Маеш уладу — адчувай адказнасць
Барыс ПРАКОПЧЫК
Як саветы дэпутатаў узаемадзейнiчаюць з органамi тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання дзеля паляпшэння ўмоў жыцця вяскоўцаў? Азнаёмiцца з цiкавым вопытам у гэтым накiрунку, абмеркаваць шляхi вырашэння iснуючых праблем — такой была мэта рэспублiканскага семiнара, якi адбыўся на Гродзеншчыне з удзелам старшынi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Генадзя Навiцкага, старшынi Гродзенскага аблвыканкама Уладзiмiра Саўчанкi, членаў Савета Рэспублiкi, кiраўнiкоў абласных, шэрагу гарадскiх i раённых саветаў дэпутатаў.
У Ваўкавыскiм раёне — сучасныя аўтамагазiны Гэтыя гандлёвыя кропкi на колах адпавядаюць самым сучасным патрабаванням i па зручнасцi, i па санiтарных правiлах: абсталяваны вiтрынай з поўнай выкладкай тавараў, кантэйнерамi, iзатэрмiчнымi скрынямi для прадукцыi, якая хутка псуецца, халадзiльнiкам, а ў зiмовы перыяд — абагравальнiкам. Вось так не на словах, а на справе паляпшаецца якасць абслугоўвання вяскоўцаў, павялiчваецца асартымент тавараў для продажу. Паводле слоў старшынi Ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў Святланы Прадко, гэтаму i iншым крокам па паляпшэнню гандлёвага абслугоўвання на вёсцы папярэднiчаў раённы семiнар, у падрыхтоўцы якога ўдзельнiчаў сельскi актыў — дэпутаты i старасты. Правялi анкетаванне мясцовых жыхароў наконт работы магазiнаў i аўталавак, сельскiя сходы. Затым iснуючыя праблемы абмеркавалi на семiнары, пасля чаго кiраўнiцтвам райспажыўтаварыства былi прыняты канкрэтныя рашэннi — па набыццю аўтамагазiнаў, капiтальнаму рамонту шэрагу гандлёвых кропак, укараненню ў некаторых сельскiх крамах метаду самаабслугоўвання ... У кожным сельскiм i пасялковым Савеце раёна пры актыўным удзеле старастаў створаны дамы сацыяльных паслуг, клубы ветэранаў. Летась адчынены фiлiял тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання з пральняй, рамонтам адзення, цырульняй, закуплена тэхнiка для аказання дапамогi ў апрацоўцы глебы, пры цэнтры працуе сацыяльнае таксi. А ўвогуле пенсiянерам аказваецца больш за 80 вiдаў розных паслуг. Сёлета ў двух карпусах былога санаторыя «Рось» адчынена аддзяленне на 40 месцаў для кругласутачнага знаходжання пажылых i iнвалiдаў, якiм патрабуецца больш увагi, чым яны атрымлiваюць падчас вiзiту сацыяльнага работнiка дадому. А на базе Падароскага сельскага Савета будзе апрабавана гасразлiковае механiзаванае звяно па аказанню дапамогi людзям на прысядзiбных участках. Штоквартальна ў Ваўкавыскiм раёне праводзяцца днi саветаў. Загадзя ствараецца штаб з лiку кiраўнiкоў, чые структурныя падраздзяленнi на гэтай тэрыторыi трэба прывесцi ў належны стан — з наступнай справаздачай аб зробленым перад актывам сельскага Савета i кiраўнiцтвам раёна. Вартым пераймання можа быць i такi вопыт. Раённы Савет дэпутатаў па ўзгадненню са старшынёй райвыканкама Мiхаiлам Савельевым укараняе сiстэму ацэнкi ўзаемадзеяння раённых службаў з органамi ўлады нiзавога звяна. Па вынiках года кожнай службе, а iх 25, старшынёй сельскага, пасялковага Савета выстаўляецца ацэнка па дзесяцiбальнай сiстэме. Сумарныя вынiкi па ўсiх тэрыторыях аналiзуюцца i даводзяцца да ведама ўсiх раённых службаў, каб бачылi, хто i дзе недапрацоўвае. Але ў той жа час узрастаюць i патрабаваннi да кiраўнiкоў мясцовых саветаў. Раённы Савет дэпутатаў улiчвае праведзеныя сельскiмi i пасялковымi саветамi мерапрыемствы прыкладна па 20 пазiцыях — добраўпарадкаванне могiлак, устаноўка кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў, рамонт калодзежаў, устаноўка i замена агароджаў, спiлоўванне аварыйных дрэў, асвятленне населеных пунктаў... А цяпер — пра кветкi. Пазалетась Ваўкавыск выконваў ганаровую мiсiю сталiцы рэспублiканскiх «Дажынак» i, як заўсёды бывае пры падрыхтоўцы да гэтага свята, папрыгажэў, стаў сапраўдным еўрапейскiм горадам. Але адна справа — навесцi парадак да нейкага мерапрыемства, а iншая — зрабiць парадак нормай кожнага дня, каб не па прымусу было, а ад душы. Вось чаму сёлетнi год у Ваўкавыскiм раёне аб’яўлены годам кветак. Дзеля таго, каб яны радавалi вока i ў горадзе, i на сельскiх падворках. Для лепшых гаспадароў, дарэчы, прадугледжаны прызы. Вясковыя аўтарытэты Удзельнiкi семiнару завiталi ў госцi да старасты вёскi Вялiкiя Эйсманты з суседняга Бераставiцкага раёна Станiслава Ядкоўскага. Кожны квадратны метр гэтай сядзiбы, якой прысвоена званне «Дом узорнага парадку» — быццам твор душы яе гаспадароў. Гледзячы на iх, i iншыя вяскоўцы задумваюцца над тым, што ля хаты. Канешне, не пустазелле, а кветкi. Бераставiцкi раён, дарэчы, быў першапраходцам у справе стварэння iнстытута старастаў вёсак. Цяпер у раёне iх 113, а ў цэлым на Гродзеншчыне — больш за 2 тысячы чалавек. Як правiла, гэта сапраўдныя вясковыя аўтарытэты. Менавiта да Марыi Сарасек з вёскi Iгнатовiчы, Мiхаiла Барады з вёскi Галынка, Вiктара Леваненi з вёскi Кашанцы, Марыi Коўшык з вёскi Ярмолiчы, Станiславы Матукевiч з вёскi Вiшнеўка i многiх iншых старастаў Бераставiччыны людзi звяртаюцца з самымi надзённымi пытаннямi. У Карэлiцкiм раёне старасты непасрэдна ўдзельнiчаюць у разглядзе пiсьмовых скаргаў. Спiс усiх старастаў з iх тэлефонамi ёсць у старшынi райвыканкама, яго намеснiкаў i iншых кiраўнiкоў. У сваю чаргу, спiс усiх раённых службаў з даведачным матэрыялам маюць старасты вёсак. Работнiкi абласных i рэспублiканскiх дзяржаўных органаў, якiя праводзяць у раёне прыём грамадзян, здзiўляюцца: «Чаму так мала людзей да нас звяртаецца?» — Адказ вельмi просты: мы самi iдзём да людзей, iмкнёмся заваяваць iх давер, — зазначае старшыня Карэлiцкага раённага Савета дэпутатаў Лiдзiя Нагорная. Вяскоўцы i мясцовая ўлада рэгулярна твар у твар сустракаюцца на сельскiх сходах. Пры гэтым у поле зроку абавязкова трапляюць аддаленыя вёскi, дзе адсутнiчаюць аддзяленнi службаў жыццезабеспячэння. Падрыхтоўка да сходу вядзецца некалькi месяцаў. Гэта час, якi патрабуецца для вырашэння тых цi iншых праблем адпаведнымi службамi — прадстаўнiкамi раённага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii, РАУС, аддзела па надзвычайных сiтуацыях, iнспекцыi прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя, якiя выязджаюць у вёскi i робяць лiтаральна падворны абход. Некаторыя пытаннi вырашаюцца адразу ж, больш складаныя выносяцца на разгляд з удзелам грамадскасцi населенага пункта. Па сутнасцi адбываецца справаздача раённых службаў перад самым вялiкiм сходам — вяскоўцамi. Сход звычайна пачынаецца з таго, што прадстаўнiкi ўлады i службаў раёна знаёмяцца з пашпартам вёскi, наведваюць сацыяльныя аб’екты. А затым вядзецца размова пра парадак у населеных пунктах i на могiлках, бяспеку жыцця людзей, асаблiва адзiнокiх састарэлых, п’янства i продаж спiртных напояў на даму, аб праблеме так званых цяжкiх сем’яў. Такая зладжаная праца — як кажуць, усёй талакой — прыносiць плён: скарачаецца колькасць пажараў, злачынстваў, учыненых непаўналетнiмi, больш актыўна раскрываюцца факты гандлю спiртным на даму, паступова становяцца нормай чысцiня i парадак. Як падкрэслiў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзiмiр Саўчанка, вырашаючы праблемы людзей, трэба iсцi ад жыцця, ад iснуючых рэалiй. А яны ў тым, што сельскiя i пасялковыя саветы i надалей павiнны цесна каардынаваць сваю работу не толькi з раённай, абласной уладай, але i з кiраўнiцтвам сельгаспрадпрыемстваў, якiя размешчаны на iх тэрыторыi. Як менавiта трэба гэта рабiць, маглi на свае вочы пераканацца ўдзельнiкi семiнару, пабываўшы ў аграгарадках Вялiкiя Эйсманты Бераставiцкага раёна i Мажэйкава на Лiдчыне.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як саветы дэпутатаў узаемадзейнiчаюць з органамi тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання дзеля паляпшэння ўмоў жыцця вяскоўцаў?
|
|