Сiла жыццяПростая мова ЗАМЕСТ ЭПIГРАФА.Знаёмы неяк у Польшчы быў. У сваякоў. Толькi прыехаў, селi за стол, — радзiнку яго як вiхрам знесла: па тэлевiзii (справа ўвесну была) перадалi, што ноччу — замаразкi. Вось i рушылi ўсе — грады накрываць... Чым госця — ну вельмi здзiвiлi! Ён жа як думаў? Па-нашаму. А значыць — вiламi пiсана: халадоў тых, па-першае, можа i не быць (наогул! Сiноптыкi ж часта памыляюцца)... Па-другое, яны (маразы ў сэнсе) могуць пацicнуць, але недзе не тут (краiна вялiкая), альбо не моцна... Iншымi словамi — у крывi ў нас спадзявацца на лепшае. Прычым настолькi, што многiя, крый Бог, i дроў нарыхтоўваць болей не стануць: а што — зiмы ж, як высвятляецца, можа i не быць? (Па аналогii — альбо не тут. Цi вельмi лёгкая...) Што рабiць, як надзеi на гэта не спраўдзяцца? А тады i пабачым. Як пiсаў адзiн з калег: Калi певень нешта ранiць, Беларус — запартызанiць. Калi не — гары ўсё гарам. Чарка ё, а бульбы — зварым. ДЗЕ ГУКНЕШ... I ДЗЕ АДГУКНЕЦЦА З жонкай Федзю пашчасцiла: мала таго, што кахаў без памяцi i каханым быў, — бабуля ёй жытло пакiнула. Асобнае, добрае. Адно — высакавата, на дзевятым паверсе... Так што ён спачатку — у лоджыю выйсцi баяўся — галава з непрывычкi кружылася. «Не, — казаў, — гэта не маё... На шыбенiцы жыць...» «А куды ты дзенешся?» — уздыхалi яго суразмоўцы. — Падводная лодка... Ты ж ведаеш, як у Мiнску з жыллём». Ён ведаў. I таму — будаўнiцтва асобнага ўласнага дома распачаў пад Мiнскам. Тыднямi не бачыў сям’ю, гадоў з дзесяць не быў у водпуску, набраў крэдытаў, па вушы ўлез у даўгi, але прасвет-такi бачыў — цi нават святло (у канцы тунэля) — гатовы дом. Засталося (лiчыце) падвесцi газ, перавезцi сям’ю, прадаць кватэру «на шыбенiцы», аддаць даўгi, купiць новую мэблю, машыну i потым, нарэшце, зажыць... Газ (як знарок) падключыў 27 снежня. 31-га — напiцца хацеў. I не мог... Пакуль па экрану не пабег радок, што перамовы ў Маскве завершаны, што дамоўленасць па газу ёсць. ХТО РЫЗЫКУЕ... — Э-э, мужык, трэцiм будзеш? — з-пад палы дэманструючы «фауст», папыталiся двое, i Сцяпанавiч — ледзь не згадзiўся: мужыкi ж як мужыкi, не п’янтосы... Як ён. У апошняе iмгненне «тармазнуў» — «мазгi ўключылiся»: падумаў, што на траiх — iм адной бутэлькi яўна не хопiць. Па другую, ну, канешне ж, павядуць яго. I грошы ёсць, не бяда. Але iх, мякка кажучы, мнагавата (палучку атрымаў). Значыць, на гэтым яны не спыняцца. А на чым? Ды хто яго ведае: можа — паб’юць, можа абяруць, ды i сам ён па п’янцы... — Не, — сказаў, — браткi, выбачайце, але я не магу. З бальнiцы во iду: язва, лiха на яе... Рэчы? Ды жонка з сынам забралi. I грошай не пакiнулi... Мужыкi хоцькi-няхоцькi саступiлi з дарогi, далi прайсцi. Але супакоiўся ён толькi тады, калi трохi адышоўся i ўбачыў (азiрнуўшыся), што «рыбалка завяршаецца»: «фауст» той паказалi iншаму, ён «клюнуў»: а-а, маўляў, хто не рызыкуе, той не п’е... Хто п’е — а тым больш вось так — рызыкуе болей. УРОК Вечар. Тралейбус. На гэты раз — поўны. Дзве цёткi побач. Гамоняць... I «нi пра што» ж, як быццам, але досыць гучна. Настолькi — што думаць пра нешта сваё ўжо немагчыма — слухаеш. — Дык во... Падыходзiць ён, — распавядае адна (уся ў вязаным — шапцы, шалiку, палiто), — А ўжо малады, расфуфыраны, важны... Кажа, каб я прапусцiла. А як гэта я — прапушчу? «Дакументы, — пытаюся, — ёсць?» «Няма». «Ну, тады выбачай...». А ён мне: «Як? Вы каму адмаўляеце?! Вы ведаеце, чый я сын?!.» «Не, не ведаю, — кажу. — I ведаць не хачу: дочкi мае ўжо замужам. Зяцямi — я задаволена, так што твае бацькi мне ўжо нецiкавыя... Да таго ж — каб ты сам якiм артыстам быў цi мэрам горада, каб цябе па тэлевiзары кожны дзень паказвалi, можа б я i прапусцiла. А бацькавы заслугi тут нi пры чым. У сям’i ж не без калек... Дык, мо, ты — той калека i ёсць?» Ён як зашумiць... На ўвесь вестыбюль: «Вы што сабе дазваляеце? Я да начальства зараз пайду, я пазваню!..» I пайшоў... Каму ён там званiў, што казаў, не ведаю. Ды хвiлiн праз дваццаць — з’яўляецца. I, ведаеш, як падмянiў яго хто — цiхi ўжо, вiнаваты. Кажа: «Прабачце, калi ласка... Вы мне далi гэткi ўрок... Я зразумеў, што трэба не з бацькавым iмем насiцца, а сваё здабываць. Вось убачыце — я гэта зраблю. I тады — прыду да вас яшчэ раз, i вы мяне — адразу прапусцiце»... — Ну бабуля... Ну, трындзiць, ну залiвае! — закацiў вочы хлопец, што стаяў паблiзу. Людзi ж старэйшыя, што побач сядзелi, згодна пераглядалiся, кiвалi i былi ўпэўненыя, што менавiта так усё i было. НАХАБСТВА — ДРУГОЕ ШЧАСЦЕ Па-рознаму складаюцца людскiя лёсы, — любiлi некалi пiсаць журналiсты. Вось Таня з Ленай... Вучылiся ў адной ВНУ, жылi — у адным iнтэрнаце i нават пакоi. Замуж пайшлi на адным трэцiм курсе. За такiх жа хлопцаў-студэнтаў. А вось далей... Размеркаванне было. I ў першай, у хуткасцi — высокааплатная работа, свой дом у райцэнтры, мэбля, машына, дзецi. У другой жа — нiчога: закуткi на здымных кватэрах. Каб «падняцца» — хоць трохi — яна фiрму рашыла адкрыць. У сяброўкi (той самай) тры тысячы баксаў пазычыла (па тым часе — вялiкiя грошы!)... Але i яны чамусьцi прыбыткаў не неслi. А даўгi аддаваць ужо трэба. ...Спачатку яна клялася-бажылася, што іх, канешне ж, аддасць — не сёння дык заўтра, потым — стала хавацца. А калi «адшукалi» — смела глядзела ў вочы былой сяброўкi i пытала ў яе: — Слухай... А нашто табе — грошы? У цябе ж усё ёсць. I тая тады чырванела — ёй было сорамна. За сваё нахабства. БЕЗ ШАПКI ...На юбiлей запрасiлi. У кафэ. Доўга думала: што падарыць, што апрануць, доўга глядзела ў шафу. Выцягнула адно, прымерала — «ну, колькi можна?..», выцягнула другое — яшчэ горш, трэцяе — таксама... Стоячы перад люстэркам, нядобрым словам успомнiла любiмыя айчынныя фiрмы, якiя «пад сезон» заўжды нешта шылi... Потым — наш гандаль, што, прадукцыю iх, вiдаць, не давёз... Потым, зразумела ж, сябе, бо трэба, трэба хоць зрэдку збочваць, хадзiць па магазiнах, а то на працу, па справах, дамоў... Пакуль, разважаючы гэтак, снавала памiж шафай — люстэркам, пазванiў знаёмец — а ўжо добры, даўнi... З камплiментамi, з вiншаваннямi, з заўсёдным, шчырым: «Калi ласка, званiце мне. Можа, будуць праблемы...». ...Была. Адна (чыста жаночая). Хвiльку назад. I... знiкла. Бо ўвачавiдкi ўбачыла, што да шчаслiвага твару пасуе ўсё. Нават старая сукенка... (Што прыказкай: «Усмешка ўпрыгожвае больш, чым новая шапка». ...I чаму мы тады «працуем» на другое?) ЁСЦЬ ПЫТАННЕ Ролю здабытчыка ў гэтай сямейцы выконвае муж. Ён, у асноўным, зарабляе грошы, ён жа ходзiць на рынак. Жонка толькi спiс падае — што трэба купiць. У тую суботу (апроч iншага) у iм красавалася: «Тры селядцы. Прыгожыя». Па iх (ведама ж: цякуць...) ён падаўся нарэшце, калi iншае ўсё купiў. Сказаў прадавачцы, колькi. Потым (жончын загад) — якiх... Тая хмыкнула: «Вам з імі цала-вацца, ці што?». Але паслухала: з бочкi, за хвост, выцягнула першага, агледзела сама, паказала яму — маўляў, прыгожы, узважваць? — Так, — пагадзiўся ён. — А гэты? — У гэтага вока крыху мутнаватае... Але давайце. — А гэты? — Не-а... — Чаму? — У яго хвост пашкоджаны? — А вы што яго — есцi будзеце? Пры чым тут хвост? — Як пры чым? — цяжка ўздыхнуў мужчына. — Непрыгожа ж... Дамоў прынясу, а жонка мне гэтым хвастом... Яшчэ i назад адправiць... Каб памяняў. Прадавачка са шкадобай паглядзела на яго. Сказала: — Калi адправiць, — прыходзьце. I цiха дадала: — Прыму... Разам з селядцом. ...Цi ведае хто, чаму (па вялiкiм рахунку) гэтак няшмат ахвотнiкаў пайсцi туды, дзе лёгка прымаюць. I сысцi адтуль, адкуль гоняць? НЕ СУПАДАЕ Побач з домам тры цырульнi былi, — адчыняюць чацвёртую. Неразумна, здалося, бо навасёлаў жа побач няма, а тыя, хто даўно жыве, даўно «размеркавалiся»... У гэтых умовах нешта пачынаць. Цяжка... Ды гледзячы з чаго. Перад Калядамi i Новым годам (што важна, бо многiя ж хочуць прывесцi сябе ў парадак) з той цырульнi ў тысячы кватэр па тры прыгожых абвесткi прыйшло. Кшталту «Мы адчынiлiся!». Кожнаму з прад’яўнiкоў там абяцалася 25-працэнтная знiжка на ўсе вiды паслуг. Там жа — быў поўны пералiк iх, нумары тэлефонаў для папярэдняга запiсу i (само сабой) вiншаваннi. Адкуль вiдавочнае: не так важна, калi пачынаць i дзе. Галоўнае — з розумам. I — пажадана — з грашыма. Пакуль, на жаль, у большасцi выпадкаў, у наяўнасцi нешта адно... СIЛА ЖЫЦЦЯ ...Дрэва мiж дамоў. «Ненармальнае» нейкае, бо знiзу (недзе да метра) расло, як усе, а потым — «растраiлася»: дзве галiны яго «падалiся» на захад, трэцяя — на ўсход. У вынiку ж — паўдвара пад шатамi! Прыгажосць... Калi ветру няма. Калi ёсць... Невыносна цяжка пад iм любому дрэву, а ўжо «ненармальнаму»... Ды яно — чамусьцi стаiць. Валянцiна ДОЎНАР. АД ЯЕ Ж (i для новых, вiдаць, падпiсчыкаў?)... З такiх вось карацелек-абразкоў злажылася кнiга. Называецца яна «Праз каханне» i прадаецца (пакуль) на поштах.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Знаёмы неяк у Польшчы быў. У сваякоў. Толькi прыехаў, селi за стол, — радзiнку яго як вiхрам знесла: па тэлевiзii (справа ўвесну была) перадалi, што н |
|