Знiк мабiльнiк — спяшайся ў мiлiцыю
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Калi пацiкавiцца, што ў нас найбольш прадаецца «з рук», то выявiцца, што сотавыя тэлефоны тут на першым месцы. У гэтым плане яны па-за канкурэнцыяй. «Siemens», «Nokia», «Samsung» i iншыя прадаюцца ад 30 долараў ЗША i вышэй. Многае тут залежыць ад «наваротаў» i года выпуску.
Але гэта толькi адзiн бок медаля, а калi глянуць на другi, то ўбачым, што з мабiльнiкамi i ў мiлiцыi многа клопату. Па колькасцi пададзеных заяў (укралi, прапаў) — сотавыя тэлефоны лiдзiруюць. За мiнулы год у Баранавiцкi ГАУС звярнулiся 382 асобы з заявамi аб знiкненнi мабiльнiкаў. Палову з iх удалося вярнуць гаспадарам, што сведчыць аб даволi высокiм вынiку. Ёсць пэўная праблема, якая не дазваляе падняць гэты працэнт значна вышэй, але пра гэта нiжэй. Крадуць мабiльнiкi найперш у тых, хто дазваляе гэта зрабiць — дапускае памылку пры выкарыстаннi тэлефона цi неахайна носiць яго. А найчасцей застаюцца без мабiльнiка ў кампанii, калi за чаркай на тэлефон не звяртаюць увагi. Мабiльнiк ляжыць без нагляду на стале, пераходзiць з рук у рукi i затым даволi цяжка выявiць, куды ён падзеўся. Можна застацца без тэлефона на рынку, у аўтобусе — у месцах, дзе збiраецца многа людзей. Здараецца, што мабiльнiк зрываюць са шнурка, калi ён вiсiць на шыi. Насiлля ў такiм выпадку няма, i пакаранне для злодзея будзе меншым, чым пры разбойным нападзе. Ды i калi ў вас папрасiлi тэлефон, каб пазванiць, неабходна ведаць, каму даваць, iнакш — паспрабуй яго дагнаць потым. Украдзены тэлефон злодзей даволi часта стараецца перапрадаць па больш нiзкай цане, спадзеючыся, што такiм чынам мабiльнiк немагчыма будзе знайсцi. — Галоўнае, зрабiць заяву ў мiлiцыю, але неабходна даць праўдзiвае паказанне. Здараецца, што чалавек тэлефон згубiць, а заяўляе, што ўкралi. Магчыма, ён сам не ведае, як на самай справе было, але ў любым выпадку — гэта лжывы данос, за якi можна атрымаць суровае пакаранне, — сказаў старшы следчы Баранавiцкага ГАУС Дзянiс Аляксееў. Дарэчы, у аддзеле працуе чалавек, якi займаецца толькi сотавымi тэлефонамi. I тут самае важнае, што павiнен ведаць кожны, хто застаўся без тэлефона (i не важна, згубiў яго чалавек цi мабiльнiк выкралi), — адразу ж заявiць у мiлiцыю. I калi ваш сотавiк падасць голас у межах Беларусi, то яго тут жа «засякуць» i не мае нiякага значэння, колькi разоў ён перапрадаваўся. У адным з бараў сядзела трое (справа перадаецца ў суд, таму прозвiшчы апушчаны). Тэлефон ляжаў на стале побач з закускай i выпiўкай. Калi гаспадар мабiльнiка адышоў, тэлефон прапаў. Пацярпеўшы звярнуўся ў мiлiцыю, а злодзей, дарэчы, сябра гаспадара тэлефона, на другi дзень мабiльнiк прадаў. Затым тэлефон яшчэ некалькi разоў мяняў гаспадароў. Прозвiшчы чатырох чалавек, як i даты, калi яны карысталiся тэлефонам, былi зафiксаваны, i хоць мянялася sim-карта ў мабiльнiку, увесь ланцужок тых, хто карыстаўся тэлефонам, быў выяўлены. I час тут таксама не адыгрывае нiякай ролi. У Баранавiчах, разам з iншымi рэчамi, быў украдзены i мабiльнiк. Адбылося гэта ў 2003 годзе. I як толькi ў 2005 годзе тэлефон «загаварыў» у Iвацэвiчах, яго тут жа «засеклi». А калi так, то чаму злачынствы, звязаныя з мабiльнiкамi, не раскрываюцца на сто працэнтаў? Справа ў тым, што пэўная колькасць тэлефонаў вывозiцца за межы Беларусi, а там ужо знайсцi iх няма магчымасцi. Многа мабiльнiкаў iдзе i на запчасткi. Часта iх менавiта для гэтай мэты i скупляюць. Хачу адзначыць, што ў ланцужку «купiў-прадаў» страты нясе апошнi, хто набыў мабiльнiк, бо тэлефон у яго забiраецца — хоць чалавек i невiнаваты. У гэтым выпадку пацярпеўшы павiнен будзе звярнуцца ў суд, дзе паставяць усе кропкi над «i». А адказваць давядзецца таму, хто тэлефон украў. Вось чаму вельмi важна — тэлефон украдзены цi згублены. «З рук» тэлефон купляць не забараняецца, але пакупнiк павiнен пацiкавiцца: цi ёсць на мабiльнiк дакументы. Добра, калi вы маеце справу са знаёмым, i ў выпадку канфлiктнай сiтуацыi вам не давядзецца ўздыхаць i чухаць патылiцу. У некаторых краiнах барацьбу з украдзенымi мабiльнiкамi вядуць даволi проста i эфектыўна. Ад аператара на тэлефон кожныя 30 сек. паступае сiгнал. Уладальнiк мабiльнiка ўключае яго i чуе: «У вас крадзены тэлефон». Зразумела, што карыстацца такiм апаратам становiцца немагчыма. I ў нас многае залежыць ад аператараў, але «МТС» i «Velcom» — фiрмы канкурыруючыя, i iх дзеяннi часта не ўзгоднены памiж iмi. А найлепш будзе купiць тэлефон у салоне сотавай сувязi. Няхай гэта i даражэй, але затое з гарантыяй i намнога спакайней.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi пацiкавiцца, што ў нас найбольш прадаецца «з рук», то выявiцца, што сотавыя тэлефоны тут на першым месцы
|
|