СIЛА ЗЯМЛI, цi Як iншаземцу зарабiць грошы ў Беларусi
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Калi ад нас едуць на заробкi за мяжу, то гэта нiкога не здзiўляе. З’ява натуральная для ўсяго свету — людзi хочуць зарабiць грошы ў больш багатай краiне i вярнуцца дамоў. Але нямала фактаў, калi прыязджаюць i ў Беларусь з далёкага замежжа, каб рабiць тут свой бiзнэс i займаюць, здавалася б, самую праблемную нiшу — укладваюць грошы ў сельскую гаспадарку. I не памыляюцца.
Эмiл Енеў усё жыццё пражыў у Балгарыi, там нарадзiўся, вырас, жанiўся. Невядома, як бы склаўся яго лёс, калi б Эмiл не наведаў Беларусь. Маючы спецыяльнасць «механiзацыя сельскай гаспадаркi», ён найперш i звярнуў увагу на нашу вёску. Зямля ў Балгарыi ў прыватных руках, i там тыя гектары можна было б узяць у арэнду, але ўмовы прадастаўлення яе ў нашай краiне па некаторых пунктах аказалiся больш прывабнымi, i Енеў атрымаў у арэнду дзве адсталыя гаспадаркi ў Клецкiм раёне. На iх базе было створана замежнае вытворчае сельскагаспадарчае прыватнае ўнiтарнае прадпрыемства «Налiбокi—Нёман». Варта прызнаць, што, каб узяць усе праблемы былых сельгаскааператываў з даўгамi ў 1 мiльярд 700 мiльёнаў рублёў, трэба было мець смеласць. — Я прыехаў сюды працаваць i зарабляць грошы. Самае важнае — ведаць, як павiнна быць i як можна зрабiць. Я задаю сабе пытанне: «Чаму ў палякаў сабекошт мяса ўдвая меншы, чым у нас? Чаго ў беларусаў не хапае, каб нашу прадукцыю зрабiць канкурэнтаздольнай?» Нам неабходна зразумець, што вёска ўтрымлiвае горад i вясковец заслугоўвае лепшай долi. А жыццё ў вёсцы па ўсiх параметрах яшчэ саступае гораду, — заявiў Эмiл i гэтым неяк адразу выклiкаў прыхiльнасць да сябе. Усё прагматычна i ясна — не стаў пускацца ў шматслоўе.. Вёска Бабiчы — цэнтральная сядзiба «Налiбока». У вёсцы многа пустуючых хат i паваленых платоў, а каля праўлення на флагштоку трапечацца чырвоны сцяг. Нават неяк дзiўна бачыць сёння такое. Ва ўсякiм разе не ў кожнай гаспадарцы падымаюць сцяг у гонар чарговага перадавiка. Толькi як нi круцi, але сцягам не прыкрыеш паваленыя платы. — Кожны гаспадар павiнен каля свайго дома ставiць агароджу сам. Не разумею, чаму гэта абавязак дзяржавы? Чаму чалавек чакае, што сельсавет зробiць гэта? Думаю, што такога няма ў Еўропе, — выказаўся Енеў, i ўвогуле ён настроены на тое, каб з людзьмi былi добрыя адносiны, пабудаваныя на ўзаемаразуменнi. I калi Эмiл прыйшоў у Бабiчы, то адкрыта сказаў людзям, што яны будуць атрымлiваць столькi, колькi заробяць. — Я адразу заявiў, што прыйшоў сюды не людзей дурыць, а працаваць, — растлумачыў кiраўнiк гаспадаркi. — I чалавек хутка адчувае — што да чаго. Можа напачатку i думае схiтрыць, але жыццё ўсё ставiць на месца. I людзi не такiя ўжо i наiўныя, каб не разумець сiтуацыi. Важна з iмi знайсцi агульную мову. А калi сюды прынесцi мех грошай i пачаць раздаваць, то будзеш выглядаць ненармальным. Грошы трэба ўмець лiчыць i зарабляць. Дарэчы, у Балгарыi грошы ўжо ўмелi лiчыць, яшчэ калi будавалi сацыялiзм. Падчас маёй вучобы таксама пастаянна напамiналi:» Лiчыце грошы. Перад тым, як нешта зрабiць, падлiчыце, цi ёсць аддача». Вось у «Налiбоках» i лiчаць грошы. Тут усё пабудавана на разлiку i выгадзе. Напрыклад, за канцэнтраты неабходна заплацiць 80 мiльёнаў рублёў, а каровы, з’еўшы iх, дадуць малака на 20 мiльёнаў. Такое малако нiкому не патрэбнае — гэта калi глядзець на сiтуацыю па-гаспадарску. Праўда, у нашых сельгаскааператывах часта бывае, што найперш, дояць кароў, а затым разводзяць рукамi — малако нявыгаднае. Якiх паказчыкаў удалося дасягнуць балгарыну Эмiлу Еневу на клецкiх палетках за тры гады работы? Глядзiш на лiчбы i думаеш: «Чаму да 2003 года ў гаспадарках «Чырвоны партызан» i «Звонка» быў такi заняпад? I чаму раптам за тры гады сiтуацыя рэзка змянiлася да лепшага?» Вось выкладкi. Ураджайнасць збожжавых вырасла ўдвая: з 16 ц/га да 32 цэнтнераў, цукровых буракоў — таксама ў два разы. У 2003 годзе ад адной каровы было надоена ў сярэднiм 2388 кiлаграмаў малака, а ў 2006 годзе — ужо амаль 6 тысяч. I так па ўсiх паказчыках. Пагалоўе свiней вырасла з 906 галоў да 4762 i прыбаўляць у вазе яны сталi па 369 грамаў замест 161. I калi ў 2003 годзе дзяржаве было прададзена ўсяго 87 тон мяса, то летась — 304. Але гэта не ўсё. Як гаварылася вышэй, даўгi былых гаспадарак складалi 1 мiльярд 700 мiльёнаў рублёў. На сёння паўмiльярда ўжо выплачана i можна з упэўненасцю сказаць, што былыя гаспадаркi нiколi тых даўгоў не аддалi б. Даўгi вяртаюцца, i прадпрыемства «Налiбокi—Нёман» развiваецца. На запчасткi ў 2006 годзе было патрачана 500 мiльёнаў, а на будматэрыялы яшчэ 300 мiльёнаў i столькi ж на рознае абсталяванне. Раней свiнаркi атрымлiвалi па 60 тысяч, а сёння зарплата ў iх, як i ў даярак, вырасла да 600 тысяч у месяц (за тры гады ў дзесяць разоў) i стала самай высокай у Клецкiм раёне. I хоць свiнафермы былi разлiчаны на ўтрыманне толькi 3 тысяч галоў, Енеў хоча давесцi пагалоўе да 8 тысяч. Калi вясной цялушкi пойдуць на выган, iх месца зоймуць свiннi. А чаму мясцовыя, а не галандскiя каровы даюць такiя надоi? Ды вельмi проста, бо атрымлiваюць добрыя кармы i ўдосталь. Напрыклад, кукурузнага сiласу зроблены запас на два гады наперад. I тут нiчога новага няма. — Павiнен быць запушчаны эканамiчны механiзм, — кажа Эмiл Енеў, — зямля ў нас нiзкай бальнасцi, але сiла зямлi найперш у яе прыцягальнасцi i жаданнi працаваць на ёй, укладваць у зямлю грошы, уменне i розум. I як нi дзiўна, у адрозненне ад некаторых нашых фермераў, Енеў не скардзiцца. Асаблiва на ўмовы. — Ёсць сiстэма i пры ёй неабходна жыць i працаваць, — кажа ён. Безумоўна, кiраўнiка не задавальняюць цэны, калi кошт тых жа запчастак вырас непараўнальна з цэнамi на сельгаспрадукцыю. Але гэта рэальнасць i ад яе не адмахнуцца. Неабходна весцi барацьбу за рынак збыту, бо калi згубiць яго, то вярнуць будзе вельмi цяжка цi ўвогуле немагчыма. — Усе гэтыя паказчыкi — добра, але галоўнае — людзi, — кажа Эмiл. — I нават часам даводзiцца iм плацiць больш, чым яны зарабiлi. Але, калi да чалавека нармальна ставiцца, то i ён да цябе будзе таксама. Калi работнiку плацiцца прыстойная зарплата, то з яго можна i патрабаваць. Некалькi месяцаў таму гаспадарка пачала даваць прыбытак, а да гэтага ў яе ўкладвалiся грошы. Леташнi мiльярд з лiшкам прыбытку iдзе ў справу — грошы ў вытворчасцi. Сям’я Эмiла Енева жыве з iм i ўжо адаптавалася ў Беларусi. Трынаццацiгадовая дачка Ацiна нават удзельнiчала ў алiмпiядзе па беларускай мове. Я пацiкавiўся ў Енева, цi надоўга ён затрымаецца ў Бабiчах? — Уцячы адсюль немагчыма, бо ты ўжо прывязаны фiзiчна да гэтай гаспадаркi. Тут не толькi твае грошы, але i частка жыцця, — адказаў балгарын. * * * На выездзе з вёскi зайшлi ў мясцовы магазiн i пагаварылi з людзьмi. Некалькi жанчын стаялi каля прылаўка i, даведаўшыся, што мы сустракалiся з Еневым, пачалi скардзiцца на яго. Вось падчас жнiва механiзатары атрымалi па семсот кiлаграмаў збожжа, а некаму са спецыялiстаў, з праўлення, быццам далi паўтары тоны. А гэта несправядлiва, ды i ўвогуле, чужы чалавек не будзе дужа клапацiцца аб мясцовых людзях. Што тут сказаць? Зарплату на ўзроўнi даярак i свiнарак атрымлiваюць не ўсе работнiкi гаспадаркi, а менавiта такая сiтуацыя не зусiм даспадобы суразмоўцам. I тут я прывяду словы, якiя на развiтанне сказаў Эмiл Енеў: — Я раблю сваю справу i на ўсе размовы не звяртаю ўвагi. Калi чалавек ведае, чаго ён хоча i як гэтага дасягнуць, то тут дадаць няма чаго. Клецкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi ад нас едуць на заробкi за мяжу, то гэта нiкога не здзiўляе. З’ява натуральная для ўсяго свету — людзi хочуць зарабiць грошы ў больш багатай к
|
|