Гарадскiм камарам не даспадобы пах чорнай бузiны
Вольга ШАЎКО
Кожнае лета жыхары гарадскiх кватэр пакутуюць ад нашэсця надзвычай надакучлiвых гасцей — дробных камароў. Гэтыя насякомыя не толькi раздражняюць сваiм начным пiскам, балюча кусаюцца i прымушаюць бясконца чухацца — яны яшчэ могуць быць прычынай алергiчных рэакцый у людзей, схiльных да гэтага. Гэты год не выключэнне. Больш падрабязна аб гэтых крывасмоках нам расказала энтамолаг Рэспублiканскага цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Святлана ЯШКОВА:
— Гэтыя камары адносяцца да так званага роду кулекс. Яшчэ iх называюць гарадскiмi камарамi, бо месцам свайго жыхарства яны выбiраюць вялiкiя гарады. Кулексы вельмi надакучлiвыя насякомыя, рудога адцення. I хоць яны не малярыйныя, усё ж з’яўляюцца пераносчыкамi шэрагу iншых iнфекцыйных паразiтарных захворванняў — такiх, як сiбiрская язва, бруцылёз, фiлярытоз, лiхаманка КУ. Крывасмокi могуць пладзiцца ў процiпажарных бочках, дробных лужынах, канавах, ямах. А з надыходам халадоў большасць з iх гiне, але частка прабiраецца ў памяшканнi, дзе цёпла i вiльготна. З падвалаў па вентыляцыйных шахтах камары трапляюць у кватэры. Яны дабiраюцца нават да восьмага-дзевятага паверхаў. Летам насякомыя могуць разлятацца i ў iншыя дамы, знаходзячы сабе новыя месцы выпладу — не толькi падвалы, але i вадаёмы на адлегласцi ад 1,5 да 2 кiламетраў. I там зноў адбываецца развiццё кулексаў. Дамы, дзе выяўлены выплад, стаяць на ўлiку на працягу аднаго года. I здымаюцца з яго толькi тады, калi там праведзена дэзiнфекцыя, няма вады i камароў. Можа быць праведзена i паўторная апрацоўка. У рэспублiцы ёсць пабудовы, у тым лiку i ў Мiнску, у якiх на працягу некалькiх гадоў пладзяцца крывасмокi. Але, канешне, выяўленне выпладу залежыць не толькi ад работы энтамолагаў. Вельмi важна, дзе i як пабудаваны дом. Спецыялiсты эпiдэмiялагiчнай службы ўдзельнiчаюць у санiтарным наглядзе пры будаўнiцтве жылля. Перад узвядзеннем дома i выбарам зямельнага ўчастка абавязкова кантралюецца, наколькi глыбока залягаюць грунтавыя воды. Найбольш спрыяльнай для забудовы лiчыцца тэрыторыя, дзе грунтавыя воды залягаюць на тры i больш метраў ад паверхнi. — Што могуць процiпаставiць самi гараджане «атакам» кулексаў? — Варта закрыць сеткай форткi, нацягнуць дробнаячэiстую сетку на вентыляцыйныя шахты, асаблiва калi адбываецца выплад. Летам трэба прымяняць розныя рэпiленты, адпужвальныя рэчывы, электрафумiгатары з пласцiнкамi фумiтокс. Падвалы павiнны быць асветленыя, у iх не павiнна знаходзiцца смецце, нечыстоты. Варта адпампаваць ваду з падвала, высушыць памяшканне, правесцi дэзiнфекцыю. Падвал заўсёды трэба трымаць зачыненым. Акрамя таго ўваходныя дзверы павiнны шчыльна прылягаць да касякоў, вентыляцыйныя адсекi неабходна абаранiць здымнымi рашоткамi, а вокны зашклiць. I яшчэ варта лiквiдаваць блiжэйшыя дажджавыя лужыны, ямы з вадой. Бо там, дзе вада, там i камары. А вось якiя раслiнныя сродкi супраць крывасмокаў прапануе народная медыцына: Каранi пырнiку тройчы ўскiпяцiць у 1,5 л вады. Гэтым адварам працiраць скуру. На падваконнi можна раскласцi вату, намочаную ў масле гваздзiка, эўкалiпта, анiсу. Калi няма алергii, масла можна нанесцi на скуру. Вазоны з клешчавiнай варта паставiць у кожным пакоi. Некалькi разоў на месяц працiрайце вокны i дзверы лаўровым маслам. Зусiм не даспадобы камарам пах чорнай бузiны i зялёнага таматнага бацвiння.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш падрабязна аб гэтых крывасмоках нам расказала энтамолаг Рэспублiканскага цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Святлана ЯШКОВА
|
|