Здольнасцi ёсць — перашкод не будзе?АДКРЫТЫ ФОРУМ Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 21 «Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва» чакалi доўга. Яго падпiсанню папярэднiчалi гарачыя абмеркаваннi i спрэчкi, якiя не спынiлiся i пасля выхаду азначанага дакумента. Хтосьцi не знаходзiў ва Указе таго, што чакаў, хтосьцi не разумеў, як на практыцы рэалiзаваць яго палажэннi. Аднак прайшло зусiм няшмат часу, i мясцовыя ўлады ад размоў пачалi пераходзiць да канкрэтных спраў. З якiмi цяжкасцямi на шляху рэалiзацыi Указа сутыкнулiся старшынi Саветаў дэпутатаў пярвiчнага звяна, яны расказваюць самi.Любоў ТУРЫНА, старшыня Сiдаравiцкага сельскага Савета дэпутатаў Магiлёўскага раёна: — Першае, пра што трэба сказаць, гаворачы пра Указ, гэта пра змяненнi ў фармiраваннi бюджэту. У прыватнасцi, цяпер адзiн працэнт ад даходнай часткi бюджэту сельвыканкама будзе адлiчацца ў рэзервовы фонд для паляпшэння жыццезабеспячэння насельнiцтва. Раней ён фармiраваўся толькi на ўзроўнi раёна. Даходы нашага сельвыканкама невялiкiя, у асноўным гэта мясцовыя падаткi (на зямлю, на нерухомасць). Адзiн працэнт ад усёй сумы складае 191 тысячу рублёў. Гэтыя грошы пойдуць на аказанне дапамогi адзiнокiм састарэлым, няўдалым сем’ям i г.д. У перспектыве мы чакаем, што пэўны даход будзем атрымлiваць i ад пустуючых дамоў, што таксама прапiсана ва Указе. Шкада, што сёння ў нас у штаце ўсяго 2,5 стаўкi: старшыня, сакратар i 0,5 стаўкi ў начальнiка ўлiковага стала. Стаўку рахункавода-касiра, якi займаўся зборам падаткаў, у нас скарацiлi. А вы ж разумееце, мала падаткi сабраць — трэба ж яшчэ правiльна скласцi справаздачу ў падатковую iнспекцыю. Цяпер мы з сакратаром самi збiраем мясцовыя падаткi: ходзiм па вечарах, пасля працоўнага дня, па выхадных. Асобна людзей на гэта ў нас няма. Шмат пытанняў i праблем узнiкае па землеўпарадкаванню — а землеўпарадчык з’яўляецца ў нас толькi раз на тыдзень. Што можна пры такiм падыходзе вырашыць? Гэты момант нас вельмi не задавальняе. Ва Указе, на жаль, не прапiсаны дакладныя лiчбы па штатах сельвыканкамаў. Адзiная палёгка: сёлета пайшлi нам насустрач — далi сезоннага рабочага па навядзенню парадку. Гэта датычыцца ўсiх сельсаветаў раёна: буйныя Саветы атрымалi двух работнiкаў, а невялiкiя, кшталту нашага (2 тысячы чалавек, 8 вёсак), — аднаго. Работа па перадачы дарог у нас праведзена, праўда, пакуль на паперы. Рэвiзiю мы завяршылi, дакументы перадалi камунальным службам раёна. А яны ў сваю чаргу будуць здзяйсняць перадачу дарог на баланс ДРБУ. Я выбiраюся старшынёй з 95-га года. I адзначу, што з выхадам Указа аб’ём працы ў нас павялiчыўся, аднак больш стала i паўнамоцтваў. Павысiўся наш аўтарытэт. Алена ГНЯДЗЬКО, старшыня Ананiцкага сельскага Савета дэпутатаў Мiнскай вобласцi: — Ужо толькi за тое, што ўсе дарогi будуць перададзены на баланс спецыялiзаваных арганiзацый, трэба сказаць дзякуй распрацоўшчыкам Указа. Сёння 40 працэнтаў нашых сельсаветаўскiх дарог (прасёлкавыя i ўнутрывясковыя) — нiчыйныя, дакументацыi на iх няма. Да 93-га года ўсе дарогi былi калгаснымi, у 93-м землi населеных пунктаў перадалi сельскiм Саветам разам з дарогамi, але асобнай дакументацыi на iх не было. Спадзяюся, што нам дапамогуць перадаць дарогi на баланс спецарганiзацый па спрошчанай схеме, бо грошай на афармленне дакументацыi ў Савета няма. Калi я прыйшла працаваць у Савет 10 гадоў таму, у штаце сельвыканкама было 5 чалавек, цяпер — 2,5 стаўкi. Сёння сакратар выконвае функцыi i пашпартысткi, i ваенкамата, i шмат каго яшчэ. Для таго, каб усё прапiсанае ва Указе рэалiзаваць, трэба дакладна размеркаваць функцыi старшынi Савета, а яны не зусiм дакладна прапiсаны, як i размежаваннi базавага i пярвiчнага ўзроўню (я маю на ўвазе адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльныя адзiнкi). Возьмем сацыяльную сферу, напрыклад, абследаванне шматдзетных сем’яў. Гэта павiнны рабiць школа, выканкам, а таксама цэнтр даверу, i кожная структура абавязана захоўваць адны i тыя ж акты. Навошта? Калi мне спатрэбiцца iнфармацыя, я як прадстаўнiк улады магу яе запытаць у школе, у цэнтры даверу. Думаю, многiя моманты ва Указе можна было больш канкрэтызаваць. Аляксандр ШЫКАЛАЙ, старшыня Мотальскага сельскага Савета дэпутатаў Iванаўскага раёна Брэсцкай вобласцi: — Я старшынёй абраны першы год, раней працаваў аграномам, аднак Указ, безумоўна, чытаў. Асабiста мяне парадаваў артыкул аб перадачы сiстэм водазабеспячэння, дарог i iншых аб’ектаў нерухомай уласнасцi спецыялiзаваным арганiзацыям. Справа ў тым, што ў нас да апошняга часу шмат праблем было з абслугоўваннем 3 палiгонаў цвёрдых бытавых адходаў, якiя лiчылiся на балансе сельвыканкама (тэхнiкi сваёй па вывазу смецця ў нас няма). Радуе тое, што хутка з нашых плячэй гэты цяжар здымуць — мы перадаём палiгоны на баланс мясцовай ЖКГ. Дашкольныя ўстановы перададзены. Хутка тое ж зробiм з двума Дамамi культуры, тады ў нас застанецца менавiта праца з насельнiцтвам. Працягласць дарог толькi па вёсцы Моталь складае 39 км (30 вулiц i 30 завулкаў), з iх 15 км знаходзяцца на абслугоўваннi ДРБУ-139, астатнiя — нiчыйныя. Зараз неабходна правесцi поўную iнвентарызацыю ўсiх дарог, а на гэта патрэбны сродкi. Безумоўна, пакуль пытанне застаецца адкрытым, сельсавет, канешне, робiць грэйдзiраванне i падсыпку дарог. Аднак боты павiнен усё ж такi шыць шавец. Справа яшчэ i ў тым, што на падтрыманне дарог у добрым стане, на абслугоўванне палiгонаў i г.д. сродкаў у бюджэт не закладзена. На добраўпарадкаванне на гэты год нам выдаткавана 12 млн, але гэта грошы на вулiчнае асвятленне. Што датычыцца новых крынiц паступлення ў бюджэт сельвыканкама, прапiсаных ва Указе, я для сябе адзначыў экатурызм. У нас на тэрыторыi будуецца сядзiба «Хата рыбака». Гэта будзе цэлы комплекс адпачынку з рэстаранам на Ясельдзе, адмiнiстрацыйным будынкам, 6 хатамi для гасцей i iнш. Задумка цiкавая, аднак у прадпрымальнiка, якi гэтым займаецца, пакуль не стае сродкаў для завяршэння работ. А рэальна мы сёння папаўняем бюджэт за кошт збору малака ад насельнiцтва, гэта сапраўды прыносiць адчувальны рэальны прыбытак. Алена УРБАН, старшыня Сар’янскага сельскага Савета дэпутатаў Верхнядзвiнскага раёна Вiцебскай вобласцi: — З прыняццем Указа змянiлася стаўленне кiраўнiкоў мясцовых СВК, структур i арганiзацый да старшынь сельскiх Саветаў. Я 15 гадоў старшыня. Менавiта ў маiм сельсавеце такiх праблем i раней не было (мы заўсёды знаходзiлi паразуменне з мясцовымi кiраўнiкамi), аднак па раёну ў цэлым адзначу: да старшынь сталi прыслухоўвацца больш. Ва Указе пералiчаны шэраг крынiц, з якiх сельвыканкамы могуць папаўняць бюджэт. Для нашага сельсавета перспектыўным накiрункам я назаву агратурызм. У нас вельмi прыгожыя краявiды, ёсць зацiкаўленыя прадпрымальнiкi. Анатоль ПЕТРУШЭНЯ, старшыня Цярукскага сельскага Савета дэпутатаў Гомельскага раёна: — Для таго, каб сельвыканкам працаваў як належыць, яму патрэбны рэальны бюджэт. Свой, сфармiраваны ў сельсавеце, а не размеркаваны з раёна. Дэпутаты сельскага Савета вызначаюць на год пералiк канкрэтных спраў i дзеянняў па вырашэнню пытанняў жыццезабеспячэння людзей. I чым большая сума ёсць у iх бюджэце, тым больш яны змогуць зрабiць карыснага. Даходы ад здачы ў арэнду маёмасцi i зямельных участкаў, ад рэалiзацыi безгаспадарчай маёмасцi, дзяржпошлiна за натарыяльныя дзеяннi, збор з нарыхтоўшчыкаў сельгаспрадукцыi i iншыя агавораныя ва Указе моманты дазволяць рэальна павялiчыць памер паступленняў у бюджэт пярвiчнага звяна. У нас, напрыклад, з’явiцца магчымасць паставiць вакол могiлак не драўляную, а прыгожую бетонную агароджу, адрамантаваць калодзежы, агароджу на падворках iнвалiдаў i адзiнокiх састарэлых, спiлаваць аварыйныя дрэвы, карацей кажучы, пусцiць сродкi на добраўпарадкаванне. Добра, што ў старшынi з’явiлiся канкрэтныя правы, павысiўся аўтарытэт: цяпер з iм трэба ўзгадняць кандыдатуры кiраўнiкоў мясцовых прадпрыемстваў i арганiзацый. Пра неабходнасць пераводу старшынь сельвыканкамаў на кантракт я гаварыў даўно. Гэта такая ж праца, як i любая iншая. Нейкiх перашкод на шляху рэалiзацыi палажэнняў Указа я не бачу, усё залежыць ад уменняў i здольнасцяў кожнага старшынi. Гутарыла Iнга МIНДАЛЁВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 21 «Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насель
|
|