21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Крыж

25.08.2009 22:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Лiдзiя АРАБЕЙ

Зазванiў тэлефон. Валодзя падняў трубку.

— Слухаю...

Незнаёмы мужчынскi голас спытаў:

— Гэта кватэра Тумiловiчаў?

— Так.

— Мне патрэбен Уладзiмiр Тумiловiч.

— Я вас слухаю.

На тым канцы дроту памаўчалi, потым той незнаёмы голас загаварыў афiцыйна:

— Гэта звоняць з мiлiцыi... Памёр ваш бацька i трэба яго хаваць.

Валодзя стаяў, трымаючы трубку, маўчаў. У галаве ўсё нiбыта зблыталася, i ён не ведаў, як i што адказаць гэтаму чалавеку.

— Разумееце, — пачаў, — наш бацька нас кiнуў гадоў пятнаццаць назад... Ён жыў з нейкай жанчынай. То, мусiць, яна i павiнна яго хаваць.

— Н-ну, — пачаў тлумачыць чалавек з мiлiцыi, — з той жанчынай у законным шлюбе ён не быў. Яна хаваць яго не хоча, а вы ўсё-такi сын... I ў вас, здаецца, ёсць брат, — тонам, у якiм гучала i спачуванне, гаварыў чалавек.

— Так, у мяне ёсць брат, малодшы. Мне было дзевяць гадоў, а яму шэсць, калi бацька нас кiнуў... А цяпер...

— Адным словам, рашайце, iначай ваш бацька будзе пахаваны як бомж... Рашайце, — заключыў чалавек з мiлiцыi i паклаў трубку.

Валодзя таксама паклаў, адышоўся ад тэлефона, сеў у крэсла. Ён стараўся ўспомнiць бацьку, але малявалася толькi высокая постаць, ад якой пахла табакай i адэкалонам. Ён не памятаў нават твару. Пасля таго, як бацька кiнуў iх, мацi ў злосцi i крыўдзе парвала ўсе яго фотакарткi, а сам бацька да iх не завiтваў. Спачатку прысылаў па пошце нейкiя капейкi, а потым i капейкi, мусiць, скончылiся. Мацi не любiла пра яго гаварыць, не любiла ўспамiнаць, нiбы ён даўно памёр: памёр для яе — памёр для дзяцей. Аказваецца, ён жыў... Памёр толькi цяпер... I яго — няма каму пахаваць.

Валодзя быў дома адзiн: Вiцька, малодшы брат, затрымлiваўся ў iнстытуце, мацi на службе. I яму не было каму расказаць пра званок. Ён не шкадаваў бацьку, што, вось, памёр, ён усё жыццё таiў на яго крыўду, а цяпер i злосць — спатрэбiлiся, бач, сыны...

Прыйшла мацi са службы, прыйшоў Вiцька з iнстытута. Валодзя не спяшаўся расказваць iм пра званок, не ведаў, з чаго пачаць — цi з абурэння, цi са скрухi — як-нiяк, бацька.

Павячэралi, сабралiся ўключаць тэлевiзар.

— Я вам зараз скажу навiну, — пачаў быў Валодзя.

Чуйнае вуха мацi ўлавiла ў iнтанацыi нешта сур’ёзнае. Яна ўважлiва на яго паглядзела, чакаючы той навiны.

— Памёр наш бацька... I яго няма каму хаваць... Званiлi з мiлiцыi... Сыны мы...

Мацi апусцiла на каленi пульт, паглядзела на сына — цi не жартуе? Спытала:

— Калi памёр?

— Не ведаю, не сказалi.

— Ад чаго памёр?

— I гэтага не сказалi.

Вiця глядзеў то на брата, то на мацi, да яго, здаецца, не адразу дайшло, што адбылося.

Мацi сядзела з пультам у руцэ, маўчала. Мо ўспамiнала мужа — некалi маладога, прыгожага. Займаў не абы-якую пасаду — iнструктар райкама партыi. Высокi, сiмпатычны, дзелавы. Першыя гады жылi, можна сказаць, шчаслiва. Нарадзiлiся сыны, i бацька, здаецца, любiў iх. Пакуль не падкруцiлася нейкая шалахвостка. Закахаўся, бачыце. Пры яго пасадзе гэта пагражала яму вялiкiмi непрыемнасцямi, але чад кахання так зачмурыў галаву, што i партыйны бiлет быў гатовы пакласцi.

З партыi яго, праўда, не выключылi, умалiў, але з работы знялi. Дзе ён потым рабiў, на што жыў, мацi не ведала i ведаць не хацела. Сама цягнула лямку. Бабка дапамагала, матчына мацi. Яна некалi загадвала цэхам на трактарным заводзе, да таго ж — удзельнiца вайны, мела добрую пенсiю...

Выраслi хлопцы, Валодзя скончыў iнстытут, Вiцька на трэцiм курсе. Абодва спраўныя, акуратныя, дзелавыя.

На хвiлiну мацi ўключыла тэлевiзар, там круцiлася нейкая рэклама. Тут жа выключыла.

— Прыйдзецца ехаць, — сказала нейкiм незнаёмым голасам. — Пра нябожчыкаў альбо добра, альбо нiчога... Добрага пра яго не скажу, так што нiчога... Прыйдзецца ехаць... Ён — ваш бацька...

Мацi падбiралася пад пяцьдзесят, але выглядала яна нашмат маладзей. Сачыла за сабою, мазала твар нейкiмi крэмамi, фарбавала валасы, сiвiзна ў якiх пачала прабiвацца даўно. Была не худая i не тоўстая, насiла прыгожыя касцюмчыкi, высокiя абцасы... Так i не выйшла замуж. Але вакол яе круцiлiся мужыкi. I цяпер мела — не то сябра, не то каханка. Сыны не асуджалi — няхай мацi жыве як хоча, iм яна дала ўсё, што магла.

Рашуча паднялася з крэсла, кiнула пульт на канапу, што стаяла побач.

— Паехалi!..

— То, можа, заўтра, сёння позна ўжо, — нерашуча сказаў Валодзя.

— Паехалi! — тонам загаду сказала мацi.

Яна ведала адрас, дзе ён некалi жыў са сваёю маткай, калi тая шалахвостка яго кiнула. Выклiкалi таксi. Мацi назвала адрас. Спынiлiся каля дома-хрушчоўкi. Валодзя раптам успомнiў яго: некалi, малога, бацька вазiў яго сюды, да бабкi. што жыла тут у двухпакаёвай кватэры, успомнiў, што бабка частавала яго кiсялём, але кiсель — здаўся яму нясмачным, мама варыла лепш.

Паднялiся на трэцi паверх. З нейкiм страхам адчынiлi дзверы, якiя аказалiся незамкнёнымi.

Бацька ляжаў на ложку ў нейкiм аблезлым свiтэры, рот крыху разяўлены, вочы не заплюшчаныя да канца, на лоб спадала пасма сiвых валасоў. Мацi потым казала, што каб убачыла нябожчыка недзе ў iншым месцы, не пазнала б, так змянiлi яго апошняе жыццё i смерць. Але праз незнаёмае аблiчча праступалi рысы, якiя сведчылi, — гэта ён, былы муж, бацька яе дзяцей. I трэба было прыводзiць яго да ладу, прыдаваць прыстойны выгляд.

У другiм пакоi, на ложку, ляжала былая свякруха, мацi былога мужа. Злямчаныя сiвыя валасы, выцвiлы, даўно не мыты, пакамечаны халат, з-пад якога вытыркалася брудная, некалi, мусiць, белая, кашуля. Бабка была жывая, глядзела на былую нявестку востранькiм вокам, на твары яе не адбiвалася нi гора, нi роспач.

— Што, прыехалi? — нават нiбы здзеклiва спытала старая. — Во, памёр... I пахаваць няма каму... Я — хворая... А тая курва хаваць адмовiлася. Кажа, няма грошай... Хай сыны хаваюць.

Бабка, здаецца, была пры сваiм розуме, гаварыла цвяроза, хоць побач з ложкам стаяла недапiтая бутэлька вiна.

У пакоi, дзе яна ляжала, стаяла вялiзная дапатопная шафа. Мацi адчынiла, думала, можа, знойдзецца якi бацькаў касцюм. Шафа была пустая, толькi на адной вешалцы целяпалася нейкая старая куртка. Рабiлася ясна — трэба купляць касцюм, кашулю, туфлi. Сёння было позна, магазiны зачыняюцца, заўтра прыйдзецца, а сёння... хоць крыху прыбраць у кватэры. Па ўсiх кутках стаялi парожнiя бутэлькi — з-пад гарэлкi, з-пад вiна. Колькi ж iх!

— Хлопчыкi, збiрайце бутэлькi, выносьце да кантэйнера, — загадала мацi.

— А каб iх здаць... Колькi грошай было б, — сказаў Вiцька.

— Бач, якi практычны, — асуджальна прамовiла мацi. — Выносьце i выкiдайце гэта паскудства!

Пазванiла ў дзверы суседзям, дамовiлася з нейкiмi бабкамi, каб абмылi нябожчыка.

Назаўтра бацька ў новым касцюме, у белай кашулi, пад гальштукам, ляжаў у труне. Цiкаўныя суседкi, што заходзiлi ў кватэру, кiвалi галовамi, казалi, што даўно не бачылi яго такога — чыстага ды прыбранага.

А мацi завiхалася i каля былой свякрухi — як-нiяк, родная бабка яе дзяцей. Завяла ў ванну, доўга мыла-шаравала, апранула ў прынесены з дому чысты халат, змянiла бялiзну на ложку.

Потым Валодзя бачыў, як мацi сядзела на кухнi, каля стала, пакрытага аблезлай цыратай i, здаецца, плакала.

Мацi сапраўды плакала, але не ад гора, што памёр былы муж, плакала ад крыўды. Пытала, чаму ўсё так выйшла — яна адна, пакiнутая, выгадавала дваiх сыноў. Вунь, як дубы. Валодзя — пад два метры, ужо на сваiм хлебе, зарабляе няблага. Вiця крыху нiжэйшы, але таксама мужчына, скора на ногi стане. Абодвух вывучыла. На платных... Змагла. А ён, былы муж, апусцiўся, перастаў быць чалавекам.

Яна мела поўнае права адмовiцца яго хаваць. Гэта ж каштавала...

Збiралi на машыну, Валодзя вельмi хацеў — цяпер жа i жук i жаба ўжо на калёсах.

Ад грошай тых хiба на кола адно засталося.

Яна ўзяла гэту ношу дзеля сыноў, каб сыны памяталi, што ў iх усё-такi быў бацька i вось яго магiла. Можа, некалi забудуць крыўду i прыйдуць да яго. Яна то не прыйдзе. Як не прыйшла цяпер тая шалахвостка, што разбiла сям’ю.

Бабка, адмытая, у чыстым халаце, сядзела ля труны. Не плакала, хоць хавала адзiнага сына. Твар у яе быў нейкi скамянелы i быццам раўнадушны.

...На клады праводзiлi ўтраiх — былая жонка i сыны. Больш нiхто не прыйшоў развiтацца. Значыць, сяброў не нажыў.

...На магiлах цяпер не ставяць чырвоных пiрамiдак. I яму не паставiлi. У галовах уваткнулi крыж.

Цяпер усе ставяць крыжы...



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зазванiў тэлефон. Валодзя падняў трубку. — Слухаю... Незнаёмы мужчынскi голас спытаў:
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика