Пенсiя налiчваецца правiльна. Можна разлiчваць толькi на матэрыяльную дапамогу
Сяргей РАСОЛЬКА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 З вёскi Дзямiдавiчы Дзяржынскага раёна звярнуўся Савелiй Антонавiч Суднiк. Прасiў не за сябе — за жонку Надзею Ануфрыеўну.«Зусiм малая ў яе пенсiя. У перадапошнi месяц атрымала ўсяго 131 640 рублёў, у апошнi — 141 250 рублёў. Кажуць, каэфiцыент у яе малы... А яна ж у саўгасе 25 гадоў адпрацавала, чацвёра дзяцей выгадавала. А пенсiя вось якая... Дапамажыце». Па нашай просьбе начальнiк аддзела пенсiйнага забеспячэння ўпраўлення па працы i сацыяльнай абароне Дзяржынскага райвыканкама Ала Кулеш правяла поўную праверку пенсiйных спраў абодвух заяўнiкаў. Паколькi пытанне мужа датычалася памераў пенсii жонкi, спынiмся толькi на гэтым баку праблемы (у Савелiя Антонавiча пенсiя большая). — Iндывiдуальны каэфiцыент, якi ўплывае на памер пенсii, — гэта суадносiны зарплаты канкрэтнага чалавека i сярэдняй зарплаты па краiне за пэўны перыяд, — патлумачыла Ала Аляксандраўна. — У Надзеi Ануфрыеўны ён сапраўды вельмi малы — 0,17713. Чаму? У 1990 годзе, напрыклад, яе заробак складаў 40 рублёў 35 капеек. Гэта няшмат. У яе адносна малы стаж працы. Скажам, жанчына 6 гадоў i 6 месяцаў даглядала дзяцей. Цалкам яна адпрацавала 4 гады толькi з 1986 па 1990 год. З 1961 па 1985 год уключна жанчына выходзiла на працу толькi па два-тры месяцы, а ў асобныя гады, напрыклад, працавала, усяго шэсць дзён за ўвесь год. Таму, на жаль, зыходзячы з усяго вышэйсказанага, ёй i налiчваецца такая невялiкая пенсiя — крыху больш за 141 тысячу рублёў з лiстапада. Нiякай памылкi тут няма. Мы папрасiлi Алу Аляксандраўну падказаць магчымыя шляхi аказання матэрыяльнай дапамогi Надзеi Ануфрыеўне. — Ёсць два спосабы. Пэўную матэрыяльную дапамогу чалавек можа атрымаць са сродкаў раённага бюджэту. Але апошнiм часам такая дапамога аказваецца толькi, напрыклад, у выпадку пажару. Застаецца другi шлях — звярнуцца ў Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва. Мы маем магчымасць адзiн, максiмум два разы ў год аказваць матэрыяльную дапамогу людзям, памер пенсii якiх не перавышае 180 тысяч рублёў (па гэтай жа прычыне, як мы ўжо адзначалi вышэй, муж Надзеi Ануфрыеўны не мае права на такую дапамогу, бо пенсiя ў яго большая). Як паведамiла далей Ала Кулеш, супрацоўнiкi ўжо самi падрыхтавалi адпаведныя паперы i дапамогу ў памеры 60 тысяч рублёў (штоквартальна пад гэтыя мэты выдзяляецца два мiльёны рублёў) жанчына зможа атрымаць недзе праз два тыднi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З вёскi Дзямiдавiчы Дзяржынскага раёна звярнуўся Савелiй Антонавiч Суднiк. Прасiў не за сябе — за жонку Надзею Ануфрыеўну
|
|