п. Характэрна, што калi трэба знесцi нейкае збудаванне ў населеным пункце, дзе жывуць людзi, дык матэрыялы яго (якiя падпадаюць пад катэгорыю чыста ўмоўных) вывозяцца адтуль у спецыяльна выкапаныя катлаваны, каб яны ўжо не ўяўлялi небяспеку для чалавека, а забруджаныя матэрыялы — у магiльнiкi. Катлаваны ўяўляюць сабой iнжынерныя канструкцыi — «чашы», глыбiня якiх у залежнасцi ад грунтавых вод складае тры—чатыры метры. Глiняны слой на дне стварае абарону пранiкнення шкодных элементаў у водную сiстэму. Вядома, што на гэтыя работы, як i на пахаванне розных збудаваняў на месцы iх былога знаходжання ў аддаленых вёсках i пасёлках, распрацоўваецца адпаведная праектна-каштарысная дакументацыя, вызначаюцца пэўныя нарматывы i г.д. Усё робiцца на навуковай аснове, i калi я спытаў, на колькi часу хопiць работы калектыву «Палесся», Генадзь Мiкалаевiч адказаў коратка: надоўга. Бо занадта ўжо вялiкiя аб’ёмы, а выкананне тых работ, вядома ж, залежыць ад фiнансавання. Хоць кожны год яно паляпшаецца, аднак хацелася б, каб яно было большым. Ды i значны працэнт тэхнiкi, што працуе ў экстрэмальных умовах, ужо выпрацавала свой рэсурс. Прадпрыемству за ўвесь гэты час давялося працаваць ва ўсiх раёнах Гомельшчыны, акрамя хiба што Акцябрскага, Светлагорскага i Петрыкаўскага. I зроблена, як было ўжо сказана, нямала. А што сёння? Тое ж самае: работы працягваюцца. Вось, напрыклад, вёска Косаль Кармянскага раёна, як кажуць, — пераходны аб’ект мiнулага года. Тут неабходна сёлета пахаваць тры жывёлагадоўчыя фермы, 82 падворкi з iхнiмi рэшткамi (агароджамi, хлявамi, iншымi прыбудовамi). I людзi з брыгады Аляксандра Шаталава адмыслова робяць сваю вельмi патрэбную справу. У катлаван зграбаюцца бярвёны разбураных дамоў (аднаго цi некалькiх), розны друз з падворкаў, i на месцы ранейшага жылля з’яўляецца невялiкi ўзгорачак, так званая земляная «шапка» паўметровай вышынi. Праз гадоў дваццаць у катлаване ўсё згнiе-спарахнее, i паверхня стане роўнай. Была вёска — няма вёскi... У гэтым жа раёне трэба будзе ажыццявiць трэцi этап работ у вёсцы Струмень, якая даўно адселена. Тут у 2004 i 2005 гадах вялiкая частка збудаванняў i хат была пакладзена ў «труну», а сёлета такi ж лёс напаткае яшчэ сорак падворкаў. Найбольшае ж напружанне назiралася гэтымi днямi ў Брагiне, дзе работы вядуцца на працягу некалькiх гадоў i дзе, акрамя «Палесся», на добраўпарадкаваннi райцэнтра, згодна з адпаведным рашэннем Гомелськага аблвыканкама, задзейнiчаны iншыя службы. У планах прадпрыемства на сёлетнi год — работы ў Веткаўскiм, Нараўлянскiм, Хойнiцкiм i Чачэрскiм раёнах як па пахаванню розных збудаванняў, так i па дэзактывацыi адкрытых пляцовак i тэрыторый суб’ектаў гаспадарання. На ўсё гэта грашовых сродкаў адпушчана больш, чым летась — 3 мiльярды 410 мiльёнаў рублёў, у тым лiку 400 мiльёнаў — на набыццё новай тэхнiкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Я добра памятаю вёску Халочча, якая ў маiм родным Чачэрскiм раёне была адным з буйных населеных пунктаў
|
|