Рабіце дабро — і яно да вас вернецца!
Iлона IВАНОВА
Гэта гiсторыя пра хлопчыка з вёскi Машчанiца Бялынiцкага раёна. У ёй — i боль трагедыi, i цуд чалавечай дабрынi. Герой гэтай гiсторыi застаўся без ног, i зноў навучыцца хадзiць яму дапамаглi беларускiя i нямецкiя дабрачыннiкi. I ён раiць пад Новы год усiм людзям не журыцца, а iмкнуцца да сваёй мары. Як гэта робiць ён сам — з дапамогай добрых людзей.
Лёшу Хадоркiну яшчэ не было i пяцi гадоў, калi ён застаўся без ног. Тое трагiчнае здарэнне вясной 1994 года i дасюль памятае ўся вёска Машчанiца, што ў сямi кiламетрах ад раённага цэнтра Бялынiчы. Дзецi гулялiся i ўбачылi на ферме агрэгат для крышэння хвоi. Старэйшыя з кампанii паабяцалi пакатаць малога, i ён сеў у скрыню. Дзецi лёгка дакараскалiся да кнопкi ўключэння, i скрыня павольна папаўзла насустрач секачам... — Я стаў крычаць, i агрэгат выключылi, — расказвае Лёша, якому цяпер ужо 17 гадоў. — Прыбегла мацi, мяне выцягнулi i павезлi ў бальнiцу. Я быў у прытомнасцi, усё памятаю. Ногi хлопчыка так моцна пацярпелi, што выратаваць iх не ўдалося. Ад iх засталiся дзве маленькiя кульцi. Ён лячыўся ў бальнiцы месяц, а потым вярнуўся дадому. Спачатку прызвычаiўся поўзаць. Потым яму зрабiлi першыя пратэзы, але ён не хацеў хадзiць на iх, бо было вельмi балюча. Малы плакаў i ўпарта поўзаў. Аднак якраз у той момант, калi з хлопчыкам здарылася трагедыя, у Бялынiцкiм раёне гасцявала група нямецкiх дабрачыннiкаў. Жыхары горада Золiнгена, якiя аб’ядналiся ў iнiцыятыву «Дапамога дзецям Чарнобыля», з пачатку 1990-х гадоў прымалi беларускiх дзяцей на аздараўленчы адпачынак i ў адказ наведвалi бялынiцкiя сем’i. Гiсторыя Лёшы настолькi кранула немцаў, што сама бургамiстр Золiнгена Эрыка Ротштайн узяла над iм шэфства. Даведаўшыся пра бяду з пратэзамi, Лёшы i яго мацi адразу прапанавалi паехаць у Германiю, дзе паабяцалi зрабiць для малога сучасныя, лёгкiя i зручныя (наколькi гэта магчыма) пратэзы. Кульцi ў яго вельмi малыя, i гэта ўскладняе сiтуацыю. Нямецкi спецыялiст, якi робiць для Лёшы пратэзы, захапляецца сваiм мужным клiентам: хадзiць яму вельмi няпроста, але ён навучыўся, справiўся. Лёша Хадоркiн цяпер — выпускнiк Машчанiцкай сярэдняй школы. Сiмпатычны i добры хлопец. Прывабныя канапушкi на твары, з якога, падаецца, не сыходзiць усмешка. Ён спакойна размаўляе пра сваё жыццё, здароўе i планы на будучае. Побач з вучнем — настаўнiца замежнай мовы Машчанiцкай школы Зiнаiда Баерава, якая ўзначальвае iнiцыятыўную дабрачынную групу «З надзеяй у будучае» i з’яўляецца апекуном Лёшы. Яны разам толькi што вярнулiся з Германii, дзе падлетку зрабiлi сёмыя па лiку пратэзы. Хлопец хутка расце, i новыя пратэзы яму робяць кожныя два гады. Сучасныя пратэзы — рэч нятанная. Першыя пратэзы Лёшы каштавалi 12 тысяч марак, апошнiя — 6 тысяч еўра, плюс дзве пары нятаннага моднага абутку. Каб набыць пратэзы бязногаму хлопчыку з далёкай беларускай вёскi, золiнгненцы збiраюць грошы. Напрыклад, адзiн нямецкi пенсiянер перад святкаваннем свайго 70-годдзя папрасiў сяброў i сваякоў не рабiць яму падарункi, а прынесцi грошы, якiя ён перадаў на пратэзы для Лёшы. I гэта зусiм не адзiнкавы выпадак. Настаўнiца Лёшы ўзгадвае, што першым разам, калi ехалi па пратэзы ў Германiю, не магла стрымаць слёз, калi бачыла хлопчыка на каленях у мацi, а замест ног — пустыя штанiны... Для аднакласнiкаў i сяброў Лёшы ягоны лёс — таксама жыццёвы ўрок. Яны дапамагаюць яму i каляску падняць па слiзкiх прыступках, i партфель паднесцi. Але самае цяжкае было — навучыцца ставiцца да Лёшы, не як да калекi, а як да звычайнага чалавека. — Мне не падабаецца, калi мяне шкадуюць, — цвёрда гаворыць Лёша. — Я прызвычаiўся ўсё рабiць сам, без дапамогi збоку. Ён дабiраецца да школы самастойна. Адлегласць у кiламетр ён пераадольвае на iнвалiднай каляцы з рычагамi. Па школе ходзiць сам, i лесвiца для яго таксама не перашкода. — Я пайду вучыцца далей, — упэўнены Лёша. Хачу атрымаць прафесiю майстра, якi нешта робiць сваiмi рукамi, рамантуе. Напрыклад, майстра рамонту гадзiннiкаў. Лёшу патрэбна прафесiя, каб працаваць рукамi. Ён шукае навучальную ўстанову, дзе б непадалёк быў iнтэрнат. I просiць: калi хто можа, дапамажыце парадай. Мог бы атрымаць дадатковую адукацыю з дапамогай камп’ютара i Iнтэрнэта. Гавораць, што яму шанцуе на добрых людзей. Два гады таму ў час вандроўкi ў Германiю за чарговымi пратэзамi Лёша пазнаёмiўся ў цягнiку з сям’ёй Сяровых з Мiнска, якая цяпер пераехала ў Бельгiю. Iх настолькi крануў лёс хлопчыка, што галава сям’i падараваў яму камп’ютар i вельмi прасiў яго добра вучыцца, бо ў гэтым бачыў будучыню Лёшы. А настаўнiкi гавораць, што хоць вучыцца Лёша сярэдне, але галава ў яго разумная i, калi ён сам захоча, абраную спецыяльнасць асвоiць. А гэта цяпер галоўнае ў яго жыццi. — Не, я не кляну лёс, што ўсё гэта са мной адбылося, — усмiхаецца Лёша i замаўкае. — А мне падаецца, што наперадзе ў яго яшчэ будзе нямала цяжкасцяў, — кажа Зiнаiда Васiльеўна. — Ён яшчэ не ўсвядомiў, як цяжка жывецца iнвалiду на гэтым свеце. Хоць унутраны настрой правiльны: трэба не плакаць, а аптымiстычна глядзець навокал. Лёшу не пакiдае нямецкая iнiцыятыва, клапоцiцца пра яго здароўе i будучыню. Дарэчы, цяпер яе ўзначальвае 30-гадовы Крысцiян Бутц. Ён першым разам пачуў пра Чарнобыль, калi вучыўся ў гiмназii, i як нераўнадушны чалавек яшчэ там стаў збiраць дапамогу для пацярпелых ад радыяцыйнай навалы. У 16 гадоў ён першы раз прыехаў у Беларусь, дапамагаў дарослым. А потым не толькi ўзначалiў iнiцыятыву, але яшчэ i ажанiўся на дзяўчыне з Бялынiчаў. Зiнаiда Баерава разам з нямецкiмi дабрачыннiкамi дапамагае многiм iнвалiдам у раёне. Лёша — толькi адзiн з вялiкага кола. Немцы дасылаюць iнвалiдам грошы, харчы, памперсы, робяць слухавыя апараты i яшчэ аднаму маладому чалавеку, якi страцiў ногi ў армii, зрабiлi пратэзы. Новы год Лёша сустрэне разам са сваёй сям’ёй за святочным сталом. Пад упрыгожанай ёлкай хлопец знойдзе падарунак. Сваiм нямецкiм сябрам ён яшчэ загадзя напiсаў паштоўкi з прывiтаннямi i пажаданнямi на Каляды i Новы год. — Я зычу ўсiм здароўя i паболей добрых людзей у жыццi, — такiя навагоднiя пажаданнi Зiнаiды Баеравай. — Трэба ставiцца да людзей так, як бы ты хацеў, каб ставiлiся да цябе. Рабiце дабро iншым! — Я жадаю людзям, каб у наступным годзе iм шанцавала, каб усё ў iх атрымлiвалася, каб здзяйснялiся мары, — гаворыць Лёша. — Не трэба журыцца, а трэба iмкнуцца да сваёй мары. А мая самая вялiкая мара — атрымаць добрую прафесiю, працаваць i жыць. I ў мяне абавязкова будзе сям’я i дзецi. I я да гэтай мары буду караскацца, як магу! Бялынiцкi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта гiсторыя пра хлопчыка з вёскi Машчанiца Бялынiцкага раёна. У ёй — i боль трагедыi, i цуд чалавечай дабрынi. Герой гэтай гiсторыi застаўся без ног
|
|