Янка ходзiць да Тэрэсы, Бо адны ў iх iнтарэсы...Конкурс прыпевак Ведаеце, хто ў горадзе першы прасынаецца ў выхадныя днi? Пакуль астатнiя спяць, гаспадары сабак сустракаюцца ў пэўных мясцiнах, вiтаюцца, абменьваюцца сваiмi асаблiвымi навiнамi: «Ведаеце, што Джэсiка знайшлася?», «А ў Веты нарадзiлiся шчаняты!». Потым з пад’ездаў выходзяць i мiма пустых яшчэ двароў хуценька крочаць у часовы храм жанчынкi ў хустачках. Але нi тыя, нi другiя не першыя. Бо на стадыёнах, пад навесамi фруктовых латкоў ужо стаяць па трое, па пяцёра тыя, каму, пэўна, зусiм не спiцца, у каго асаблiвы клопат i асаблiвая служба. Ля iх ног таксама круцяцца сабакi — самыя верныя, i, магчыма, апошнiя блiзкiя iстоты. Не за бутэльку. У пасёлку маёй мацi памёр адзiн такi. Кажуць, калiсьцi быў прыгажун, разумнiк, цудоўна спяваў. Яго хапiла на няпоўны год пасля мацi-пенсiянеркi. Мацi ўсё старалася запасцi для яго хоць якую ежу: поўны падвал быў нейкiх закрутак. Але ўсе яны пайшлi за тыдзень. I што ён еў у астатнi час? Сабака застаўся. Усё шукаў. Калi суседзi далi мяса, закапаў на магiле. Суседзi, гледзячы на сабаку, плакалi. Бо страшна, калi чалавека, якi меў брата, жонку i дваiх дзяцей, хавалi чужыя людзi. Калi сабаку шкадавалi больш за гаспадара.Дзесяцiгадовая дачка неяк спытала: «I чаму яны п’юць? Няўжо так падабаецца?» I, шчыра кажучы, я не ведала, што адказаць. Напэўна ж падабаецца. Спачатку не вельмi, потым болей. А потым, кажуць, ужо хiмiчныя працэсы адбываюцца. Незваротныя. Цi амаль. Iнакш, цi склалiся б такiя горка-iранiчныя i проста горкiя прыпеўкi? Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Лiдзiя ФАРБОТКА, в. Пруды Стаўбцоўскага раёна: Мой мiленькi перапiў, Чарку лiшнюю хапiў. Ноччу мiламу не спiцца: «Не магу вадой напiцца!». У Антона агрэгат — Самагонны апарат. Задрамаў ля агрэгата — I за ноч згарэла хата. Тыдзень цэлы ад зарплаты Ясь вадзiў мяне дахаты. Прапiлi усю зарплату. Дык забыўся i на хату. Цiт тры днi не пiў, не еў — Эканомiў сродкi. Усе грошы ён аддаў За бутэльку «Водки». Дзе узяць зiмою кветку Вiншаваць сваю кабетку? Прынясу ёй «Два буслы» — Будзем разам, як аслы. У сваты прыехаў Янка I спытаў: «Цi любiш чарку?» Ну а я яму ў адказ: «Трапiў ты сюды якраз». Ой, гарэлка, ты гарэлка! Што з табою мне рабiць? Цi ў балота цябе вылiць, Мо цяпер садзiцца пiць? Глафiра МАЛЕВIЧ, в. Старына Мядзельскага раёна: У сяле жыве Агата, У яе дзяцей багата. Ды ад п’янага дурману Ёй сям’я «па барабану». Янка ходзiць да Тэрэсы, Бо адны ў iх iнтарэсы: Дзе пазычыць, што загнаць, На бутэльку каб сабраць. Пiць гарэлку на сяле Стала дужа модна. Кажуць, нацыя ў бядзе, — Цалкам верагодна. Загарэўся позна ноччу У суседа аганёк. Пэўна, гонiць самагонку — Бражны йдзе з трубы дымок. Наталля КАПУСТА, в. Урублеўшчына Валожынскага раёна: Ёсць у нас малы Хвядос, У яго пляскаты нос. Як «укiне за каўнер» — Носам вырые кар’ер. Бацька з сынам дзеляць чаркi: «Вып’ем згодна, каб без сваркi». «Татка, — кажа сын старому, — Будзь у прыклад маладому». Пяцiкласнiк Сашка-малы — Дэгустатар вельмi ўдалы: — Лепш «сiвуха» ў цёткi Манi, Чым «Максiмка» ў дзядзi Ванi. — Калi вып’еш ты, Алесь, Да мяне тады не лезь! З нецвярозым абдымацца, Што з падсвiнкам мiлавацца. Вацлава АБРАМЧЫК, в. Тальмiновiчы Ляхавiцкага раёна: Самагонку баба гнала — Грошы сыну зарабляла. Толькi шчасця сын не мае — Усё да нiткi прапiвае. Калi хочаш быць здаровым. Кiнь гарэлку ўжываць. Вернеш працу, жонку, гонар, Дзетак станеш гадаваць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ведаеце, хто ў горадзе першы прасынаецца ў выхадныя днi? Пакуль астатнiя спяць, гаспадары сабак сустракаюцца ў пэўных мясцiнах, вiтаюцца, абменьваюцца
|
|