21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вёска Сонечная ў Дрыбiнскiм раёне калiсьцi называлася Чартаўшчынай

25.08.2009 22:16 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА

У пошуках сонечнага святла

Асенне-зімовае надвор’е традыцыйна не песцiць нас сонцам. Людзi па звычцы скардзяцца адзiн аднаму на шэрасць i недахоп святла, што выклiкае агульную млявасць i абыякавасць да жыцця. У спадзяваннях дажыць да светлых дзён (няхай не летнiх, а хоць бы зiмовых) нечакана радуе вандроўнiка «сонечны» ўказальнiк на шашы «Магiлёў—Дрыбiн». У Сонечнай жывуць добрыя людзi, а сама вёска мае багатую гiсторыю.

Пан i чэрцi

Пра «чартоўскае» мiнулае вёскi Сонечная расказалi ў Дрыбiнскiм гiсторыка-этнаграфiчным музеi. Iснуе такое паданне: жыў у суседняй вёсцы Кароўчына пан, якi трымаў вялiкiя статкi кароў. Сяляне даглядалi кароў i, каб жывёлы давалi больш малака, паiлi iх, паводле загаду пана, брагай. Сярод наёмных працаўнiкоў былi i жыхары вёскi Дварэц. Менавiта так напачатку называлася вёска Сонечная. Аднак нiякiх палацаў, як можна было б падумаць, там нiколi не было: Дварэц паходзiў ад двара, дварышча.

Дык вось, працаўнiкi з таго Дварца перад панам правiнавацiлiся. За што канкрэтна — гiсторыя гэты факт замоўчвае. Можа, замест кароў самi брагу папiлi?.. Невядома. Але пан са злосцi абазваў людзей з Дварца «чарцямi», а вёску iх перайменаваў у Чартаўшчыну. Альбо Чартоўшчыну — нацiск робяць розны, але ўсе на Дрыбiншчыне разумеюць, пра якое паселiшча iдзе размова.

Новую прыгожую назву вёска атрымала толькi ў 1969 годзе.

— Жыў там паштальён Аляксей Манькоўскi, — расказвае супрацоўнiца музея Нiна Радзевiч. — I жыхары скардзiлiся яму на «чартоўскую» назву вёскі. Маўляў, навокал вёскi з нармальнымi назвамi, а мы тут пакутуем ад старадаўняй крыўды i перажытку паншчыны. Паштальён разам з iншым ураджэнцам Чартаўшчыны, журналiстам Сцяпанам Сiдаравым звярнулiся ў «вярхi» з просьбай аб перайменаваннi.

Як цяпер узгадваюць краязнаўцы i старажылы Сонечнай, было шмат варыянтаў новай назвы. Калiнаўка — ад прыгожай i каштоўнай раслiны, Астапаўка — у гонар вяскоўца, якi ў Айчынную вайну на сабе вынес з поля бою больш за два дзесяткi параненых салдат. Але ўрэшце ўсе пагадзiлiся з Сонечнай: аптымiстычная назва. Ад яе нават настрой паляпшаецца.

Паводле слоў спецыялiстаў, тапонiм Чартаўшчына, хутчэй за ўсё, паходзiць ад «чартала». Гэта старажытнае прымiтыўнае прыстасаванне для апрацоўкi зямлi. Драўлянымi чарталамi сяляне карысталiся яшчэ да XVIII стагоддзя.

Але гэта, пагадзiцеся, вельмi празаiчнае тлумачэнне. Таму мясцовым жыхарам больш даспадобы прыгожая легенда пра пана i чарцей.

Шчаслiвая вёска

У час Другой сусветнай вайны Чартаўшчына была акупаваная. У гэтых мясцiнах 9 месяцаў стаяў фронт. Вызвалена вёска была толькi ўлетку 1944 года.

Старажылы расказвалi, як аднойчы iх хацелi ўсiх расстраляць. Цераз раку ад вёскi стаяў нямецкi гарнiзон, i ўзiмку пры марозным надвор’i гукi разносiлiся вельмi далёка. Аднойчы ўначы немцы пачулi скрып саней. Ранiцай акупанты заявiлiся, выгналi ўсiх на вулiцу — старых i малых, наставiлi на людзей кулямёт i запатрабавалi сказаць, хто прыязджаў у вёску. Усе маўчалi, хоць i здагадвалiся, што прыязджалi партызаны, для якiх пяклi i перадавалi хлеб. Тады выйшаў наперад стары чалавек i сказаў, што так, нехта прыязджаў, але, маўляў, не да нас, i мы нiчога не ведаем. Пасля нарады немцы ўсё ж такi адпусцiлi сялян у свае хаты. А маглi б расстраляць i спалiць, як iншыя вёскi. Дасюль старажылы лiчаць, што iх проста «пранесла», моцна пашанцавала. Так што вёску можна было б назваць i Шчаслiвай.

Выгадная пазыка

Першае ўпамiнанне пра Чартаўшчыну адносiцца да 1785 года. У вёсцы тады было ўсяго дзесяць двароў, а жыхароў — больш за сотню. Людзi тут жылi бедна. Сваiх надзелаў для пракорму вялiкiх сем’яў у тутэйшых сялян не хапала. Таму ў 1829 годзе яны вырашылi набыць зямлю.

— Памешчыца Бяляўская прапанавала жыхарам Чартаўшчыны 69 аршын зямлi за 2415 рублёў, — расказвае старшыня Кароўчынскага сельскага Савета Уладзiмiр Данiленка, якi нарадзiўся непадалёк ад цяперашняй Сонечнай i заўсёды любiў паслухаць цiкавыя гiсторыi старых людзей. — Гэта была вялiзная сума для тых часоў. Заробкi сялян былi такiя: пастух у той час атрымлiваў 60 рублёў, падпасак — 45. I каб разлiчыцца з памешчыцай, людзi ўзялi пазыку 1700 рублёў у зямельным банку, якую потым выплачвалi 25 гадоў.

Пасля рэвалюцыi ў гэтых мясцiнах арганiзавалi калгас «Чырвоны сцяг». Людзi расказвалi, што першыя старшынi калгасаў былi непiсьменныя, з двума класамi школы, але кiравалi. Работнiкаў было шмат, i людзi тут працаваць умелi.

А Сонечнай, лiчыць Уладзiмiр Данiленка, вёску назвалi нездарма: яна знаходзiцца нiбыта на кургане, i з усiх бакоў яе асвятляе сонца.

Чорт на балоце

Сённяшняя Сонечная — кампактная вёска ў адну вулiцу без назвы. Адразу бачна, што землi тут балоцiстыя, лужыны каля хат падобныя на невялiкiя азёры.

— Можа, усё проста, i менавiта з гэтай прычыны ўзнiкла назва Чартаўшчына? — смяецца Уладзiмiр Данiленка. — Народ лiчыць, што нячысцiк жыве на балотах — там, дзе топка. Але тут бывае i не да смеху: у дажджлiвую пару нельга ў поле выйсцi. А летась, калi ў краiне мала ўрадзiла бульбы, тут яна ўся цалкам вымакла i пагнiла.

У двары Бушанковых, каб перайсцi гразь, пракладзена спецыяльная сцежка з камянёў. Гаспадыня Нiна Ягораўна, старэйшая ў Сонечнай — ёй 84 гады, расказвае, што тут заўсёды жылi i працавалi ў гразi, i нельга было нi прайсцi, нi праехаць. Яна дзякуе, што зрабiлi ў вёсцы дарогу.

Мясцовыя жыхары ўзгадваюць мясцовую бабулю-«шаптуху», якая жыла тут некалькi дзесяткаў гадоў таму. Калi дзецi пужалiся, заiкалiся цi хварэлi, iх вялi да бабулi, але гэта заўсёды было звычайнай вясковай справай. Цяперашнiя жыхаркi Сонечнай расказваюць, што i яны, калi балела галава, нападала бяссоннiца альбо проста трывожна было на душы, iшлi да той бабулi, якая памолiцца, пашэпча, i нiбыта лягчэй станавiлася. Прычым лекарка нiколi не брала ў вяскоўцаў грошы.

Аднойчы, расказвае Нiна Ягораўна, яе гаспадара здзiўлена распытвалi ў санаторыi: якiя ж людзi жывуць у Чартаўшчыне? Ён пераконваў: «Звычайныя. Такiя, як я».

Нiна Ягораўна цяпер сядзiць у цемры каля печы, грэе спiну i скардзiцца, што засталiся ў вёсцы адны старыя.

— А я адсюль нiкуды не паеду! — гучна паведамляе Бушанкова. — Няхай сабе ў горадзе ёсць зручнасцi, але дома, кажуць, усе куты пасабляюць. I хоць у дзяцей у горадзе чыста, цёпла i ежы хапае, але заўсёды патрабую хутчэй адвезцi мяне дадому. Тут — перажыла дзень i дзякуй Богу.

Блiжэй да сонца

У прасторнай хаце Кацярыны Дзмiтрыеўны Агеевай iграе радыё. Гэта ў старой адзiная забава, ды яшчэ малады коцiк Цiмошка. Яна ў 50-я гады выйшла замуж у Чартаўшчыну, а цяпер адна дажывае свой век у вёсцы Сонечная. Праўда, назва вёскi яе не хвалюе. Сцвярджае, што калi яе памянялi, жыхары нiбыта гэтага i не заўважылi. Яны жылi сваiм жыццём, iх займалi iншыя праблемы.

— Хоць мне Сонечная больш падабаецца. Нiбыта блiжэй мы тут да сонца, — усмiхаецца жанчына. — Праўда, цяпер надвор’я няма. I кажуць, што зiма будзе цёплая. А дзе гэта зiма ўвогуле?..

Канешне, жанчыне сумнавата адной, але няспешныя гаспадарчыя клопаты «з’ядаюць» увесь кароткi светлавы дзень. Старыя ў Сонечнай трымаюць невялiкiя гаспадаркi: звычайна гэта куры i свiннi. Кацярына Дзмiтрыеўна чакае на блiжэйшыя выхадныя днi сваiх зяцёў. Будуць бiць кабанчыка. Усе маладыя вельмi любяць свежыну, i нiхто не адмаўляецца працаваць у мацi на гаспадарцы.

— Калi я прыйшла ў вёску, тут быў статак у 45 кароў, — дзелiцца ўспамiнамi бабуля. — Дзецi, чалавек 30, хадзiлi ў школу за 7 кiламетраў. Мая дачка хадзiла пехатой у другую змену. А цяпер аўтобус ездзiць, але няма ўжо вучняў. I людзi сталi iншымi: не хочуць працаваць, лянуюцца, i толькi адно: давай грошы!

Васiль Кандратавiч Карпечанка устаў з печы, дзе прылёг пасля абеду, каб расказаць, што «тром калекам», якiя засталiся ў вёсцы, сумна жыць, i толькi сацыяльны цягнiк часам прывозiць да iх канцэрт.

Дарэчы, усiм цiкаўным старыя ўраджэнцы Сонечнай могуць паказаць свае метрыкi, дзе месцам нараджэння пазначана вёска Чартаўшчына.

— Нам ужо па 74 гады, — кажа Ганна Нiчыпараўна Карпечанка. — Гэта нам суседка падлiчыла, бо мы з мужам непiсьменныя. Можам толькi троху распiсацца. Усё жыццё працавалi. Некалi нам было вучыцца. Вайну прайшлi, а пасля вайны не да вучобы было, выжывалi.

Сонечнае жыццё — маладым

У 50—60-я гады вёска перажыла непрацяглы перыяд росквiту. Цяпер жа колькасць двароў скарацiлася ў параўнаннi з тымi часамi ўтрая. Цяпер у Сонечнай усяго 14 двароў, дзе жывуць два дзесяткi чалавек.

Як нi сумна пра гэта казаць, але Сонечная памiрае. Паступова аджываюць сваё старыя, а маладыя ў вёску не едуць. Дзецi сталых жыхароў Сонечнай падалiся ў горад. Кажуць, не хацелi так цяжка працаваць, як iх бацькi.

— Гэта цяпер паслухаеш пра тыя аграгарадкi i абяцаннi добрых заробкаў, дык можна i сялянам жыць, — лiчыць Кацярына Дзмiтрыеўна. — А нам было цяжка — анi грошай, нiчога. Адна праца. Таму нашы дзецi i паехалi ў гарады па лягчэйшае жыццё.

Дзецi прыязджаюць да бацькоў у выхадныя днi i дапамагаюць iм весцi гаспадарку. Але некаторым ужо i прыязджаць няма куды — старыя памiраюць, хаты разбураюцца.

Праўда, у Сонечнай з’явiлiся некалькi лецiшчаў гараджан, але iх пакуль зусiм мала для спадзяванняў, што ў будучым Сонечная стане дачным пасёлкам.

— Пакуль вёску ратуе суседства побач з аўтамабiльнай шашой, — лiчыць старшыня Дрыбiнскага раённага Савета дэпутатаў Барыс Гардзiйчук. — У нашым раёне 62 вёскi, дзе жыве менш за паўсотнi чалавек. А ўсяго на Дрыбiншчыне 102 вёскi. Шкада, але праз колькi гадоў Сонечнай не будзе. Такое жыццё...

— Калi ў вёсцы былi дзецi, яны тут гулялi, а цяпер засталiся толькi бабы з колiкамi, — кажа жанчына. — Я жадаю маладым здароўя, а калi чалавек будзе здаровы, то ён будзе i шчаслiвы. Жадаю людзям сонечнага жыцця!

— Маладым, каб яны добра жылi, трэба працаваць — тады ўсё будзе, — запэўнiвае дзед Васiль. — Тады ў iх жыццi будзе больш святла i сонца.

Дрыбiнскi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Асенне-зімовае надвор’е традыцыйна не песцiць нас сонцам. Людзi па звычцы скардзяцца адзiн аднаму на шэрасць i недахоп святла, што выклiкае агульную
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика