Румыны спяюць «усiм светам»
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
«Еўрабачанне-2007» Назву праекта, якi прадставiць сёлета на еўрасцэне Румынiю, прыкладна так i можна перакласцi — «Увесь свет». Адно слова ўзялi з iтальянскай мовы, адно з iспанскай. Атрымалася «Todomondo». Гэта шасцёра абаяльных мужчын, якiя аб’ядналiся ў 2007 годзе ў адзiн творчы рух адмыслова для ўдзелу ў конкурсе.Мультылiнгвiстычная песня «Liubi, liubi, I love you» прыйшла ў галаву кампазiтару — Багдану Таскау, вядомаму таксама як Мiстар М. Спачатку кампазiцыя была разлiчана на двух чалавек, але потым склад выканаўцаў пашырыўся. У вынiку Багдан выконвае куплет на iспанскай мове, аўтары слоў Камара Гедзi i Улад Крэцу спяваюць па-французску i па-англiйску адпаведна, ураджэнец Украiны Валерыу Раеляну спявае куплет на рускай мове, Чыра дэ Лука — на iтальянскай, Андрэй Стэфанэску — на румынскай. «Калi аднаму цяжка пазнаёмiцца з дзяўчынай, то ўшасцёх яе лягчэй пераканаць», — жартуюць на гэты конт артысты. Удзельнiкi праекта нават далi адзiн аднаму жартаўлiвыя мянушкi — у залежнасцi ад таго, хто на якой мове спявае. Адметна, што практычна ўсе выканаўцы паасобку — сталыя i прафесiйныя музыканты. Скажам, Камара i Андрэй стварылi дуэт «Alb Negru» i паспелi запiсаць альбом, iтальянец Чыра дэ Лука сольна выпусцiў ажно тры пласцiнкi, Улад Крэцу — удзельнiк адразу двух гуртоў, Богдан Таскау — кампазiтар, менеджар i прадзюсар. Што да песнi — з самой назвы вынiкае, што спяваюць пра каханне. «Мы хацелi даказаць, што для кахання не iснуе межаў — нi моўных, нi рэлiгiйных (частка з нас праваслаўныя, частка — католiкi), нi расавых — нiякiх!» — так прадстаўляюць сваю пазiтыўную кампазiцыю выканаўцы. Iх, дарэчы, па стылю ўжо многiя параўноўваюць з беларускiм гуртом «The Project» — а самiм артыстам падабаецца музычны накiрунак Украiны ў асобе Веркi Сярдзючкi. Што да Калдуна, то з iм румынскiя прадстаўнiкi пазнаёмiлiся падчас выступлення на Кiпры i апiсалi свае ўражаннi ад песнi коратка: «Калi Калдуну ёсць што сказаць гледачам, калi ён у сабе ўпэўнены — чакаем яго ў фiнале!». У Беларусi ж артыстаў уразiлi... прыгожыя дзяўчаты (у тым лiку журналiсткi), дарогi (у адрозненне ад Бухарэста, шырокiя i вольныя ад «пробак») i ўтульны стары горад. Менавiта ў такiм парадку. — Праект створаны спецыяльна для «Еўрабачання». Атрымлiваецца, пасля конкурсу ён перастане iснаваць? — спыталiся мы. — Нi ў якiм выпадку! — паабяцаў рускамоўны ўдзельнiк гурта i прафесiйны перакладчык Валерыу Раеляну. — Нам падабаецца iграць разам, мы рэпецiруем кожную вольную хвiлiнку, плануем запiсаць альбом, у якi трапяць песнi на розных мовах. Ёсць нават некалькi прапаноў ад замежных гуказапiсных кампанiй, якiя зацiкавiлiся нашай музыкай. У далейшых планах «Todomondo» — вiзiты ў Турцыю, Грэцыю i Мальту. А нам з вамi, шаноўныя тэлегледачы, на працягу красавiка абяцаецца знаёмства — жыўцом або хоць бы ў клiпах — з усiмi без выключэння ўдзельнiкамi сёлетняга «Еўрабачання».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Назву праекта, якi прадставiць сёлета на еўрасцэне Румынiю, прыкладна так i можна перакласцi — «Увесь свет». Адно слова ўзялi з iтальянскай мовы, адно
|
|