З нашым атаманам не даводзiцца тужыць
У нашай краiне пражывае звыш 10 тысяч казакоў (з iх 4,5 тысячы нясуць службу, 1,5 тысячы — кадэты). Дзе шукаць каранi беларускага казацтва i ў чым яго асаблiвасцi, раскажа патомны казак, генерал казацтва Мiкалай Ярковiч, вярхоўны атаман грамадскага аб’яднання «Усебеларускае аб’яднанае казацтва»:
— Гiстарычна вядомымi дакументальна казакi Беларусi (Вялiкае княства Лiтоўскае) сталi з 1471 года. У 1489-м у час пераследу татар, якiя ўварвалiся ў княства, спераду лiтоўскага войска ішлi казакi, якiя цудоўна ведалi мясцовасць Пабужжа. Аднак датай нараджэння беларускага казацтва лiчыцца 22 лiпеня 1654 года, калi праваслаўны шляхцiч Канстанцiн Юр’евiч Паклонскi разам са сваiмi спадарожнiкамi прыбыў да цара: Аляксей Мiхайлавiч падарыў яму 40 сабалёў i 50 рублёў, а таксама чын палкоўнiка i дазволiў арганiзаваць беларускi казацкi полк, — распавядае Мiкалай Iванавiч. — Што ж датычыцца аднаўлення казацтва, то яно пачалося ў 90-я гады мiнулага стагоддзя ў Беларусi, Расii i ва Украiне. Працэс станаўлення быў доўгiм: да 1995 года ў нашай рэспублiцы было сем казацкiх грамадстваў, кожнае называлася па-свойму i мела свайго вярхоўнага атамана. Яны не супрацоўнiчалi адзiн з другiм i не выконвалi традыцыйных задач, таму ў 1996 годзе было прынята рашэнне аб правядзеннi з’езда казакоў Беларусi, пасля якога ўсе казакi былi аб’яднаны. У 1999-м казакi Беларусi, Расii i Украiны падпiсалi мiжнародны дагавор, таму калi ў нашу краiну пераязджаюць на пастаяннае жыхарства прадстаўнiкi замежных казацтваў, яны з’яўляюцца паўнапраўнымi казакамi Беларусi. — Паўнапраўным казаком з’яўляецца толькi патомны? — Казак, гаворачы аб сабе, са старых часоў падкрэслiваў трыяду: «Казаком трэба нарадзiцца! Казаком трэба стаць! Казаком трэба быць!» Казакамi з’яўляюцца ад нараджэння, калi былi казакi па лiнii бацькi цi мацi, а галоўнае, тыя, хто адчувае сябе казаком i жыве па прынцыпах казацтва, служыць усёй душой свайму народу. Можна трапiць у казацкае грамадства, калi два казакi напiшуць за цябе паручыцельства, што ты выхаваны, законапаслухмяны грамадзянiн i г.д. Яны нясуць поўную адказнасць за ўсе ўчынкi, якiя будзе рабiць кандыдат у казакi (кандыдацкi стаж працягваецца год). Пасля гэтага на казацкiм крузе цябе прымаюць у казакi i твае дзецi ўжо будуць лiчыцца казакамi. — Што значыць быць казаком? — Каб быць казаком сёння, недастаткова паходзiць з казачага роду цi раздзяляць iдэi казацтва. Казак — гэта той, хто знаходзiцца ў цэнтры грамадскай, палiтычнай i iдэалагiчнай барацьбы, умела абараняе Айчыну, хто жыве i працуе на карысць беларускага народа. Казак — гэта стан духу, вобраз мыслення i норма жыцця! Уступаючы ў любое казацкае грамадства, трэба прыглядзецца i падумаць, а ўступiўшы, патрэбна служыць усiм сэрцам. Любая служба тады будзе службай народу i Богу, дзеля чаго ты i з’явiўся на свет. Казакi ўдзельнiчаюць у падтрыманнi парадку ў грамадстве, у камплектаваннi тэрытарыяльных войскаў, дапрызыўнай падрыхтоўцы моладзi i г.д. У нас створаны спартыўна-казацкi клуб, дзе за тры гады мы падрыхтавалi больш за 30 чэмпiёнаў Беларусi па ўсходнiх адзiнаборствах. Кожны казак павiнен быць сапраўдным сем’янiнам, атрымаць вышэйшую адукацыю, выхаваць не менш за тры дзiцяцi (у вярхоўнага атамана iх тры, а ў яго бацькi было шасцёра. — Аўт.). Дарэчы, адказнасць за тое, што адбываецца ў сям’i, нясе мужчына. Калi сын казака ўчынiў злачынства цi яго жонка здрадзiла яму, будзе пакараны галава сямейства: на савеце атаманаў выносiцца рашэнне, вайсковы святар бласлаўляе i казака могуць публiчна высекчы. У нашай краiне таго, каб секлi, я не памятаю, а вось з казакоў разжалавалi i адлучалi ад пасады за дрэнныя ўчынкi членаў яго сям’i. — Калi прымаюць у казакi i ў чым заключаецца гэты рытуал? — У казакi прымаюць у акрузе, месцы, дзе чалавек пражывае. Час правядзення ўрачыстай цырымонii прысягi вызначаецца ў кожнай акрузе. Напрыклад, у Слуцку ў казакi прымаюць 3 лiпеня на тэрыторыi храма, у Мiнску — у той жа дзень на плошчы Перамогi i на востраве слёз. Аднак па традыцыi казацкiм днём i ў нас, i ў Расii лiчыцца 14 кастрычнiка, дзень казацкай славы. Той, хто прымае прысягу, абацяе казацтву быць дастойным казаком, верай i праўдай служыць сваёй Айчыне. Атаман выбiраецца адкрытым галасаваннем на крузе. Паўнапраўным жа атаманам ён становiцца пасля свайго абяцання казакам, якое абавязкова заканчваецца словамi: «З гэтага дня я ваш бацька, а вы мае дзецi». У кадэтаў свой рытуал: бацькi пiшуць прашэнне на iмя атамана акругi i пасля гэтага сына цi дачку прымаюць у кадэты. У час цырымонii, згодна з традыцыяй, кадэт абавязаны пацалаваць шашку (на фота). — З якога ўзросту можна стаць кадэтамi i ў чым заключаецца спецыфiка iх падрыхтоўкi? — Каб стаць кадэтам казацкага кадэцкага корпуса, казацкага ваенна-патрыятычнага цэнтра, казацкага класа «Усебеларускага аб’яднанага казацтва», трэба, каб бацькi падпiсалi прашэнне на iмя атамана з просьбай прыняць iх сына цi дачку ў кадэты. У кадэты прымаюцца юнакi i дзяўчаты ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў, якiя пражываюць на тэрыторыi Беларусi. У першую чаргу туды мы бяром дзяцей казакоў. Яны вывучаюць этыку, эстэтыку, праходзяць курс маладога байца, займаюцца рукапашным боем, усходнiмi адзiнаборствамi, фехтаваннем, вывучаюць азы верхавой язды i г.д. Кожны год традыцыйна на базе дзесяцi вайсковых часцей, а таксама на пагранзаставах мы арганiзуем казацкiя ваенна-патрыятычныя лагеры. Таксама ёсць мiжнародны лагер для кадэтаў Беларусi, Расii i Украiны. — У чым асаблiвасць формы беларускага казацтва? — У казакоў заўжды iснавала традыцыйная казацкая форма, якая заўжды адрознiвалася ад формы прадстаўнiкоў Узброеных Сiл — гэта сiнi колер мундзiра, каўнерык-стойка. У кожнага казацкага войска iснавала свая асаблiвасць: адрознiвалiся аколышак на фуражцы i лампас на штанах. Напрыклад, у кубанскага казацкага войска — чырвоны лампас, а ў беларускага — зялёны, бо нашы казакi ахоўвалi гранiцу, таму зялёны лампас перадаўся пагранiчнiкам, якiя перанялi ў казакоў iх службу. — Якiм чынам адбываецца рост у званнях? — Iснуе спецыяльнае палажэнне аб прысваеннi званняў. Самае нiзкае — казак (адпавядае радавому). Iснуе перыяд, за якi ён можа сябе праявiць, палепшыць сваё майстэрства ў стральбе, рукапашным баi i г.д. Тады казак становiцца наказным, гэта, як яфрэйтар. Спачатку iдзе, бы ва Узброеных Сiлах, сяржанцкi рост (мал. ураднiк, ураднiк, старшы ўраднiк). Каб атрымаць афiцэрскае званне, напрыклад, стаць харунжым, трэба прайсцi спецыяльныя курсы па ваеннай падрыхтоўцы i мець адну вышэйшую адукацыю. Пасля гэтага рост у званнях адбываецца згодна з выслугай. Праз тры гады ў казацтве становiшся сотнiкам, яшчэ праз два гады — пад’есаулам. Потым — есаул, вайсковы старшыня, палкоўнiк i генерал. Дарэчы, у Беларусi казацкае званне генерала мае толькi вярхоўны атаман. Справа ў тым, што ў 1997 годзе ў нас было шмат генералаў, якiя не мелi вышэйшай адукацыi i не адпавядалi свайму высокаму званню. Наколькi яму адпавядаю я? Маю дзве вышэйшыя адукацыi (юрыдычную i педагагiчную), з’яўляюся дзеючым акадэмiкам Пятроўскай акадэмii навук, з 1979 па 1986 год служыў ва Узброеных Сiлах Савецкага Саюза. Я патомны казак: прадзед ваяваў у чацвёртым чарнiгаўскiм кавалерыйскiм палку, дзед быў казаком, якi перайшоў на бок Чырвонай Армii i займаўся пошукам злачынцаў i аднаўленнем вёсак Магiлёўскай вобласцi пасля Грамадзянскай вайны, на жаль, у дваццатыя гады ён загiнуў ад варожай кулi; бабуля была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1937 годзе, немцы яе выгналi ў Германiю i спалiлi; бацька ваяваў у партызанскiм атрадзе ў Гомельскай вобласцi. Ёсць кнiга i аб бабулi, аб маiм бацьку — «Ад Дняпра да Буга». — Якiя запаведзi iснуюць у казацтве? — Гонар i добрае iмя для казака даражэйшыя за жыццё, казакi ўсе роўныя ў правах, па казаку судзяць аб усiм казацтве i народзе, трэба служыць народу, а не важакам, трымаць слова, паважаць старэйшых, жыць па звычаях сваiх продкаў, выратоўваць сябра, нават калi трэба загiнуць, быць працавiтым, берагчы сваю сям’ю i служыць ёй прыкладам. Гутарыла Ірына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нашай краiне пражывае звыш 10 тысяч казакоў (з iх 4,5 тысячы нясуць службу, 1,5 тысячы — кадэты). Дзе шукаць каранi беларускага казацтва i ў чым
|
|