21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Дзiця любой цаной

25.08.2009 21:55 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Марыя СЕРАФIМАВА

Далікатная тэма

Выдатна, што наша дзяржава сёння падтрымлiвае жанчын, якiя нараджаюць дзяцей. Але калi пайсцi далей у накiрунку шанавання мацярынства, варта было б паставiць сабiральны помнiк жанчынам, якiя нараджаюць дзяцей дзякуючы метаду ЭКА. Таму што пакуты, праз якiя праходзяць яны, каб ажыццявiць галоўную мару свайго жыцця, цяжка ўявiць, калi сам iх не зведаў. Калi пiшуць i абмяркоўваюць гэтую тэму, то звычайна тлумачаць сэнс самога метада, якi для многiх з’яўляецца выратаваннем i хiба не адзiнай надзеяй стаць бацькамi.

Але наўрад цi хтосьцi скажа, колькi болю, слёз, колькi страт давядзецца пацярпець на гэтым шляху. Незалежна ад таго, у якiм з цэнтраў рабiць гэтую працэдуру. Iх у Беларусi ўжо некалькi — прыватных. Ходзяць размовы пра дзяржаўны. Больш цэнтраў — больш i станоўчых вынiкаў. Iншая справа, што наўрад цi гэта стануць рабiць бясплатна: дарагiя лекi, якiя выкарыстоўваюцца падчас лячэння. Прычым нiякiя сучасныя лекi i самыя вопытныя ўрачы не гарантуюць таго, што ўсё адразу i проста атрымаецца. I што атрымаецца ўвогуле.

— ...Я прайшла праз многiх урачоў i задавала ўсiм адно пытанне: скажыце, што ў мяне не так? — дзялiлася сваёй бядой чарнявая жанчына, якая сядзела ў чарзе, каб падпiсаць дагавор з адным са сталiчных цэнтраў на працэдуру ЭКА. — Усе пацiскалi плячыма, прызначаючы яшчэ нейкае даследаванне, а потым казалi, што мы з мужам цалкам здаровыя людзi. Можна было б пачакаць яшчэ, але час iдзе, нам ужо за трыццаць. Цётухна-ўрач параiла не губляць час, ехаць рабiць ЭКА.

— Я сваiм здароўем займаюся ўжо 12 гадоў, — падтрымала размову дагледжаная бландзiнка. — За гэты час не аднаго мужа памяняла, а дзяцей так i не нажыла. Некалькi аперацый перанесла. ЭКА рабiла не адзiн раз — пакуль безвынiкова. Цяпер рыхтуюся праходзiць увесь курс па новай.

— I я другi раз на стымуляцыi, — прарваўся боль немаладой, сцiпла апранутай жанчыны. — На першую спробу афармляла крэдыт, дык яшчэ за яго не разлiчылася, як ужо ў другi крэдыт улезлi. З даўгамi разлiчвацца трэба, а тут яшчэ здароўе стала непакоiць. Зноў лекi, грошы, зноў час, патрачаны на чаканне... Мая мацi кажа, што гэты раз яшчэ перажывём, а калi не атрымаецца, то больш нiякiх спроб яна не дазволiць мне рабiць.

— А што, гэта балюча? — пацiкавiлася чарнявая.

Дзве другiя пацiснулi плячыма: «Як каму...». Пра што тут трэба было расказаць? Пра надзеi, з якiмi ты гатовы прымаць хоць якiя лекi, цярпець любыя аперацыi? Цi пра хвалю любовi, якая накатвае ўжо ў першыя хвiлiны, калi ўсведамляеш, што твае малышы ўжо жывуць? Цi пра бездань адчаю, калi потым iдзеш на УГД, каб iх убачыць... а iх там няма. Цi калi адбыўся цуд i прыжылося ў лоне тваё дзiця, але ў нейкi момант штосьцi абарвалася i яго не стала... Як вы думаеце, гэта балюча?

Напэўна, не адна жанчына, перажыўшы радасць такой надзеi i боль такой страты, гаварыла сабе: больш не буду выпрабоўваць лёс. Але, адышоўшы ад дэпрэсii, адплакаўшы, думала пра тое, што трэба ўсё-такi паўтарыць. Таму што прага жыцця непераможная. Яна жыве ў нас нават тады, калi ўсiх гэтых выпрабаванняў не вытрымлiвае ўласны арганiзм i дае нейкi непрадказальны збой. Усё-такi шмат гарманальных прэпаратаў даводзiцца пераварыць падчас лячэння, некалькi ўмяшанняў перанесцi. Урачы запэўнiваюць, што некалькi курсаў жаночы арганiзм можа перанесцi i потым аднавiцца. Але калi ты падпiсваеш усе неабходныя паперы, даючы сваю згоду на ўсё, то пра гэта ўвогуле не думаеш. Думаеш толькi пра тое, што жыццё працягваецца i гэты працяг залежыць толькi ад цябе самой.

Яшчэ падчас падрыхтоўкi мяне папярэдзiлi: ёсць статыстыка эфектыўнасцi метаду ЭКА для майго ўзросту. Яна значна нiжэйшая, чым для больш маладых жанчын. Значыць, усяго год таму мае шанцы маглi б быць вышэйшыя ў разы. I чаго мы так доўга чакалi?.. Ды мы, здаецца, i не чакалi, а рабiлi ўсё, што ад нас залежыць. Рабiлi аперацыi, пiлi лекi, траўкi. Бясконца праходзiлi нейкiя абследаваннi — а гэта ўсё час, да таго ж i немалыя грошы, якiя не так хутка аднаўляюцца ў сямейным бюджэце.

Урач усё разумее — такiх жанчын не так мала. А з iншага боку, я бачу, колькi прыходзiць у цэнтр зусiм маладых дзяўчат, якiя ў свае гады ўжо спадзяюцца на ЭКА. Пра штосьцi гэта гаворыць. Напэўна, не толькi пра тое, што яны больш сучасныя, прагматычныя i спяшаюцца вырашыць свае праблемы радыкальнымi сродкамi як мага хутчэй. Напэўна, здаровых людзей становiцца менш, таму i гэтая праблема маладзее.

На пачатак працэдуры мне 36 гадоў. Але я пра гэта ўсякi раз успамiнаю толькi ў кабiнеце ўрача. Адчуваю сябе выдатна. Пра гэта сведчаць вынiкi маiх аналiзаў — арганiзм даследаваны ўздоўж i ўпоперак. Праўда, агульны стан на вынiк ЭКА не ўплывае. Усё вызначае ўзрост. Лiчбы — рэч упартая. Для сярэдняга ўзросту статыстыка дае 30—35 працэнтаў верагоднасцi зацяжарыць. Пасля 35 гадоў колькасць станоўчых вынiкаў значна змяншаецца.

«Але ж у мяне павiнна атрымацца!» — так думае кожная жанчына, падпiсваючы дакументы. I толькi потым, перачытваючы папярэджаннi на раздрукаваных аркушах, пачынае думаць пра тое, што яе можа чакаць, якiя могуць быць пабочныя эфекты, якiя непрадбачаныя сiтуацыi. Але новае жыццё, якое жыве пакуль у тваiх марах, перамагае страх.

Усе ведаюць у тэорыi, як утвараецца новае жыццё. Але для ЭКА адной жаночай клеткi мала. Iх iмкнуцца вырасцiць адразу некалькi, каб эфект працэдуры быў як мага большы. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя гарманальныя прэпараты. Поспех працэдуры залежыць ад таго, наколькi добрыя клеткi вырастуць у арганiзме жанчыны ў вынiку стымуляцыi. На працягу таго часу, калi яны растуць, жанчына перыядычна з’яўляецца да ўрача на УГД-кантроль.

Жанчыны штодня робяць уколы. Многiя ў цэнтры пазнаюць адна адну, абменьваюцца навiнамi. Усе з нейкiмi прасветленымi тварамi. «У мяне расце дзевяць клетак», — з патаемнай усмешкай шапоча адна сваёй новай знаёмай. «Шчаслiвая, а ў мяне менш...» — адказвае тая. Яны ўжо гавораць нiбыта пра сваiх дзяцей — з любоўю. Нават з гонарам — за сябе.

Iм ёсць чым ганарыцца: гэтыя жанчыны незвычайныя ўжо тым, што за адзiн курс здольныя выдаць адразу некалькi клетак для апладнення — у звычайным жыццi гэта немагчыма. Яны сапраўды незвычайныя, таму што жывуць па некалькi тыдняў пад уздзеяннем мацнейшых лекаў, ад якiх часта бывае дрэнна. Канешне, усё iндывiдуальна, любыя прэпараты розныя людзi пераносяць па-рознаму. Так i тут. Адна скардзiцца, што скача цiск. Другая — на галаўныя болi. У мяне, памятаю, была поўная страта канцэнтрацыi ўвагi. Здавалася, што i ўсе навокал iснуюць у нейкiм замаруджаным тэмпе. Уявiце сабе, з якой зайздрасцю я глядзела на жанчын, якiя прымалi такiя прэпараты, але пры гэтым былi здольныя сесцi за руль аўтамабiля. Я ж часам баялася сама пераходзiць дарогу, таму што адчувала ўласную затарможанасць, што ўжо казаць пра тое, каб зрабiць што-небудзь на працы. А на працу ж хадзiць усё роўна трэба было.

Праца — гэта яшчэ адно выпрабаванне, з якiм сутыкаецца жанчына, якая праходзiць курс ЭКА. Асаблiва, калi гэтая праца патрабуе актыўнасцi, канцэнтрацыi i абавязковай прысутнасцi на месцы. А што казаць пра тых, хто перыядычна прыязджае да ўрача з iншых гарадоў... Лягчэй, напэўна, хатнiм гаспадыням, якiя не абцяжараныя працай, маюць шмат вольнага часу i, адпаведна, менш стрэсаў.

Тая сiтуацыя, у якой iснуе жанчына, што iмкнецца стаць мацi дзякуючы самым розным медыцынскiм працэдурам, — ужо сама па сабе стрэс, якога хапае з лiшкам. Да таго моманту, калi жанчына прыходзiць на ЭКА, у яе ёсць асабiстая гiсторыя працяглага стрэсу. А цяпер да яго дадаецца хваляванне аб тым, як прайсцi ўсе працэдуры, як упiсацца ў патрэбную суму (многiя копяць гадамi спецыяльна на ЭКА), i як пры ўсiм гэтым захаваць сваё месца на працы, не выклiкаўшы непатрэбных пытанняў з боку начальства. Тут трэба патлумачыць.

Урачы — таксама людзi. Яны, на жаль, працуюць у той жа час, што i занятая на працы пераважная большасць жанчын, якiя да iх звяртаюцца. Каб патрапiць да ўрача, часам трэба зрывацца з працы. Добра, калi гэта раз, два. I не вельмi часта. Iнакш, каму патрэбныя такiя работнiцы? Калi ж жанчына спадзяецца стаць мацi з дапамогай медыцыны, ёй да ўрачоў даводзiцца хадзiць, лiчыце, як на працу. А калi пачынаецца працэдура ЭКА — асаблiва. У сваю чаргу, на працы неяк даводзiцца гэта тлумачыць. Пры тым, што нiякiх даведак жанчына не можа прынесцi. Атрымлiваецца, што твая праблема — гэта ўсяго толькi твая праблема. Пры гэтым наўрад цi хтосьцi захоча шчыра прызнацца, куды i дзеля чаго знiкае. У рэшце рэшт, канешне, праблему вырашаюць усе. На жаль, жанчына, якая з’яўляецца пацыенткай камерцыйнага цэнтра, не мае права i на бальнiчны — нават пасля пункцыi. А гэта ўсё-такi аперацыя, якая адбываецца пад наркозам.

Мне пашчасцiла — пункцыю прызначылi на нядзелю, не трэба было адпрошвацца з працы. Але ўжо за некалькi дзён да яе я жыла толькi думкамi пра тое, што мяне чакае далей. Думкi ўтаймавалiся толькi тады, калi пераступiўшы парог аперацыйнай, я ўбачыла людзей, якiя збiралiся мною займацца. У iх былi спакойныя твары — не я першая, не я апошняя. Потым я «правалiлася».

10—15 хвiлiн наркозу — i справа зроблена. Прыходжу ў сябе ад паху свежай кавы i пачуцця холаду на жываце — паклалi лёд для абязбольвання. Здаецца, нiчога i не балiць. Глыток кавы — i, адкiнуўшы сон, я адчуваю, што нешта ўсё-такi ў маiм арганiзме не так. Гэта нельга назваць болем. Гэта нiбыта ные... сэрца: якую частку з мяне дасталi?

Прыходзiць урач i тлумачыць, колькi клетак атрымана падчас пункцыi, колькi з iх добрай якасцi, i калi будзе вядома, цi здолелi яны разам з клеткамi мужа ўтварыць новае жыццё. Вядома, гэта будзе толькi заўтра. Божухна, як дажыць да заўтра?!.

Вельмi проста, урач кажа, што лепей ляжаць, перыядычна прыкладваючы лёд. Дабаўляецца i нейкае лячэнне: наступствы аперацыi трэба адолець як мага хутчэй i без ускладненняў, каб аднавiць арганiзм будучай мамы перад перасадкай зародкаў. На гэта часу нямнога. Дзесьцi там без майго непасрэднага ўдзелу саспяваюць маленькiя эмбрыёны — iм трэба 5—6 дзён. I з гэтага моманту больш няма думак пра сябе — толькi пра iх, якiя ўжо жывуць! З гэтымi думкамi святлей i радасней становяцца днi. На працы здзiўляюцца: нейкае нечаканае натхненне раптам напаткала мяне. I толькi я сама разумею, што сiл насамрэч засталося толькi да пятнiцы, калi будзе зроблены самы галоўны крок.

«Матэрыял» для падсадкi ў нас ёсць. Яшчэ i застануцца эмбрыёны, каб iх замарозiць, а потым, калi трэба, размарозiць i зноў перасадзiць. Такiм чынам, з аднаго курса можна мець некалькi спроб. На крыякансервацыю эмбрыёнаў падпiсваюцца асобныя паперы, на яе ўстаноўлены свой кошт. Гэта вельмi важная i адказная справа. У такi момант не хочацца думаць пра благое — я i не думаю. Муж натыкаецца на пункт: «у вынiку смерцi эмбрыёнамi дазваляю распараджацца...» Я на аўтамаце таксама нешта пiшу... Але мяне клапоцiць толькi адно: каб мае маленькiя выжылi, адолеўшы выпрабаванне холадам, пакiнутыя мамай i татам на потым...

«Лялечкi», — кажа ўрач, збiваючы маё хваляванне. Перасаджваюць некалькi эмбрыёнаў, каб была большая верагоднасць зацяжарыць. Гучыць цiхая рамантычная музыка. Я стамiлася ляжаць, заплюшчыўшы вочы — ствараю сабе рамантыку, iмкнучыся ўявiць тых, каго так i не бачыла. Здаецца, не стукае нават сэрца, баюся спалохаць надзею. «Яны ўжо з вамi», — падыходзiць урач i тлумачыць, як жыць далей. Гэта асаблiвая навука, ад якой у многiм залежыць будучыня цяпер ужо не аднаго чалавека.

Яшчэ гадзiнку я паляжу, не варухнуўшыся. Потым павольна падымуся i выплыву ў калiдор, дзе муж дрыжыць ад пачуццяў, што перапаўняюць яго. Ён выклiкае таксi: не здолеў бы сам весцi машыну з-за хвалявання. Просiць кiроўцу ехаць павольна i акуратна, рэзка не тармазiць i аб’язджаць ямiны. Гэтым вечарам ён бегае вакол мяне так, як яшчэ ўчора бегала вакол яго я. Але наперадзе ноч. Нават тры ночы i тры днi, якiя сказалi праляжаць толькi на спiне. Баюся ў сне павярнуцца, таму не сплю ўвогуле — вось што значыць страх за дзяцей. Потым будзе лягчэй — можна будзе варочацца, але ўсё роўна, тыдзень рэкамендавалi паляжаць, каб не бянтэжыць iх спакой. Дзеля гэтага нiякiх рэзкiх рухаў, нельга напружвацца, хвалявацца. З гэтага часу мяне больш нiчога i не хвалюе, я ў законным водпуску, якi захоўвала да гэтага моманту.

Увесь тыдзень спраўна прымаю лекi, каб прыжылiся i прымацавалiся мае малышы. Памiж сабою мы жартуем: гэта будуць сучасныя дзецi, з моманту зараджэння прывыклыя да «хiмii». Я ўжо ўпэўненая, што не адна, яшчэ да тэсту. Потым чакаю УГД, дзе можна будзе некага ўбачыць. Праз нейкi час таксама будзе УГД. Так i пройдзе ўвесь чароговы водпуск. Але мой час перастаў iснаваць. Малышы, дзе вы там? Адчуваеце, як пачаў цiкаць ваш гадзiннiк?

Але аднойчы гром трывожнага звону прарывае спакой. Урач не ўпэўнены. Мне далi яшчэ тыдзень: трэба пачакаць, а раптам вы такiя маленькiя, што вас проста не бачна? Нам з вамi далi яшчэ тыдзень на тое, каб трошкi падрасцi. Толькi не пужайцеся. Бываюць розныя сiтуацыi. Магчыма, бываюць памылкi. I я дакладна ведаю, што бываюць цуды...

Я веру ў цуды. Веру ў промысел Божы. Так, факты статыстыкi — гэта адно. Але нараджэнне дзiцяцi — па-ранейшаму найвялiкшая таямнiца, якую ўрачы цалкам не раскрылi, нягледзячы на тое, што навучылiся ствараць яе самi. Самыя лепшыя спецыялiсты не змогуць патлумачыць, чаму здараецца так, што пяць спроб ЭКА былi безвынiковыя, а на шосты раз усё атрымалася. Вiдаць, наш Стваральнiк нейкую частку ў гэтым працэсе пакiнуў для сябе.

I ўсё-такi на сёння Сусветная арганiзацыя аховы здароўя лiчыць метад ЭКА самым дзейсным у лячэннi бяздзетнасцi. I калi ва ўсiм свеце дзякуючы гэтаму метаду ўжо нарадзiлiся больш за мiльён дзяцей, то чаму мiльён першы не можа быць маiм? I калi ў нашай краiне ёсць жанчыны, якiя насуперак усялякiм абставiнам змаглi нарадзiць дзiця, напэўна, не ўсё страчана i ў мяне. Акрамя адпачынку... Што ж, на наступную спробу можна ўзяць «за свой кошт».

Праз паўгода мне будзе 38. I я ўсё больш захапляюся жанчынамi, якiя гатовыя спрабаваць яшчэ насуперак абставiнам i недасканаласцям нашага жыцця. Добра, калi жанчына забяспечаная i можа займацца сабою i сваiмi праблемамi. Але многiя сем’i гатовыя працаваць толькi на ЭКО, не чакаючы нiякай мiласцi ў выглядзе праграм страхоўкi, гатовыя выплачваць працэнты за крэдыты, якiя вымушаны браць. Пры гэтым яны робяць добрую справу без анiякай удзячнасцi i без якiх бы там нi было прыкмет клопату аб iх, гатовыя дзеля дзiцяцi трацiць сваё здароўе, нервы, час. Яны гатовыя нараджаць без анiякiх iльгот i сацыяльных праграм. А калi б iх хоць бы ў нечым падтрымалi (не зважаючы на тое, у дзяржаўных установах яны лечацца, цi не), магчыма, было б больш дзяцей, якiя з’явiлiся такiм чынам. Гэта «залатыя» дзецi, iх вельмi чакаюць. Iх бы вельмi любiлi.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выдатна, што наша дзяржава сёння падтрымлiвае жанчын, якiя нараджаюць дзяцей. Але калi пайсцi далей у накiрунку шанавання мацярынства, варта было б па
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика